Час чытаць па-ўкраінску

15–19 верасня ў Львове пад заўсёдным дэвізам «Час чытаць!» пройдзе 17-ы Форум выдаўцоў — найбуйнейшы кніжны кірмаш ва Украіне.



d1c373ab1570cfb9a7dbb53c186b37a2.jpg

15–19 верасня ў Львове пад заўсёдным дэвізам «Час чытаць!» пройдзе 17-ы Форум выдаўцоў — найбуйнейшы кніжны кірмаш ва Украіне.
Кнігаманы паціраюць рукі: знакаміты палац Патоцкіх на вуліцы Каперніка зноў ад скляпенняў да гарышча будзе набіты літаратурай. Сатэлітам Форуму выдаўцоў, як заўжды, стане Міжнародны літаратурны фестываль, што зазвычай збірае больш за 150 пісьменнікаў з усёй Еўропы, якія амаль кругласуткава нясуць літаратурную вахту на самых розных творчых пляцоўках. За 5 дзён Форума выдаўцоў адбываецца каля 500 імпрэзаў (больш інфармацыі — на сайце www.bookforum.com.ua).
Літаратурная восень у Львове — надзвычай цікава, пазнавальна і весела. Нядзіва, што з кожным годам усё больш беларусаў накіроўваюцца ў паўднёвым напрамку, каб далучыцца да карнавалу літаратуры, а заадно набыць па вельмі дэмакратычных коштах пару-тройку цікавых кніжак для душэўнага чытва на любы густ.
Для беларускамоўных чытачоў, якія маюць намер папоўніць кніжныя паліцы за кошт вядомых кніг Юрыя Андруховіча, Аксаны Забужкі, Тараса Прахаські, Юркі Іздрыка, Сяргея Жадана, Тані Малярчук і іншых выдатных аўтараў, але пабойваюцца «моўнага бар’ерчыка» паміж Беларуссю і Украінай, — наша невялічкая шпаргалка.
Памятка для беларусаў, якія хочуць чытаць украінскія кніжкі
Украінская мова падобная да беларускай. Вельмі-вельмі, значна больш за расійскую. Украінская мова настолькі падобная да беларускай, що можна почати говорити украінською, а скончыць па-беларуску, і амаль ніхто гэтага не заўважыць.
Адным словам, для беларускага чытача, які хоча чытаць украінскія кніжкі, моўных перашкодаў быць амаль не павінна, а калі і пракідваюцца сякія-такія, дык мы маем намер знішчыць іх дазвання. Мы прапануем вашай увазе кароткую памятку, пры дапамозе якой можна хутка і лёгка навучыцца чытаць па-ўкраінску.
1.    Ва ўкраінскім алфавіце пераважная большасць літараў — агульныя з беларускім, але ёсць і адметнасці:
    • украінскае «ї». Гэтую літару чытаюць як спалучэнне «йі».
    • украінскае «и» чытаюць як «ы».
     Такім чынам, калі вы бачыце ва ўкраінскай кніжцы слова “критика, чытаць яго трэба, як па-беларуску: «крытыка».
    • Ва ўкраінскай мове няма літары «ё», адпаведныя гукі перадаюць спалучэннямі: «ьо» або «йо».
     Прыклады: сльоза, знайомий, йогурт.
    • Украінская літара «е» — адпаведнік беларускага «э». А там, дзе беларус напісаў бы «е», украінец піша «є».
2.    Большасць словаў украінскай мовы падобныя да беларускіх і іх можна зразумець, аднак ёсць і цалкам непразрыстыя. Ніжэй мы падаем невялікі спіс часта ўжываных у кнігах, але незразумелых непадрыхтаванаму беларускаму чытачу словаў украінскае мовы:
Бджола — пчала
березень — сакавік
біля — каля
Взагалі — увогуле
взуття — абутак
відповідати — адказваць
вистава — спектакль
Гаразд — добра; дабрабыт
годувати — карміць, харчаваць
грудень — снежань
Джерело — крыніца
дитина — дзіця
дружина — жонка
доба — суткі, содзень
Є — ёсць
Жодний, жоден — ніводны, ніводзін
Залізниця — чыгунка
залишати — пакідаць
захіст — абарона
звичайно — вядома, канечне
їдальня — сталоўка, страўня
їжак — вожык
Квітень — красавік
краще — лепей, лепш
кіт — кот
кішка — котка
криниця — калодзеж, студня
Лишатись — заставацца
людина — чалавек
луна — рэха
лунати — гучаць
Майданчик — пляцоўка
майже — амаль
мисливство — паляванне
митець — мастак, творца
мить — імгненне
Навпаки — наадварот
ненька — нянька
незабаром — неўзабаве, у хуткім часе
Одяг — вопратка, адзенне
Парубок — юнак
перукарня — цырульня
піп — поп
пишатись — ганарыцца
плівка — (фота)стужка; цырата
повія — прасталытка
пожежа — пажар
потяг — 1. цягнік, 2. пажада
прапор — сцяг
протяг — скразняк, скавыш
прикордонник — памежнік
прокидатись — прачынацца
Саме — менавіта
серпень — жнівень
стрибати — скокаць
спогад — успамін, згадка
стілець — крэсла
Троянда — ружа
трапитись — здарыцца
Цілодобово — кругласуткава
Чоловік — мужчына, муж
Шлунок — страўнік


Падрыхтавалі Павал Касцюкевіч, Марыя Мартысевіч