БагатаДата: 11–17 траўня

Глеб Глебаў, Міхаіл Кахановіч і Павел Жаўрыд, Сусветны дзень справядлівага гандлю, Міжнародны дзень клімату і Міжнародны дзень адмоўнікаў ад вайсковай службы па перакананнях сумлення, а таксама іншыя падзеі і факты ў нашым аглядзе.

default_2.jpg

11 траўня

Сусветны дзень справядлівага гандлю.

1899. У расійскім Вазнясенску нарадзіўся беларускі акцёр тэатра і кіно, народны артыст СССР Глеб Глебаў (сапраўднае прозвішча — Сарокін). Ролі ў спектаклях: «Хто смяецца апошнім», «Паўлінка». Ролі ў кіно: «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Масква — Генуя», «Першыя выпрабаванні» і г.д.

hleb_hlebau__silver_coin__reverse_.gif

1939. Памёр у савецкім лагеры праз хваробу адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну Павел Жаўрыд.

 

12 траўня

Міжнародны дзень медсястры.

1894. У вёсцы Кавалі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Максім Ляўкоў. Быў наркамам юстыцыі і пракурорам. У 1937 годзе арыштаваны і асуджаны «тройкай» НКУС да расстрэлу нібыта як агент польскай разведкі і сябра нацыянал-фашысцкай арганізацыі.


dc3d22b6e013573f1eca1b9f3f0b1158.png


1954. БССР уступіла ў адмысловую ўстанову Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях асветы, навукі і культуры — ЮНЕСКА. Чатыры аб’екты нашай краіны ўваходзяць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: Белавежская пушча, замкавы комплекс «Мір», музей-запаведнік «Нясвіж» і геадэзічнае збудаванне Дуга Струвэ. Сярод нематэрыяльнай культурнай спадчыны — абрад «Калядныя цары» і Будслаўскі фэст.

 

13 траўня

1894. У вёсцы Капачоўка Барысаўскага раёна на Міншчыне нарадзіўся беларускі палітычны і ваенны дзеяч Іван Ермачэнка. У Грамадзянскую вайну — афіцэр Белай арміі, ад’ютант генерала Урангеля. У 1921 годзе — прадстаўнік ураду БНР у Канстанцінопалі і генеральны консул на Балканах: заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Балгарыі. Пазней — намеснік міністра замежных спраў БНР. 

У 1939 годзе прапаноўваў МЗС Германіі план разгрому СССР. Падчас вайны быў дарадцам генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Пасля вайны — на эміграцыі ў ЗША, дзе працаваў лекарам.

 

14 траўня

1869. У Мінску з’явіўся на свет жывапісец Янкель Кругер. Напісаў партрэты Сталіна, Варашылава, Горкага, Коласа, Купалы, Бядулі, Міхоэлса. Вядомы таксама карцінамі са сцэнамі яўрэйскага побыту.

1874. У Мінску з нагоды запуску водаправоду ўсталяваны знакаміты фантан, аздоблены скульптурнай кампазіцыяй «Хлопчык з лебедзем». Стаіць ён у Аляксандраўскім скверы, які цяпер у народзе называюць Панікоўкай — ад аматара гусей, а не лебедзяў Панікоўскага, героя рамана «Залатое цяля» Ільфа і Пятрова. Такі вось гарадскі фальклор.

 

15 траўня

Міжнародны дзень сем’яў, Міжнародны дзень клімату і Міжнародны дзень адмоўнікаў ад вайсковай службы па перакананнях сумлення.

1979. У Мінску на 50-годдзе заснавання Нацыянальнай акадэміі навук адкрыўся Музей старажытнабеларускай культуры. У аснову музейнага збору пакладзены калекцыі, сабраныя на працягу многіх гадоў супрацоўнікамі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы падчас экспедыцый па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

 

16 траўня

1889. Першая публікацыя сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе» — у газеце «Минский листок». Сюжэт твора — прыгоды палясоўшчыка Тараса, які выправіўся ў пушчу, а трапіў на Парнас — месца, дзе жылі багі і паэты. Паэма напісана, найбольш верагодна, у 1850-я гады. Доўга распаўсюджвалася ў рукапісах. Аўтарам лічыцца Канстанцін Вераніцын, які родам з вёскі Астраўляны Гарадоцкага раёна на Віцебшчыне, выпускнік Віцебскай гімназіі, Горы-Горацкага земляробчага інстытуту і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У розны час існавалі пазней адпрэчаныя версіі, што паэма «Тарас на Парнасе» — твор Дуніна-Марцінкевіча, Вярыгі-Дарэўскага, Равінскага.

 

17 траўня

Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй і Міжнародны дзень электрасувязі і інфармацыйнага грамадства.

1934. Пайшоў з жыцця Міхаіл Кахановіч, палітычны дзеяч, педагог, публіцыст. Ён быў першым дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Абіраўся дэпутатам у Сойм Польшчы. У 1925 годзе пераехаў у БССР. Арыштаваны ў 1933 годзе, калі працаваў карэктарам у друкарні імя Сталіна, па «справе Беларускага нацыянальнага цэнтру». Расстраляны ў Мінску.