Гістарычнае рэха Грунвальда
Багародзіца, Дзявіца
Богам славёна, Марыя.
У твайго сына, Гаспадзіна
Маці звалёна, Марыя.
Маці звалёна, Марыя
Зычы нам і адпусці нам.
Багародзіца, Дзявіца
Богам славёна, Марыя.
У твайго сына, Гаспадзіна
Маці звалёна, Марыя.
Маці звалёна, Марыя
Зычы нам і адпусці нам.
(На выяве: Бітва пад Грунвальдам, дрэварыт XVI ст. З Хронікі Марціна Бельскага)
Па словах храніста Яна Длугаша, які назваў рэлігійны гімн «Багародзіца» «сarmen patrium» — песняй Айчыны, гэтыя радкі спявалі войскі Вітаўта і Ягайлы,
ідучы ў рашучую бойку Вялікай вайны (1409–1411) з Тэўтонскім ордэнам. Так, 15 ліпеня 1410 года «Багародзіца» гучала над полем Грунвальда. А канчаткова перайшла ў катэгорыю
нацыянальных сімвалаў, калі яе тэкст быў у 1529 годзе ўключаны ў І Статут Вялікага княства Літоўскага.
Грунвальд і сучаснікі
Гэтак і Грунвальдская перамога, вайсковае сутыкненне эпічнага маштабу, у якім нашы продкі супольна з палякамі перамаглі больш за 30 тысяч рыцарскага інтэрнацыяналу з усёй Еўропы, даўно пачала
набываць абрысы сімвалу. Гады з два таму падобны падыход справакаваў вядомага айчыннага гісторыка Генадзя Сагановіча на абструкцыю: значэнне Грунвальдскай перамогі, заявіў ён, пераацэненае, і чым
хутчэй беларусы пазбавяцца ад чарговага міфа, тым лепей.
Гісторык слушна сцвярджаў: Тэўтонскі ордэн не меў планаў стварэння вялікай дзяржавы з уключэннем новых земляў Польшчы і ВКЛ. А з часоў Крэўскай уніі 1385 года паміж Польшчай і ВКЛ слабеў і схіляўся
да саюзу з суседзямі, і таму рабіць паралелі з ХХ стагоддзем — пра выратаванне славянства ад нямецкай навалы, што і абумовіла папулярнасць Грунвальдскай перамогі сярод прыдворных савецкіх
гісторыкаў — зусім не слушна. Акрамя таго, Польшча з ВКЛ мелі ў некалькі разоў большы дэмаграфічны патэнцыял, чым Ордэн, і значная перавага іх вайсковых аддзелаў у адкрытым сутыкненні 15
ліпеня 1410 года невыпадковая. Да таго ж пытанне этнічнасці на той час яшчэ нельга звязаць з войнамі: Вялікая вайна не была славяна-германскім супрацьстаяннем.
Тым не менш, чым далей, тым болей слава перамогі пад Грунвальдам сёння становіцца прадметам увагі гісторыкаў, незалежных грамадскіх аб’яднанняў, дзяржавы. Толькі грамадскі аргкамітэт па
святкаванні 660-годдзя Вітаўта Вялікага і 600-годдзя Грунвальдскай (па-беларуску Дубровенскай) перамогі апошнімі днямі правёў некалькі святочных мерапрыемстваў.
6 ліпеня ў мінскай катэдры асвяцілі выкананыя мастачкай Аленай Лось рэканструкцыі сцягоў вайсковых харугваў ВКЛ з грунвальдскага поля — Віленскай, Менскай, Смаленскай, якія неслі на прапарах
выявы Пагоні і Багародзіцы, і аддзелаў, асабіста ачольваных Вітаўтам, з яго родавым гербам «Калоны». Сцягі мусяць удзельнічаць у святкаванні 15–18 ліпеня 2010 года пад
Грунвальдам у Польшчы. Плюс да таго адбылася прэсавая канферэнцыя гісторыкаў і адмысловая мастацкая выстава суполкі «Пагоня», адчыненая з 9 ліпеня ў Літаратурным музеі Максіма
Багдановіча, — «Грунвальд за смугою часу». Да юбілею на прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы прадставіў выпушчаную выдавецтвам «Беларусь» кнігу
«Ваяры Грунвальдскай бітвы» доктар гістарычных навук Юры Бохан.
Не адсталі ў імпэце падкрэсліць гістарычную значнасць Грунвальда дзяржаўныя структуры. Рыцарскі фэст у Наваградку ў апошнія выходныя чэрвеня прапагандаваўся як грунвальдскі. Праграма перадач БТ
насычалася сюжэтамі і дакументальнымі перадачамі, прысвечанымі Вітаўту і знакамітай сярэднявечнай бітве. Часопіс «Маладосць» з пачатку года друкаваў пераклад гістарычнай хронікі
паляка Яна Длугаша «Грунвальдская бітва», найбольш дэталёвага апісання падзеі, у якой бралі ўдзел бацька і дзядзька аўтара. Нават у крыпце праваслаўнага храма Усіх Святых у Мінску,
дзе дзейсная ўлада стварае свайго роду мемарыял змагарам за Радзіму, побач з сумніўнымі з пункту гледжання беларускасці аб’ектамі знайшлося месца скрынцы зямлі з грунвальдскага поля.
Грунвальд і прапаганда
Выкарыстанне Грунвальда ў якасці прапагандысцкага сімвалу, зрэшты, сягае ў даўніну двух стагоддзяў. На 500-я ўгодкі бітвы ў падзеленай Польшчы ў «апошнім вольным горадзе» Кракаве
паўстаў велічны скульптурны грунвальдскі манумент, зруйнаваны немцамі ў гады другой сусветнай вайны і адноўлены пасля яе. Яшчэ раней мастак Ян Матэйка (1838–1893) у 1878 годзе стварыў
непаўторную панараму бітвы памерам амаль 5 на 10 метраў, дзеля якой сёння ў Нацыянальным музеі ў Варшаве адведзена адмысловая сцяна ў зале, прысвечанай творчасці мастака. На чарговы грунвальдскі
юбілей 10 год таму была зладжана адмысловая выстава толькі аднаго гэтага твора ў Вільні.
У сваю чаргу, немцы, на галаву разбіўшы 1-ю і 2-ю Расійскія арміі 23–30 жніўня 1914 года пад Аленштайнам у 30 кіламетрах ад Таненберга (Грунвальда), па прапанове Макса Хофмана далі сваёй
вікторыі імя «бітвы пад Таненбергам», як бы змываючы ганьбу паразы 504-гадовай даўніны. Так першая сусветная вайна перакрыжавалася з падзеямі паўтысячагадовай даўніны. А
Нацыянальная нямецкая партыя на выбарах 1920 года на сваім плакаце выяўляла нямецкага героя з крыжацкай адзнакай на грудзях — ахвяру ваяўнічага Паляка і хцівага Сацыяліста. Як адзначаў
сучасны брытанскі гісторык Норман Дэвіс у сваёй манаграфіі «God’s Playground», савецкая гістарыяграфія, інтэрпрэтуючы ўдзел у грунвальдскай бітве смаленскіх палкоў як
трыумф вайсковай сілы расійскіх аддзелаў, праводзіла самыя неверагодныя паралелі з Грунвальдам на тэму «нямецка-славянскага» супрацьстаяння. Грунвальд разглядаўся нават як
прадвеснік перамогі ў Сталінградскай бітве.
Па вялікім рахунку, Грунвальдская бітва, безумоўна, мела поўнае права зрабіцца знакавай падзеяй для рэтра-ўшанавання гераізму пераможцаў. Прынамсі, у значна большай ступені, чым Кулікоўская бітва
1380 года, вынікі якой не дазволілі Маскве вызваліцца ад панавання Залатой Арды. Ці «Лядовае пабоішча» Аляксандра Неўскага — шараговая бойка наўгародцаў з войскамі
Тэўтонскага ордэна ў 1242 годзе, колькасць удзельнікаў якой у дзесяткі разоў саступала Грунвальду.
Ягайла і войска. Рэканструкцыя на Грунвальдскім полі 2003 г
Што ведае кожны школьнік
Заснаваўшы напрыканцы ХІІ стагоддзя ў нізоўях Віслы сваю вайскова-рэлігійную дзяржаву, цягам наступных двух стагоддзяў Тэўтонскі ордэн пашыраў сваю дзейнасць на поўдзень і ўсход, на Мазовію, Прусію і
Жамойцію, дэкларуючы хрысціянізацыю гэтых апошніх язычніцкіх земляў Еўропы. Так знікла, анямечанае, балцкае племя прусаў. Напрыканцы ХIV стагоддзя Польшча не мела выйсця да Балтыйскага мора.
У сваім змаганні за пасаг вялікага літоўскага князя са стрыечным братам, каралём Польшчы Ягайлам Вітаўт неаднойчы ўступаў у саюз з крыжакамі, ахвяруючы ім Жамойцію. Апошні раз гэта адбылося паводле
Салінскай дамовы 1398 года, якая развязвала Вітаўту рукі ў канчатковым замацаванні пад уладай ВКЛ Смаленска. Калі б мы разважалі ў сучасных нацыянальных катэгорыях, то сітуацыя, калі супраць Ордэна ў
1409 годзе паўстала Жамойція, абмалёўваецца наступным чынам: стрыечныя браты польскі кароль Ягайла і беларускі князь Вітаўт пераадолелі даўнія спрэчкі для дасягнення супольных мэтаў. Першага цікавілі
спакой паўночных тэрыторый Польшчы, другога — выратаванне сваякоў новаахрышчанай Летувы, якая ў адваротным выпадку рызыкавала знікнуць з мапы Еўропы.
Мальбарк
Фармальна вайна была абвешчана вялікім магістрам Ордэна Ульрыхам фон Юнгінгенам 6 жніўня 1409 года Ягайлу. Праўда, праз месяц палякі часова — да дня Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня, дня
сонцастаяння, 1410 год) замірыліся з Ордэнам, у той час, як войскі ВКЛ працягвалі ратаваць Жамойцію. У снежні 1409 года Вітаўт запрасіў Ягайлу ў Берасце, каб распрацаваць план рашучай кампаніі 1410
года супраць Ордэна — паход на поўнач ад Мазовіі да сталіцы Ордэна Мальбарка.
Так яно і адбылося. Падлікі гісторыкаў колькасці аб’яднаных войскаў ВКЛ і Польшчы розняцца — ад 17 да 39 тысяч. Як і ордэнскіх сіл — ад 11 да 27 тысяч. Маючы меншасць
прыкладна ў 1,5 разоў, крыжакі валодалі перавагай у лепшым узбраенні цяжкіх латнікаў, артылерыі (бамбарды), больш зручнай пазіцыі на ўзвышшы, абароненай прыхаванымі пасткамі-ямамі. Там загінулі
першыя шэрагі конніцы ВКЛ, што зранку 15 ліпеня пайшлі ў атаку, сваімі целамі ладзячы шлях сябрам па зброі. Пад сцягамі крыжакаў стаяла 51 харугва, саюзнікі мелі 90, з іх — 40 войска
ВКЛ.
Войскі ВКЛ — з Берасця, Ваўкавыска, Гародні, Ліды, Пінска, Полацка, Мсціслаў’я і шмат іншых беларускіх земляў, уключаючы «новапрыдбаныя» смаленскія тэрыторыі.
Ваяры апошніх стаялі насмерць, калі пасля першай атакі правае крыло войск Вітаўта, разам з татарскімі аддзеламі, што ўваходзілі ў склад сіл ВКЛ, імітавалі ўцёкі. Потым быў наступ палякаў з рызыкай
страціць каралеўскі штандар, контрнаступ крыжацкага рэзерву, акружэнне апошняга, смерць вялікага магістра і канчатковае знішчэнне большасці ваяроў Ордэна. Паход на Мальбарк скончыўся яго
беспаспяховай двухмесячнай аблогай і замірэннем у верасні 1410 года.
Я. Матэйка. Грунвальдская бітва
Вынікі
Здавалася, Ордэн не быў знішчаны канчаткова, і, паводле Торуньскага міра 1411 года, саступіў Жамойцію ВКЛ толькі на працягу жыцця Вітаўта і Ягайлы. Але, як, высветлілася — назаўсёды.
Прыемным дадаткам да таго была кантрыбуцыя, прызначаная за палонных — 100 тысяч срэбных пражскіх грошаў, каля 18 тон паўнавартаснай срэбнай манеты. І прызнанне вяршэнства польскага караля.
Урэшце тэрыторыя Ордэна ў 1525 годзе пераўтварыўся ў васальнае герцагства Прусія. Прынамсі, як сцвярджаюць гісторыкі, больш ніколі агрэсія з боку нямецкіх рыцараў не пагражала землям Польшчы і ВКЛ.
Толькі прускі герцаг Альбрэхт спрабаваў запрасіць Скарыну для пачатку кнігадрукавання ў Крулявец, але беларускі першадрукар збег ад выгаднай, але не прымальнай для яго прапановы.
Да таго ж, Польшча і ВКЛ, папярэдне аддзеленыя ад вялікай еўрапейскай палітыкі сілай Ордэна, зрабіліся яе аўтарытэтным суб’ектам. І менавіта Ягайлавічы з Габсбургамі на Венскім кангрэсе
вырашалі дынастычныя лёсы кантынента. Безумоўна, гэтаму ўздыму спрыяў і свабодны рэжым гандлю праз балтыйскія парты, які прынесла ВКЛ і Польшчы грунвальдская перамога.
Ці трэба ўрачыста казаць пра тое, што пасля Грунвальда 500 год узброеныя нямецкія салдаты не з’яўляліся на беларускіх землях — гэта справа другасная. Як паказала гісторыя, галоўная
небяспека мірнаму жыццю ВКЛ узнікала з супрацьлеглага боку.