Ворагам бесчалавечнай улады прысвячаецца
У Музеі Янкі Купалы
адкрылася мемарыяльная выстава «Страчаныя абліччы». Экспазіцыя, сабраная
навуковым супрацоўнікам музея, гісторыкам Паўлам Каралёвым, прысвечаная
беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад сталінскага тэрору ў 1920-1950-я
гады.
Афіцыйна выстава
прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 130-годдзя з дня
нараджэння ягонага сябра паэта Цішкі Гартнага, жыццё якога было трагічна
абарванае ў 1937 годзе. Але па зместу і духу выставы можна казаць, што яна
прымеркаваная да 80-годдзя піку бальшавісцкага тэрору.
На выставе прадстаўленыя
шматлікія фотаздымкі, лісты, гістарычныя матэрыялы, асабістыя рэчы дзеячаў
беларускай літаратуры і культуры, імёны якіх былі на доўгі час выкрэсленыя з
афіцыйнай гісторыі. Наведнік зможа ўбачыць рарытэты, звязаныя з Цішкам Гартным,
Уладзімірам Дубоўкам, Алесем Дударам, Міхасём Чаротам, Тодарам Кляшторным,
Уладзімірам Жылкам, Уладзіславам Галубком і іншымі рэпрэсаванымі дзеячамі
культуры.
Дамінантай экспазіцыі
выступаюць ўражваючыя інсталяцыі з фотаздымкаў беларускіх пісьменнікаў і
паэтаў, расстраляных 29 кастрычніка 1937 года. Таксама на выставе прадстаўленыя
асабістыя рэчы, якія былі знойдзеныя падчас раскопак у Курапатах, дзе былі
расстраляныя і пахаваныя тысячы мірных грамадзян.
“Раней, яшчэ пры савецкай
уладзе, але калі ўжо прыадкрылася праўда пра рэпрэсіі, прынята было лічыць, што
расстраляная нацыянальная інтэлігенцыя — нявінныя ахвяры. Я так не лічу. Яны
для той улады сапраўды былі небяспечныя, бо змагаліся за нацыянальнае
адраджэнне, за культуру, мову, каб беларусы маглі “людзьмі звацца”. І у гэтым
сэнсе сапраўдныя ворагі той злачыннай, бесчалавечнай улады”, — адзначыў падчас
прагляду экспазіцыі Вінцук Вячорка.
Праект рэалізуецца
Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі
беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва,
Нацыянальным гістарычным музеем, якія, уласна, і прадставілі для выставы
некаторыя дакументы са сваіх фондаў.
Выставу можна адведаць да
2 лістапада 2017 года.
Фота аўтара