Рух «За Свабоду» прыняў удзел у міжнародным марафоне

Першы ўдзел у міжнародным марафоне прынёс камандзе Руху «За Свабоду» высокае 13-е месца.

marafon_1.jpg

Пераможцамі марафона стаў KM Running Club з Кіева. З беларусаў лепей, чым каманда Руху, выступіў толькі клуб Minskrun (грамадскае аб'яднанне Аматарскага спорту), які заняў 5 месца. А вось каманда руху #followminsk, арганізатара Мінскага паўмарафону, прыбегла толькі 28-й.

marafon.jpg

 «Прыгоды ў нашым падарожжы пачаліся ўжо на нашай мяжы, калі супрацоўнік мытні спытаў: «А чаму ўсе размаўляюць па-беларуску?» — распавёў сайту Pyx.by сябра Руху «За Свабоду», удзельнік каманды Зміцер Стасюкевіч.

Ён назваў трасу марафону ў Кіеве няпростай. «Коратка пра дыстанцыю: горы, горы, дождж і яшчэ раз дождж. Траса сапраўды была няпростая, шмат уздымаў, спускаў, месцамі моцны вецер і палову часу ішоў дождж», — адзначыў Стасюкевіч.

Для нашай каманды, дадаў ён, «гэта быў выклік, бо гэта наш першы міжнародны марафон». «Усе малайцы, выкладываліся па поўнай і як вынік 13 месца сярод 300 камандаў. Вынікамі ўсе задаволеныя, будзем рыхтавацца да новага сезону і новых вышынь», — адзначыў малады актывіст руху.


pyx.by