У Беларусі новы пасол ад АБСЕ
Казахстан падчас старшынства ў АБСЕ плануе паклапаціцца пра спрашчэнне візавага рэжыму для Беларусі.
Казахстан падчас старшынства ў АБСЕ плануе паклапаціцца пра спрашчэнне візавага рэжыму для Беларусі.
Пасля ўступлення з новага года на старшынства ў АБСЕ Казахстана пасол гэтай рэспублікі ў Беларусі Анатоль Смірноў паведаміў журналістам, што Казахстан мае намер выступаць за спрашчэнне візавага
рэжыму ў рамках АБСЕ, у тым ліку для Беларусі. “Гэта адна з галоўных тэмаў, на якую Казахстан плануе звярнуць увагу. На 2010 год вызначаны шэраг мерапрыемстваў па спрашчэнні візавага рэжыму
са многімі краінамі, у тым ліку і з Беларуссю. Думаю, беларускае пытанне ў працэсе абмеркавання і прыняцця рашэнняў будзе разглядацца, — расказаў Смірноў падчас адмысловай прэсавай
канферэнцыі ў Мінску.
Таксама, паводле яго слоў, сёлета Казахстан мае намер арганізаваць саміт АБСЕ, які мусіць “ажывіць і актуалізаваць дзейнасць АБСЕ ў сучасных умовах. Правядзенне сустрэчы на
вышэйшым узроўні, па меркаванню дыпламата, можа надаць неабходны імпульс дзяржавам-удзельніцам, каб “вызначыць новыя кірункі супрацоўніцтва ў еўраатлантычнай і еўразійскай зоне адказнасці
АБСЕ, а таксама за яе межамі. Казахстан плануе падтрымліваць дзейнасць Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ), вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцяў,
прадстаўніка па свабодзе СМІ.
У студзені ў Мінск прыбыў новы пасол Офіса Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Новым кіраўніком Офіса з’яўляецца прадстаўнік Германіі Бенедыкт Халлер. Спадар Халлер
змяніў на гэтай пасадзе Ганса-Йохана Шмідта.
У снежні, паводле папярэдняй дамоўленасці аб умовах працы ў Беларусі, мандат Офіса АБСЕ ў Мінску падоўжаны на 2010 год. Хаця ў Міністэрстве замежных спраў і падкрэслілі, што перш чым прымаць рашэнне
аб мэтазгоднасці падаўжэння мандата быў праведзены ўсебаковы аналіз дзейнасці Офіса АБСЕ ў Мінску на працягу года і яе адпаведнасці дзеючаму мандату.
Мінулы год быў названы “плённым у плане выбудоўвання канструктыўнай лініі ва ўзаемаадносінах з Офісам, шмат у чым дзякуючы высілкам і асабістаму ўнёску яго кіраўніка Ганса-Йохана Шмідта ў
2008–2009 гадах. “Разам з тым няма аб’ектыўных падстаў для палявой прысутнасці АБСЕ ў Беларусі. Падтрымка беларускім бокам прынятага ў Вене рашэння
з’яўляецца пацверджаннем праявы нашай добрай волі, адкрытасці, настрою на канструктыўную працу ў наступным годзе з казахстанскім старшынствам у АБСЕ, еўрапейскімі структурамі і
арганізацыямі, — адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.
Сёлета кіраўніцтву Офіса АБСЕ давядзецца надзвычай абачліва і ўзважана ставіцца да сваіх дзеянняў і выказванняў, каб не справакаваць чарговага скандалу. Тым больш, што ўвесну пройдуць выбары ў
мясцовыя саветы дэпутатаў, паводле якіх у ЕС будзе ацэньвацца сітуацыя ў Беларусі перад прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй.