БагатаДата 9–15 сакавіка
Ці ведаеце вы ўлюбёны верш Юрыя Гагарына? А пра тое, калі адзначаецца Міжнародны дзень рэк? Яшчэ шмат цікавага ў нашым аглядзе.
9 сакавіка
130 гадоў таму ў Гродне нарадзіўся беларускі нацыянальны дзеяч, пісьменнік і педагог Уладзімір Пігулеўскі. У 1924–1925 гадах кіраваў Люцынскай беларускай гімназіяй у Латвіі. Затым загадваў Беларускім аддзелам пры тамтэйшым Міністэрстве асветы. Перакладаў на беларускую мову творы латышскіх і чэшскіх пісьменнікаў. На латышскую пераклаў камедыю Купалы «Паўлінка».
90 гадоў з дня нараджэння мовазнаўцы Аркадзя Наркевіча.
85 гадоў таму ў вёсцы Клушына на Смаленшчыне нарадзіўся Юрый Гагарын — першы чалавек, які пабываў у космасе. Беларусь ён называў амаль Радзімай. Гагарын напамяць ведаў верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык», бо гэта быў улюбёны ягоны верш у дзяцінстве. Па сутнасці, класік беларускай літаратуры і натхніў на палёт касманаўта №1.
70 гадоў Вячаславу Дыдышку, 11-разоваму чэмпіёну Беларусі па шахматах, міжнароднаму гросмайстру, матэматыку-праграмісту.
10 сакавіка
80 гадоў таму ў Траецкім прадмесці ў Мінску прэм’ерай оперы «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага адкрыўся будынак Дзяржаўнага тэатра оперы і балета.
75 гадоў таму нарадзіўся першы галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Міхаіл Біцан. З клубам «Гарызонт» Біцан выйграў першыя тры нацыянальныя чэмпіянаты. Памёр у кастрычніку 2018 года.
11 сакавіка
90 гадоў з дня нараджэння Генадзя Праваторава, расійскага і беларускага дырыжора.
65 гадоў споўнілася б беларускай гімнастцы Тамары Лазаковіч —неаднаразовай чэмпіёнцы СССР, Еўропы і свету па спартыўнай гімнастыцы. Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у Мюнхене 1972 года. Апрача залатога медаля ў камандным заліку на той Алімпіядзе Лазаковіч заваявала срэбны медаль у практыкаваннях на бервяне і два бронзавыя — у мнагаборстве і вольных практыкаваннях. Памерла ў Віцебску ў 1992 годзе.
75 гадоў Мікалаю Баркоўскаму, беларускаму музыку, габаісту, з 1966 года салісту аркестра Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.
12 сакавіка
90 гадоў таму нарадзіўся Уладзімір Колб, беларускі біяхімік-гематолаг, доктар медыцынскіх навук. Амаль 30 гадоў кіраваў Беларускім навукова-практычным таварыствам спецыялістаў клінічнай лабараторнай дыягностыкі і быў загадчыкам кафедры клінічнай лабараторнай дыягностыкі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
13 сакавіка
75 гадоў таму ў Рудзенску Пухавіцкага раёна на Міншчыне нарадзілася Галіна Юркова-Данелія, рэжысёрка і актрыса. Жонка рэжысёра Георгія Данеліі, вядомага фільмамі «Я крочу па Маскве», «Афоня», «Міміно», «Кін-дза-дза». Дарэчы, у апошнім фільме Галіна Юркова здымалася (яна там жонка Машкова).
70 гадоў таму ў вёсцы Казанск Калінкавіцкага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся Анатоль Тозік. У 2000–2006 гадах кіраваў Камітэтам дзяржаўнага кантролю, пасля гэтага быў паслом у Кітаі і намеснікам прэм’ер-міністра. З канца 2014 года — у адстаўцы.
65 гадоў святкуе былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. На гэтай пасадзе ён працаваў з 2003 па 2010 гады. Нарадзіўся ў Гомелі. З 1976 па 1992 гады прайшоў шлях ад майстра зборачнага цэха Гомельскага завода радыётэхналагічнага абсталявання да яго дырэктара. Затым да прэм’ерства былі пасады дырэктара аб’яднання «Ратон» (насамрэч, гэта той жа завод, ператвораны ў ААТ «Ратон». — НЧ.), намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама, намесніка старшыні ўраду. Пасля адстаўкі з пасады прэм’ер-міністра працаваў чальцом (міністрам) Калегіі (па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі.
14 сакавіка
Міжнародны дзень рэк.
520 гадоў таму вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык дараваў Мінску Магдэбургскае права. Дагэтуль яно ўжо было ў шэрагу беларускіх гарадоў. Брэст яго меў з 1390 года, а Гродна — з 1391-га.
100 гадоў таму ў Нясвіжы пачалося антыбальшавіцкае паўстанне. На пачатку года горад быў захоплены бальшавікамі. Калі неўзабаве пачалася вайна з Польшчай, частка жыхароў Нясвіжа, пераважна палякі, вырашылі выгнаць «чырвоных» яшчэ да прыходу польскіх войскаў. Але тыя наступалі не так хутка, як спадзяваліся паўстанцы. У выніку паўстанне было задушанае, а яго арганізатараў — Мечыслава Валністага, Палікарпа Календу, Юзафа Янушкевіча, Канстанціна Шыдлоўскага і Станіслава Іваноўскага — ЧК 24 сакавіка расстраляла.
15 сакавіка
Дзень Канстытуцыі Беларусі. У гэты дзень у 1994 годзе Вярхоўны Савет прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі. Двойчы яна мянялася — праз праведзеныя з парушэннямі рэферэндумы 1996 і 2004 гадоў дзеля пашырэння паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.
Міжнародны дзень абароны правоў спажыўцоў.
95 гадоў таму нарадзіўся беларускі гісторык і грамадскі дзеяч Міхась Белямук. Ён адзін з арганізатараў беларускага жыцця ў эміграцыі ў амерыканскім Кліўлендзе, выдавец гістарычнага часопіса «Полацак».