Трохкутнік інтарэсаў
Беларуска-еўрапейскія адносіны — тэма, якая апошні год не сыходзіць са старонак СМІ і турбуе палітолагаў. Аднак і расійскі накірунак пакуль не збіраецца згінуць у Леце. Беларусь у
гэтай геапалітычнай канструкцыі заняла месца суб’екта, які праводзіць сваю палітыку насуперак ці дзякуючы тым ці іншым інтарэсам, але ўсё больш зыходзячы з уласных мэтаў.
Беларусь, якая адбылася
Беларуска-еўрапейскія адносіны — тэма, якая апошні год не сыходзіць са старонак СМІ і турбуе палітолагаў. Аднак і расійскі накірунак пакуль не збіраецца згінуць у Леце. Беларусь у
гэтай геапалітычнай канструкцыі заняла месца суб’екта, які праводзіць сваю палітыку насуперак ці дзякуючы тым ці іншым інтарэсам, але ўсё больш зыходзячы з уласных мэтаў.
Беларусь, якая адбылася
Як самастойнае дзяржаўнае ўтварэнне Беларусь даўно адбылася — канстатаваў падчас сустрэчы экспертаў на ХІІ Мінскім форуме дырэктар Маскоўскага цэнтра Карнегі Дзмітрый Трэнін. Далейшы выбар
геапалітыкі дзяржавы будзе толькі вагацца ў межах кан’юнктурных інтарэсаў паміж Еўропай і Расіяй. Вынікам двух дзесяцігоддзяў беларуска-расійскіх адносінаў ёсць выснова пра тое, што
інтэграцыя гэтых дзяржаў больш не актуальная. А беларускі рэжым вельмі нязручны паводле сваёй сутнасці для расійскіх дамоваў.
“Беларусь — гэта дзяржава, якая ўжо адбылася. Прычым даволі своеасаблівым і нават іранічным спосабам. Той чалавек, які высунуў канцэпцыю Саюзнай дзяржавы, каб стаць яе кіраўніком,
затым выкарыстоўваў яе на працягу наступнага дзесяцігоддзя, каб атрымліваць датацыі, — гаворыць расійскі эксперт. — Тая воля да ўлады, якая была і ёсць у гэтым чалавеку, стварыла
канкрэтны рэжым, і яна ж дабавіла суверэнітэту краіне. То бок суверэнітэт Беларусі — прадукт улады чалавека, які кіруе дзяржавай.
Тое, што Беларусь цяпер актыўна асвойвае шматвектарную палітыку, па словах Дзмітрыя Трэніна, абсалютна нармальна. Удзел у праграме “Усходняе партнёрства не з’яўляецца
новым курсам, ён толькі выкрыў рэальныя памкненні афіцыйнага Мінска. Беларусь не ўваходзіць у сферу інтарэсаў Расіі з-за сваёй нелаяльнасці да палітычных элітаў усходняй суседкі і немагчымасці
кіраваць унутранымі беларускімі падзеямі з Масквы. Цяперашнюю Расію эксперт вызначае як нашчадка імперскай краіны, аднак з карэкціроўкай на сучасныя рэаліі.
“Расія — постімперская краіна, якая цяпер імкнецца сябе зацвердзіць як вялікая дзяржава. І ў гэтай якасці яна прэтэндуе на тое, каб стаць цэнтрам сілы, з вызначанай зонай уплыву.
Аднак гэта зона ўплыву не ёсць нейкім аналагам Варшаўскай дамовы ці, тым больш, Расійскай імперыі. У палітычнай сферы гэта — лаяльныя дзяржавы, ці, прынамсі, дзяржавы, якія не ўступаюць у
NАТО, а ў лепшым выпадку ўступаюць у АДКБ. Што тычыцца эканомікі, то гэта не столькі інтэграцыя, колькі прадстаўленне ўмоў расійскаму капіталу для эканамічнай экспансіі, — адзначае
Дзмітрый Трэнін.
Паводле яго слоў, еўрапейскі вектар сёння прадугледжвае перспектывы інтэграцыі, расійскі — вяртанне да традыцыі ранейшых узаемаадносін. “Расія насамрэч не прапануе інтэграцыйны
праект, бо разумее, што за любую інтэграцыю нехта мусіць плаціць. За інтэграцыю Еўропы ў многім заплаціла Заходняя Германія. Расія не хоча яшчэ раз плаціць за гэта, нават калі яна будзе лідэрам
інтэграцыі, — лічыць дырэктар Маскоўскага цэнтра Карнегі.
Стрымана аптымістычны прагноз адносна развіцця беларуска-расійскіх адносінаў прагучаў і з вуснаў кіраўніка Цэнтра міжнародных даследаванняў Белдзяржуніверсітэта Уладзіміра Улаховіча, разам з тым
эксперт робіць акцэнт на “натуральнасці шматвектарнасці знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь.
“Цяпер распаўсюджана меркаванне, што ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі перажываюць крызіс. Эмацыйны бок справы зразумелы, аднак узровень гэтых адносінаў застаецца такім высокім, як ні на любым
іншым накірунку, — падкрэслівае Улаховіч. — Шырока распаўсюджана меркаванне, што Беларусь сыходзіць на Захад, іграе ў нейкую гульню, каб дабіцца эканамічных прэферэнцый. І нават
гаворыцца, што Беларусь здзяйсняе стратэгічнае адступніцтва. Я думаю, усё гэта перабольшванне. Развіццё беларуска-еўрапейскіх адносінаў — натуральная карэкцыя знешнепалітычнага курса краіны,
і менавіта так трэба да яго ставіцца. Па словах эксперта, кожнаму мусіць быць зразумела, што будаваць нацыянальную дзяржаву па прынцыпу адчужэння аднаго вектара — неразумна і
нерэальна, а развіццё паўнавартасных, фундаментальных адносінаў з Еўропай — частка нацыянальных беларускіх інтарэсаў.
Інтарэс купюр
Грунт пазітыўнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі павінен палягаць
у эканамічнай плоскасці. “Ёсць пазіцыя, паводле якой еўрапейскі вектар павінен стаць магістральным у міжнароднай палітыцы Беларусі. Я не думаю, што сёння можна выдаляць стратэгічнае
партнёрства з Расіяй, — адзначае кіраўнік Цэнтра міжнародных даследаванняў Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Улаховіч. — Справа не ў кан’юнктуры, гэта аб’ектыўная
рэальнасць. Адбудоўваць гэта стратэгічнае партнёрства так ці інакш давядзецца, бо адчужэнне на Захадзе ці Усходзе не ў нацыянальных інтарэсах. Іншая справа, што супрацоўніцтва трэба напоўніць іншай
якасцю.
Улаховіч лічыць, што канфлікты з Расіяй абумоўленыя заідэалагізаванасцю і жаданнем аднавіць Савецкі Саюз. “Гэта сыграла супраць саюзнага праекта, бо цяперашнія рэаліі былі забытыя.
Напрыклад, суверэнітэт. Для нас гэта не выклікае сумневаў, а ў расійскага боку стаўленне іншае. Разыходжанне поглядаў на партнёрства эксперт бачыць у мадэлях існуючых палітычных эліт і
культываванні розных каштоўнасцяў.
“Дзяржаўна-эканамічны капіталізм алігархічнага тыпу, які пабудаваны ў Расіі, усё ж не прымальны для Беларусі. Беларуская мадэль, як бы да яе ні ставіліся і ні іранізавалі на гэты конт, мае
права на існаванне. Адзін нямецкі журналіст назваў яе “інтуітыўным сацыялізмам. Я думаю, што гэта інтуіцыя палітычнага кіраўніцтва ў пабудове саюзнай мадэлі супадала з уяўленнем
сярэдняга беларуса пра тое, як мусіць выглядаць дзяржава. Рознасць гэтых укладаў — той бар’ер, які перашкаджае будаваць прагматычную лінію супрацоўніцтва, асабліва па лініі
гаспадарчых сувязяў, — рэзюмуе кіраўнік Цэнтра міжнародных даследаванняў БДУ.
Аднак перспектывы беларуска-расійскіх адносінаў, паводле яго меркавання, станоўчыя. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае паляпшэнне стасункаў паміж ЕС і нашай усходняй суседкай. “У якасці
пазітыўных прынцыпаў я б хацеў назваць змяненне агульнай танальнасці ва ўзаемадзеянні Расіі і Захаду, — тлумачыць Уладзімір Улаховіч. — Гэта важны момант, які можа сыграць сваю ролю
ў развіцці беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва і стратэгічнага партнёрства з Расіяй. Другое — гэта рэформы, якія паволі адбываюцца ў Беларусі. Так, гэта асцярожныя, няспешныя рэформы, але,
калі яны будуць паступовымі і дадуць новую якасць, то, магчыма, і не патрэбна хуткасць, пра якую цяпер гаворыцца.
Той факт, што Расія не змагла заняць важнейшыя пазіцыі ў беларускай эканоміцы праз прыватызацыю, паводле трактоўкі дырэктара Маскоўскага цэнтра Карнегі Дзмітрыя Трэніна, для Масквы ёсць праблемай, бо
гэта не ўпісваецца ў створаную мадэль ідэальных адносінаў. Аднак эксперт не падзяляе думкі, што Беларусь знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі.
“Некаторыя гавораць, што Масква стварае нейкі аўтарытарны інтэрнацыянал, маўляў, з аўтарытарнымі кіраўнікамі лягчэй дамаўляцца. Прыклад Беларусі паказвае, што зусім не так. Маскве прасцей
дамаўляцца з плюралістычнымі лідэрамі Украіны, у якіх свае інтарэсы, і на іх можна і патрэбна гуляць любой дзяржаве, што клапоціцца пра свае нацыянальныя інтарэсы. У адносінах да Беларусі гэта не
атрымліваецца, — робіць высновы Трэнін.
Прычыны “нязмоўнасці палягаюць у абмежаваных магчымасцях для ціску, адсутнасці свабоды для манеўраў на беларускім палітычным полі, бо яно “асфальтаванае, а сама
формула адносінаў “датацыі ў абмен на дэманстрацыю лаяльнасці больш выгодная для Мінска, чым для Масквы. “На мой погляд, Беларусь адназначна не ўваходзіць у сферу ўплыву
Масквы. Сёння гэта толькі два ўтварэнні — Абхазія і Паўднёвая Асеція, усё астатняе — абсалютна не сфера ўплыву, гэта дзяржавы са сваімі інтарэсамі, — рэзюмуе
палітолаг.
На трое бабка варажыла
Сённяшняя сітуацыя манеўравання Беларусі з пошукам партнёраў і
спонсараў па заходні і ўсходні бакі дзяржаўнай мяжы больш-менш зразумелая. У будучым эксперты прагназуюць некалькі варыянтаў развіцця адносінаў у трохкутніку “Еўрасаюз — Беларусь
— Расія.
Напрыклад, у ЕС лічаць, што змена беларускай палітыкі ў заходнім накірунку была прадыктаваная пераменамі беларуска-расійскіх адносінаў. “Інтэграцыя Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі
мае павярхоўны характар. З гэтага вынікае, што будучыня беларуска-расійскага праекта зусім не ясная, — адзначае навуковы супрацоўнік Інстытута даследавання праблем бяспекі Сабіна
Фішэр (Парыж).
Аднак яна гаворыць, што для далейшага развіцця Беларусі неабходна збліжэнне з ЕС, адносіны Беларусі і Расіі могуць развівацца паралельна. Спадарыня Фішэр даволі аптымістычна глядзіць на здольнасці
палітыкаў прадбачыць канфліктныя сітуацыі і, адпаведна, жыць у згодзе, карыстаючыся новымі магчымасцямі, якія адкрывае Еўропа. “Адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю за апошнія пятнаццаць
гадоў набылі спецыфічную афарбоўку. Гэта адзіная краіна, якая мае санкцыі з боку ЕС, праблема зрушылася толькі пасля леташняй расійска-грузінскай вайны. Я думаю, што ўнутры ЕС дасягнутая згода
адносна таго, што мусіць быць больш пазітыўных зменаў і ў канчатковым выніку інтэграцыя. Еўрасаюз з Беларуссю маюць шанец усталяваць унутраны кансенсус, — перакананая
эксперт.
Найбольш верагодным сцэнарам развіцця падзей дырэктар Маскоўскага цэнтра Карнегі Дзмітрый Трэнін называе захаванне цяперашняй тэндэнцыі — паглыбленне суверэнітэту Беларусі, збалансаванне
адносінаў з Расіяй і Еўропай, павярхоўную і нетрывалую інтэграцыю з Расіяй.
“Мытны саюз магчымы, аднак наўрад ці атрымаецца стварыць агульную гандлёвую прастору з-за рознасці эканомікі. Замена саюзу — стратэгічнае партнёрства, —
падкрэслівае эксперт. Другі варыянт развіцця абумоўлены разваротам Мінска ў бок Еўропы, калі дэмакратызацыя зробіць заходні вектар вызначальным, а мадэрнізацыя краіны пойдзе праз інтэграцыю. Расіі
застанецца толькі роля суседкі. Паводле магчымага трэцяга сцэнару развіцця падзей (Трэнін назваў яго найменш верагодным), у Маскве прыйдуць да высноў, што галоўнае для Беларусі —
мадэрнізацыя, а не размовы пра яе, што гэта важней за статус. Бо калі не будзе мадэрнізацыі, то краіна стане перыферыяй і Еўропы, і Азіі. “Наступнай будзе тэза: “Еўропа
— важнейшы знешні рэсурс мадэрнізацыі краіны, бо самастойна здзяйсняць гэта Расія не зможа. Тады Расія з задавальненнем, я лічу, зменіць сваю палітыку, задзейнічае інструменты
“мяккай сілы, не будзе размоў пра сферы ўплыву, хаця самога ўплыву можа быць і больш, — прагназуе эксперт.