Віцебскіх актывістаў затрымалі па дарозе на варту ў Курапатах
Чацвёра прыхільнікаў БХД, у тым ліку старшыня абласнога аргкамітэту Таццяна Севярынец, затрыманыя і знаходзяцца ў ДАІ райцэнтру Бешанковічы. Кіроўцу вінавацяць у парушэнні ПДД, астатніх трымаюць без прычыны ўжо другую гадзіну, перадае «Радыё Свабода».
Паводле Таццяны Севярынец, актывісты яшчэ ў дарозе зразумелі, што за імі сочаць:
«Мы праехалі некалькі пастоў ДАІ, якія пільна за намі назіралі. Потым аўто з міліцыянтамі нас абагнала, супрацоўнік выйшаў, і пачалося разбіральніцтва, нібыта наш кіроўца спадар Аляксандар нешта парушыў. На месцы давесці нічога не змаглі, загадалі ехаць у Бешанковічы».
Спадарыня Таццяна адзначае, што разбіральніцтва зацягваецца знарок, а яны з Аленай Янушкоўскай, Ірынай Захаравай і Аляксандрам Квілісам меліся прыехаць у Курапаты апоўдні, каб распачаць «віцебскую вахту» каля рэстарацыі «Поедем поедим».