Здабыткі і страты выбарчай кампаніі

На адзін дэпутацкі мандат мясцовых саветаў прэтэндуюць 1,2 патэнцыйнага кандыдата. Такія вынікі этапу па вылучэнню кандыдатаў, якія хацелі б паўдзельнічаць у красавіцкіх мясцовых выбарах.

Конкурс нізкі, але ёсць



3a1dd98341fafc1dfe9bcf36360e6b84.jpg

На адзін дэпутацкі мандат мясцовых саветаў прэтэндуюць 1,2 патэнцыйнага кандыдата. Такія вынікі этапу па вылучэнню кандыдатаў, якія хацелі б паўдзельнічаць у красавіцкіх мясцовых выбарах.
Конкурс нізкі, але ёсць
Па інфармацыі Цэнтрвыбаркама, у дэпутаты мясцовых саветаў 26-га склікання было вылучана каля 25,5 тысячы чалавек. Гэта больш, чым падчас папярэдніх трох кампаній. Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына звязвае наплыў кандыдатаў у кандыдаты з павелічэннем цікаўнасці да сельскіх саветаў.
«Нават у гэтыя саветы, раней не папулярныя сярод вылучэнцаў, пададзена на дзве тысячы заявак больш, чым запатрабавана», — перадае словы Ярмошынай БелТА. Найбольш канкурэнтаў будуць мець кандыдаты па мінскіх акругах — 5,4 прэтэндэнты, у абласныя саветы — 1,8, у раённыя — 1,3, у гарадскія саветы і саветы гарадоў абласнога падпарадкавання — 2,1, у сельскія — 1,1.
Актыўныя нелегалы
Частка беларускай апазіцыі на этапе вылучэння кандыдатаў прапанавала абмеркаваць варыянт адмовы кандыдатаў ад далейшага ўдзелу ў мясцовых выбарах. У прыватнасці, прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў лічаць, што выхад з выбарчай кампаніі можа быць апраўданы неўключэннем у склад выбаркамаў значнай колькасці прадстаўнікоў апазіцыі. Ад АДС у выбаркамы патрапілі сто чалавек, што складае толькі 0,15 працэнта ад агульнай колькасці сябраў участковых камісій, якія і займаюцца непасрэдным падлікам галасоў.
Самай актыўнай палітычнай партыяй (хоць і апальнай, незарэгістраванай) гэтай кампаніі з’яўляецца Беларуская хрысціянская дэмакратыя. БХД вылучыла 173 патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты па 226 акругах. Расстаноўка сілаў па іншых партыях выглядае наступным чынам: праўладная Камуністычная партыя Беларусі — 207 кандыдатаў, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» — 126, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 94, партыя БНФ — 35, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 32, Беларуская партыя «Зялёныя» — 5, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — 2 чалавекі.
Партыйныя прэтэндэнты складаюць 2,3 працэнты ад агульнай колькасці асоб, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты.
Страта
З перадвыбарчай дыстанцыі добраахвотна выйшаў мінскі блогер Яўген Ліпковіч. У апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ён распаўсюдзіў заяву, што яго кампанія насамрэч мела эксперыментальную мэту і палітычных амбіцый ужо былы «кандыдат у кандыдаты» не мае. «Незадоўга да выхаду Указу № 60 (аб рэгуляванні інтэрнэту ў Беларусі — рэд.), 20 студзеня гэтага года радыёстанцыя «Нямецкая хваля» спытала ў мяне аб ступені ўплывовасці інтэрнэту ў Беларусі. Я адказаў: «Не. Інтэрнэт у нас не карыстаецца ніякім уплывам. У дзесяцімільённай краіне 300 000 наведванняў партала TUT.BY у дзень — гэта кропля ў моры», — тлумачыць сутнасць свайго эксперыменту спадар Ліпковіч.
Далей ён расказаў, што пасля старту яго кампаніі відэа-інтэрв’ю за адзін дзень дало 17 000 запампоўванняў, ініцыятыўная група ў 10 чалавек была цалкам сфармірованая праз інтэрнэт. Каманда Ліпковіча сабрала за яго вылучэнне 233 подпісы, але толькі тры з іх былі сабраныя пры дапамозе інтэрнэту. «Дзейсных званкоў было два. За месяц. І яны далі толькі тры подпісы. Тры! Гэта менш за 1 працэнт. Гэта нават не статыстычная хібнасць. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі ў нашай краіне не карыстаюцца ніякім уплывам. Ніякім. Што і патрабавалася даказаць, — канстатуе блогер. — Тыя, хто рыхтаваў Указ № 60 аб рэгуляванні байнэту — сапраўдныя параноікі, якія баяцца ўласнага ценю. У мяне няма ніякіх палітычных амбіцый. Я духоўна належу да пакалення, якое гаварыла, што лепш лезці ў бруд, чым у палітыку».
Пасля гэтай заявы на адрас Ліпковіча пасыпаліся абвінавачванні, што ён «кінуў» людзей, якія яго падтрымлівалі, «хварэлі». Аднак, аказваецца, спадар Яўген ад пачатку не меў намеру быць дэпутатам.
Зрэшты, у апраўданне беларускага сегменту сацыяльных сетак ёсць некалькі кампаній, калі людзі праз інтэрнэт аб’ядноўваліся дзеля агульнай мэты — абарона Лошыцкага парку, збор грошай на вызваленне пад заклад палітвязня Дзяніса Дзянісава, пошук сабакі блогеркі muha_elka. Дзякуючы інтэрнэтчыкам была раскручаная леташняя гісторыя з Менцюком і «жывым шчытом». Але ёсць адна акалічнасць: фактычна ўсе гэтыя кампаніі былі па-за палітыкай. Дык, магчыма, праблема не ў санлівасці беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў, а ў прадмеце спрэчкі.
Палітыка як такая даўно не цікавіць беларусаў, і было б крыху наіўна спадзявацца распаліць раптоўны інтарэс да таго, што ў свядомасці многіх людзей з’яўляецца пэўным табу.