У Мінску затрыманы сябра Руху «За Свабоду» пад час распаўсюду ўлётак

Сябра Руху «За Свабоду» Аляксандр Мендаль затрыманы міліцыяй пры распаўсюдзе ўлётак па фактах фальсіфікацыяў на парламенцкіх выбарах.

ruh_za_svabodu.jpg

«Мендаль дастаўлены ў Першамайскі РАУС», — распавёў актывіст Руху «За Свабоду» Алесь Славінскі.

Па ягоных словах, актывіст раскідваў улёткі ў паштовыя скрыні жыхароў выбарчай акругі №108, дзе балатаваўся першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Пад час парламенцкіх выбараў улада здзейсніла злачынства і зараз усімі спосаб стараецца замясці сляды. Не даць магчымасць распаўсюдзіць па маёй акрузе звесткі і праінфармаваць выбарцаў пра канкрэтныя факты здзяйснення крымінальнага злачынства», — пракаментаваў затрыманне Губарэвіч.

Па ягоных словах, ён выкарыстаў усе спосабы легальнага змагання з фальсіфікацыямі, у прыватнасці, адна заява пададзеная ў Следчы камітэт з патрабаваннем узбуджэння крымінальнай справы.

«Але гатага будзе недастаткова, каб на нешта паўплываць, калі не будуць праінфармаваныя выбарцы. Улады баяцца не столькі заяваў у следчыя органы, бо выпрацавалі ўжо спосабы барацьбы з імі адпіскамі, а баяцца менавіта інфармавання выбарцаў», — дадаў Юрась Губарэвіч.

У ўлётцы ўтрымліваецца зварот Губарэвіча, інфармацыя пра фальсіфікацыі, вынікі назірання. Мэта кампаніі па распаўсюду — улётка ў кожную паштовую скрыню выбарцаў 108 акругі.

pyx.by