Каму аддаць Русь (Літоўскую)?
Спадчына ВКЛ настолькі багатая і шматгранная, што можа быць рэактуалізаванай і інтэрпрэтаванай адразу некалькімі народамі нашага рэгіёну Еўропы. Аднак... Яскравы прыклад выкарыстання сімвалічнага капіталу ВКЛ есць LITPOLUKRBRIG — асобная шматнацыянальная брыгада,
утвораная з вайсковых адзінак Літвы, Польшчы і Украіны.
Сучасныя беларусы і ўкраінцы знаходзяць у гісторыі ВКЛ крыніцы натхнення і шукаюць павучальныя сюжэты. Польская гістарыяграфія ўспрымае Вялікае Княства XVI—XVIII стагоддзяў як яшчэ адну польскую дзяржаву, разам з Каронай і Мазоўшай. Большая частка літоўцаў ставіць знак роўнасці паміж ВКЛ і сучаснай Літвой. Рэгіянальныя катаклізмы апошняга дзесяцігоддзя абудзілі новую цікавасць да супольнай гісторыі, але зрабілі сумесную працу на грунце спадчыны больш лакалізаванай і палітызаванай.
Брыгада імя князя Астрожскага
Адным з яскравых прыкладаў выкарыстання сімвалічнага капіталу спадчыны ВКЛ можа быць LITPOLUKRBRIG — асобная шматнацыянальная брыгада, утвораная з вайсковых адзінак Літвы, Польшчы і Украіны. Ідэя яе стварэння была агучана яшчэ ў 2007 годзе. Але першыя практычныя крокі былі зробленыя 17 лістапада 2009 года, калі на трохбаковай кансультатыўнай нарадзе было аформлена рашэнне пра стварэнне трохпалкавой міжнароднай брыгады з мэтай удзелу ў міратворчых акцыях ААН, ЕС і NATO. Быў абраны наступны прынцып дыслакацыі падраздзяленняў: кожная «нацыянальная» адзінка базуецца на сваёй тэрыторыі, але ў Любліне, месцы абвяшчэння Люблінскай уніі, знаходзіцца штаб аб’яднанай брыгады. Такі штаб сапраўды быў створаны, але фарміраванне брыгады прыпынілася.
Расійска-ўкраінскі палітычны і ваенны канфлікт прывёў да рэзкага ўзрастання тэмпаў арганізацыйнай працы. Цягам 2014 года адбылося падпісанне ўсіх базавых дакументаў і міжнародных дамоваў, а на працягу 2015-га працэдуры ратыфікацыі былі праведзеныя ва ўсіх трох краінах. Ініцыятыва была абвешчаная як частка плану падтрымкі Украіны, прынятага на саміце NATO ў Ньюпарты (Уэльс) 4–5 верасня 2014 года. На сёння аб’яднаная брыгада налічвае 4500 вайскоўцаў, з якіх 3500 рэпрэзентуюць Польшчу, 560 — Украіну, 350 — Літву. Асноўныя баявыя часткі: літоўскі батальён уланаў імя Вялікай княгіні Біруты, батальёны і дывізіёны польскай 21-й брыгады Падгалянскіх стральцоў, украінскі батальён 80-й дэсантна-штурмавой брыгады. Украінскі кампанент брыгады падрыхтаваны паводле стандартаў NATO і размешчаны ў Львове. 20 верасня 2018 года камандаванне брыгадай на чарговыя 3 гады ад польскага брыгаднага генерала Зянона Бжушка пераняў украінскі афіцэр палкоўнік Дмытро Брацішка, які паходзіць з Данецку.
На гэтым сімвалічны шэраг не заканчваецца. Ад 5 кастрычніка 2017 года аб’яднаная брыгада мае афіцыйнага патрона ў асобе найвышэйшага гетмана ВКЛ князя Канстанціна Астрожскага. У траўні 2016-га падчас абмеркавання гэтай ініцыятывы на сумесным пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі Вярхоўнай Рады Украіны, Сейму Літоўскай Рэспублікі, Сейму і Сенату Польшчы, спікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій заявіў: «Хачу нагадаць, што, уласна, аб’яднаная ўкраінска-польска-літоўская армія пад кіраўніцтвам князя Астрожскага 8 верасня 1514 года разбіла маскоўскае войска пад Воршай. Гэта добрая сімвалічная прыгадка для нас, якая сведчыць пра тое, што калі мы стаялі плячо ў плячо, мы супольна спынялі агрэсара». Інфармацыя пра патрона маецца і на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы брыгады, дзе пра князя Астрожскага пішацца, што ён «быў і застаецца сімвалам еднасці народаў Літвы, Польшчы і Украіны». А ў англамоўнай версіі старонкі імя князя транслітэруецца з украінскага напісання: Kostiantyn Ostrogski.
Надмагілле князя Астрожскага
На гэтым функцыі Канстанціна Астрожскага ва ўкраінска-польска-літоўскім яднанні не заканчваюцца. І гэтым разам сімвалічную функцыю пераймае надмагілле князя.
Князь Канстанцін пайшоў з жыцця 11 верасня 1530 года ў Тураве. Гэты старажытны княжацкі цэнтр, як спадчыннае ўладанне Глінскіх, быў перададзены Астрожскаму манархам у 1508 годзе пасля паразы паўстання Міхаіла Глінскага і ўцёкаў апошняга ў Маскву. Паводле тастаменту Канстанціна Астрожскага, яго цела было перавезена ў Кіеў і 24 верасня 1530 года пахаванае ўдавой князя Аляксандрай Сямёнаўнай Слуцкай з князёў Слуцкіх у Пячорскім манастыры — у галоўным саборным храме Успенскай царквы («Вялікай царкве»).
Ужо сын князя Астрожскага Васіль-Канстанцін 7 жніўня 1579 года ўсталяваў у царкве надмагілле свайму бацьку. Гэты ўзор пластыкі быў выкананы ў манеры італьянскага Адраджэння, але мусіў сімвалізаваць сармацкую канцэпцыю з яго этычным ідэалам рыцара-ваяра і добрага сельскага гаспадара-стоіка. Архідыякан Антыахійскай Праваслаўнай царквы Павел Алепскі, які ў складзе пасольства патрыярха Антыахійскага Макарыя праехаў праз усю Усходнюю Еўропу, у чэрвені 1654 года наведаў Кіева-Пячорскую лаўру.
Свае ўражанні ад надмагілля гетмана ВКЛ сірыйскі клірык пакінуў у сваіх падарожных нататках: «На... гэтай арцы маюцца абрысы даўгаватага стала, на якім спіць чалавек з барадою, у жалезных даспехах; ён выраблены з цвёрдага чырвонага каменю, падобнага на парфір, і нічым не адрозніваецца ад поўнай чалавечай фігуры. Ён ляжыць, абапёршыся на локаць, падклаўшы руку пад галаву; адно калена яго ўскладзена на другое; на галаве пазалочаная карона, на грудзях — пазалочаныя ланцужкі. Гэты твор уражвае здзіўленыя розумы».
Пасля пажару 1718 года і значнага пашкоджання манумент страціў рэнесансны дэкор і пасля рэканструкцыі 1722–1729 гадоў атрымаў новыя барочныя шаты. Першыя фотаздымкі надмагілля ў канцы ХІХ стагоддзя пакінулі нам той вобраз надмагілля, які, з рознымі культурнымі напластаваннямі стаў класічным для зацікаўленай публікі. Менавіта ў эпітафіі на надмагіллі князь Астрожскі быў названы «Сцыпіёнам рускім».
Гісторыя існавання аўтэнтычнага нагробка абрываецца ў час Другой сусветнай вайны — 3 лістапада 1941 года Успенскі сабор Кіева-Пячэрскай лаўры быў узарваны. І па сёння не да канца зразумелыя абставіны гэтага. Многія публіцысты звяртаюць увагу, што падрыў Успенскага сабору адбыўся ў дзень наведвання Лаўры Ёзэфам Ціса, прэзідэнтам Славаччыны — тагачаснай дзяржавы-сатэліта нацысцкай Нямеччыны. У такім разе гэтая акцыя цалкам укладаецца ў логіку савецкай дыверсійнай дзейнасці, і пра гэта заяўляла нямецкая акупацыйная адміністрацыя.
Але скептыкі звяртаюць увагу, што Ціса і яго світа пакінулі Лаўру ў 13.30, а магутны выбух адбыўся ў 14.30. Апроч таго, у 1995 годзе ў прыватнай калекцыі ў нямецкім Обергаўзене была знойдзена серыя фотаздымкаў, зробленых нямецкім афіцэрам 3 лістапада 1941 года. На гэтых здымках прадстаўлена сітуацыя перад выбухам, сам выбух і тое, што засталося пасля яго, — то-бок, нямецкая акупацыйная адміністрацыя рыхтавалася да падрыву Успенскага сабору.
Апошнім жа часам сярод даследчыкаў набірае папулярнасць версія, што нямецкія сапёры падарвалі выбуховыя прыстасаванні, таемна закладзеныя ў Лаўры ў жніўні-верасні 1941 года мінёрамі 11-га ўзводу лейтэнанта Міхаіла Татарскага, які ў сваіх успамінах пацвердзіў гэты факт. Нямецкія сапёры здолелі абясшкодзіць частку зарадаў, але знойдзеныя пад Успенскім саборам прыстасаванні немагчыма было бяспечна выняць па тэхнічных абставінах. Баючыся дэтанацыі, немцы абясшкодзілі міны іншым сродкам — падарвалі іх. Перад выбухам нямецкія жаўнеры ўзялі ў кола тэрыторыю вакол Лаўры. Дакументальна зафіксаваныя факты разрабавання нямецкай адміністрацыяй кіеўскай святыні — Лаўры.
Як бы тое ні было, але Успенскі сабор, некропаль кіеўскіх князёў, пераўтварыўся ў руіны.
Пасля Другой сусветнай вайны пачалося археалагічнае вывучэнне рэшткаў Успенскага сабору, якія ў 1971 годзе былі закансерваваныя і прадстаўленыя да экспанавання. А ў снежні 1995-га прэзідэнт Кучма падпісаў указ пра аднаўленне сабору. У жніўні 2000 года Успенскі сабор быў зноў асвечаны. Тады ж паўстала пытанне інтэр’ераў адноўленай святыні.
Падчас актыўнай стадыі расійска-ўкраінскага канфлікту ў 2014-м пасол Літоўскай Рэспублікі ва Украіне Пятрас Вайтэкунас выступіў з прапановаю аднаўлення ва Успенскім саборы надмагілля гетману Астрожскаму. Пераемнік Вайтэкунаса на пасадзе амбасадара Марус Януконіс таксама падтрымаў гэтую ініцыятыву. Ужо ў кастрычніку 2015-га ў Нацыянальным Кіева-Пячорскім гісторыка-культурным запаведніку грамадскасці быў прадстаўлены макет надмагілля ў маштабе 1:15, сфармаваны і аўтарскі калектыў у складзе ўкраінскіх скульптараў Алеся Сідарука і Барыса Крылова, а таксама літоўскага скульптара Арунаса Сакалаўскаса. І ўжо праз год была падрыхтаваная мадэль надмагілля ў маштабе 1:5, якая была вырабленая дзякуючы падтрымцы літоўскага прадпрымальніка і мецэната Робертаса Габуласа, што мае ва Украіне ўласны бізнес.
Адмыслова дзеля рэалізацыі праекту рэканструкцыі надмагілля гетмана ВКЛ Габуласам быў створаны дабрачынны фонд «Карона князёў Астрожскіх». Аднаўленне мемарыяльнага помніка Канстанціна Астрожскага таксама атрымала падтрымку Міжпарламенцкай асамблеі парламентаў Украіны, Літоўскай Рэспублікі і Польшчы, якая ў траўні 2016-га звярнулася да ўрадаў сваіх краінаў з заклікам аказання максімальнага спрыяння ў рэалізацыі гэтага праекту.
Выдавецкія праекты
Літоўска-ўкраінскае супрацоўніцтва актыўна развіваецца і ў выдавецкай галіне. Яшчэ ў 1997 годзе ў Кіеве літоўскім кніжным прадпрымальнікам Віргініюсам Стролям было ўтворанае выдавецтва «Балтія-Друк», якое спецыялізуецца ў турыстычных і ілюстраваных гістарычных выданнях. Але росквіт выдавецтва прыпаў на апошняе дзесяцігоддзе, калі пры падтрымцы МЗС Літоўскай Рэспублікі стала выходзіць цэлая нізка выданняў, прысвечаных знакамітым княжацкім родам, што былі павязаныя з Украінай часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: Астрожскім, Радзівілам, Алелькавічам-Слуцкім, Вішнявецкім. Таксама беларускія аўтары бралі ўдзел у падрыхтоўцы гэтых выданняў альбомнага кшталту.
Але найбольш важнай для выбудовы новага гістарычнага наратыву стала калектыўная манаграфія «На перакрыжаванні культур: Манастыр і храм Святой Тройцы ў Вільні», якая выйшла ў свет у выдавецтве Віленскага ўніверсітэту ў двухмоўнай версіі (па-ўкраінску і па-літоўску) у 2018 годзе. Манаграфія стала вынікам супольнага даследчага праекту Віленскага Універсітэту і Львоўскага Каталіцкага Універсітэту «Праваслаўная і ўніяцкая супольнасці ў ВКЛ: гісторыя, культура, памяць» (2015–2017 гг.).
Сам жа праект фінансаваўся Навуковаю радай Літвы ды Міністэрствам асветы і навукі Украіны пры падтрымцы ўкраінскіх мецэнатаў. Фактычна, прапанаваны новы падыход у інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны рэгіёну на прыкладзе адной з найдаўнейшых публічных інстытуцый Вільні — праваслаўнага, а пазней уніяцкага манастыра і храма Святой Тройцы, якія трактуюцца як украінскі культурны і духоўны цэнтр Літвы ды асяродак украінска-літоўскага супрацоўніцтва.
Першая драўляная царква Святой Тройцы паўстала ў 1347 годзе па паўднёвай ускраіне тагачаснай Вільні ў дуброве, на легендарным месцы пакарання трох віленскіх пакутнікаў Антона, Яна і Яўстаха. Але мураваны гатычны храм узнік у 1514–1516 гадах дзякуючы фундацыі Канстанціна Астрожскага і стаў мемарыялам яго перамогі пад Воршай. Ужо пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года Траецкая царква стала адным з галоўных асяродкаў пашырэння ўніі, а цяперашні выгляд манастыра быў сфармаваны ў значнай ступені знакамітым дойлідам стылю ракако ў ВКЛ (віленскага барока) Яна Глаўбіца.
У 1991 годзе Грэка-каталіцкая царква атрымала ў Літоўскай Рэспубліцы легальны статус, а на працягу 1992—1994 гадоў урад перадаў мясцовай грэка-каталіцкай грамадзе комплекс пабудоваў царквы і манастыра Святой Тройцы, якія сталі асяродкам культурнага і рэлігійнага жыцця ўкраінскай дыяспары. Можна сказаць, што дзякуючы ўладам Літоўскай Рэспублікі ўкраінцы зараз зноў адкрываюць для сябе духоўны цэнтр Берасцейскай царкоўнай уніі — базыліянскі манастыр Святой Тройцы.
Падрыхтоўка і выданне манаграфіі «На перехресті культур: Монастир і храм Пресвятої Трійці у Вільнюсі / Kultūrų kryžkelė: Vilniaus Švč. Trejybės šventovė ir vienuolynas» па-новаму расстаўляе акцэнты ва ўспрыняцці супольнай гісторыі. Можна сказаць, што адбываецца вельмі цікавы эксперымент з трансфармацыяй гісторыі. Падзеі вакол Траецкай царквы разглядаюцца ў шырокім кантэксце існавання ўсходнеславянскай («рускай») супольнасці ВКЛ, і лакальна, праз гісторыю асобнай часткі гораду, фактычна паловы Вільні ў Сярэднявеччы — Civitas Ruthenica, «Рускага гораду» Вільні. Трэба было выявіць вялікую інтэлектуальную стрыманасць, каб абысці праблему фармавання гэтага Civitas Ruthenica і задаволіцца намёкамі ды штучнай прывязкай насельнікаў Вільні другой паловы ХІІІ стагоддзя, у дагедымінаву эпоху, ад моманту фіксацыі археолагамі хрысціянскіх могілак Вільні, да ўкраінскай гісторыі ў сучасным яе разуменні.
Не так усё проста і з уніяцкай старонкай гісторыі Траецкай царквы. Бо ў XVII стагоддзі гісторыя царкоўнай уніі — гэта пераважна падзеі на беларускіх землях. Кіеў ад 1654 года знаходзіўся пад пратэктаратам Масквы, і ўніяцкая праблематыка ўжо не мела да яго дачыненняў. Львоўскія ж хрысціяне моцна трымаліся ўсходняй традыцыі. Львоўская епархія перайшла з праваслаўя ў грэка-каталіцтва ў 1700 годзе, Луцкая — у 1702-м. Фактычна, гісторыя грэка-каталіцкай царквы ў Заходняй Украіне адлічваецца ад XVIII стагоддзя. Вільня ж заставалася асяродкам «рускай» супольнасці ВКЛ на працягу ўсяго існавання дзяржавы — і да ўключэння ўкраінскіх зямель за Альгердам, і пасля Люблінскай уніі 1569 года, калі ўкраінскія ваяводствы былі інкарпараваныя ў склад Кароны Польскай.
Можна меркаваць, што найноўшы выдавецкі праект — гэта вельмі сур’ёзная заява на «перадачу» спадчыны Русі ВКЛ (Літоўскай Русі) да Украіны і анігіляцыі тым самым беларускага культурна-гістарычнага фактару ў гісторыі гэтай шматнацыянальнай і поліканфесійнай дзяржавы. З пункту гледжання навуковых аргументаў гэта даволі слабая, а можа нават наіўная пазіцыя. Усё ж у медыйнай сферы, у абсягах масавых уяўленняў падобная намаганні могуць мець частковы поспех, закладаючы скажоную перспектыву ментальнай геаграфіі і няпэўнасць этнічнай гісторыі.
Якім чынам могуць рэагаваць беларускія гісторыкі і сімпатыкі Вялікага Княства на падобную сітуацыю? Апроч маніторынгу і аналізу беларускім адмыслоўцам варта выяўляць ініцыятыўнасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва. Супольная спадчына стварае падмурак для супрацоўніцтва, але можа быць і прастораю для канкурэнцыі. Найбольш небяспечны тут варыянт паводзінаў — інструменталісцкае выкарыстанне гэтай спадчыны.
Ад рэдактара:
На мой погляд, своеасаблівая далікатнасць беларускіх гісторыкаў (толькі б не пакрыўдзіць каго) адносна спадчыны ВКЛ прывяла да таго, што мы не толькі згубілі падмурак для выхавання беларусацэнтрычнага пакалення, але і страцілі ініцыятыву і пазіцыі на міжнародным узроўні. Менавіта на гэтым узроўні не існуе моцнай і міралюбнай еўрапейскай дзяржавы, якая шмат стагоддзяў мела дзяржаўнай мовай беларускую, была рэальным культурніцкім і палітычным цэнтрам Еўропы. Можа таму мы ўсё яшчэ ці то Паўночна-Заходні край, ці то Усходнія Крэсы. А братоў Тышкевічаў, як і шмат каго яшчэ, дзеляць паміж сабой Літва ды Польшча…
Гэты артыкул — запрашэнне да дыскусіі.