БагатаДата 14–20 снежня

Дзень народзінаў першага кіраўніка незалежнай Беларусі і гадавіна ўвядзення наўпроставай цэнзуры ў нашай краіне. Што яшчэ адбылося ў мінулым у гэтыя дні?

Сталіца ВКЛ Вільня

Сталіца ВКЛ Вільня

14 снежня

1794. Сталіца ВКЛ Вільня ператворана ў цэнтр аднайменнай губерні ў складзе Расійскай імперыі.

15 снежня

1859. У Беластоку, які цяпер польскі, нарадзіўся лекар і лінгвіст Людвіг Заменгоф. Ён стварыў эсперанта — самую папулярную штучна сканструяваную міжнародную мову. У 1893–1897 гадах жыў у Гродне, дзе вёў прыватную лекарскую практыку ў афтальмалагічным кабінеце.

1934. У Мінску нарадзіўся былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Займаючы пасаду спікера парламента, ён напачатку 1990-х гадоў быў першым кіраўніком незалежнай Беларусі.

791d2a77ed8f529cf75c73368e6e863a_696x463.jpg

У палітыку Шушкевіч прыйшоў з галоўнай ВНУ краіны — Белдзяржуніверсітэту, дзе працаваў прарэктарам па навуковай працы (сам ён — па адукацыі фізік). Подпіс Станіслава Шушкевіча стаіць на Белавежскіх пагадненнях, якія зафіксавалі распад СССР.

1959. У Мінску нарадзіўся баскетбольны трэнер Анатоль Буяльскі. Прывёў жаночую нацыянальную зборную нашай краіны да бронзавых медалёў на чэмпіянаце Еўропы–2007. Годам пазней каманда пад яго кіраўніцтвам заваявала пуцёўку на Алімпійскія гульні і стала першай у гісторыі беларускага спорту камандай па гульнявых відах спорту, якая трапіла на летнія Алімпійскія гульні.


16 снежня

1939. У Мінску нарадзіўся філосаф, паэт, антыкамуністычны дысідэнт Алег Бембель. Творчы псеўданім — Зніч. Стаў вядомым пасля выдадзенай у 1985 годзе ў Лондане працы «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» пра моўную сітуацыю ў БССР. Пасля гэтага яго выключылі з КПСС і звольнілі з Інстытута філасофіі і права. З другой паловы 1990-х гадоў Алег Бембель стаў манахам Жыровіцкага манастыра, а затым — айцом Іаанам.

1959. У Слуцку на Міншчыне нарадзіўся Юрый Шаўцоў, гандбаліст і гандбольны трэнер. Алімпійскі чэмпіён і чэмпіён свету ў складзе зборнай СССР, шасціразовы ўладальнік еўракубкаў у складзе мінскага клуба СКА. У якасці трэнера выйграваў чэмпіянат Германіі. Цяпер — галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі.


17 снежня

1924. У БССР было прынята ўрадавае рашэнне пра стварэнне спецыяльнай установы для ўласнай кінавытворчасці — «Белдзяржкіно». Таму гэта дата — Дзень беларускага кіно. Спачатку выпускаліся навукова-папулярныя фільмы і хроніка. Першым мастацкім фільмам у 1926 годзе стала «Лясная быль» рэжысёра Юрыя Тарыча па аповесці Міхася Чарота «Свінапас».

На трыбуне Уладзімір Заблоцкі, дэпутат і прэм’ер Ценевага кабінету Апазіцыі БНФ. Вярхоўны Савет 12-га склікання.  1991 год. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў. 

На трыбуне Уладзімір Заблоцкі, дэпутат і прэм’ер Ценевага кабінету Апазіцыі БНФ. Вярхоўны Савет 12-га склікання. 1991 год. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў. 

1939. У вёсцы Касачы Сенненскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся вядомы палітык першай паловы 1990-х гадоў Уладзімір Заблоцкі. Дэпутат Вярхоўнага Савета і прэм’ер Ценявога ўраду Апазіцыі БНФ.


18 снежня

dutqnmhx4aa6cmz.jpg



Міжнародны дзень мігранта. У гэты дзень у 1990 годзе ААН прыняла Канвенцыю аб абароне правоў усіх працоўных-мігрантаў ды іх сем’яў.


19 снежня

1934. У вёсцы Жарабковічы Ляхавіцкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся вядомы генетык, антраполаг Аляксей Мікуліч. Паводле яго даследаванняў, беларусы не падобныя па генатыпе на рускіх. У прыватнасці, у крыві жыхароў нашай краіны, у адрозненне ад суседзяў, практычна не сустракаецца мангалоідная кампанента. Мікуліч даводзіць, што беларусы — вельмі кампактны і цэласны этнас: мы жывем на гэтай тэрыторыі ўжо амаль 150 пакаленняў.


20 снежня


Сяргей Антончык

Сяргей Антончык

1994. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык зачытаў у парламенце знакаміты антыкарупцыйны даклад, які прымусіў Аляксандра Лукашэнку прылюдна плакаць. Гэты даклад быў першай ластаўкай, што пазначыла краіну, у якой мы жывем. Менавіта тады была ўведзеная цэнзура — газеты выйшлі з белымі плямамі на тым месцы, дзе павінен быў друкавацца тэкст даклада Антончыка.

Падрыхтаваў Павел Кірылаў