У Кіеве ў выніку ДТЗ разбураны помнік Міхаілу Жызнеўскаму
У цэнтры Кіева днём у нядзелю, 9 кастрычніка, кіроўца Mercedes не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў помнік герою Нябеснай сотні беларусу Міхаілу Жызнеўскаму.
Кіроўца не справіўся з аўтамабілем і на высокай хуткасці выскачыў на тую частку дарогі, дзе знаходзіўся сімвалічны помнік Жызнеўскаму (на месцы, дзе ён загінуў). Машына ўшчэнт разбурыла гэты сімвалічны помнік. Паводле папярэдняй інфармацыі кіроўца быў п’яным, паведамляе www.racyja.com са спасылкай на паведамленне фэйсбуку ўкраінскага журналіста і грамадскага актывіста Назара Прыходзькі.
Пра аварыю на вуліцы Грушэўскага, каля стадыёна Дынама, таксама паведамляе korrespondent.net. Адзначаецца таксама, што вінаваты ў аварыі кіроўца таксама закрануў іншы аўтамабіль — Volkswagen. Удар быў настолькі моцным, што ў аўто спрацавалі падушкі бяспекі.
Асноўны ж помнік Міхасю Жызнеўскаму знаходзіцца за метраў сто ад месца ДТЗ, з ім усё ў парадку.
Камунальнікі ўжо склалі брукаванку і паставілі партрэт Міхася Жызнеўскага на месца разбуранага сімвалічнага помніка.