Топ–7 апазіцыянераў, якія сталі прыхільнікамі «рускага свету»

Тэзіс аб «празаходняй апазіцыі» Лукашэнку, модны ў 1990–2000-х, пачынае сыходзіць у нябыт. Прынамсі, арыентацыя на ЗША ды ЕС, курс на незалежнасць і нацыянальныя каштоўнасці ўжо не здаюцца такімі адназначным, а самі шэрагі апазіцыянераў — маналітнымі.

b3d1de0b96.jpg

Фота bramaby.com

Калі раней агульны палітычны расклад здаваўся максімальна простым — «Расія + Лукашэнка»/ «Захаду + апазіцыя» — дык зараз усё значна больш складана. Пасля істэрыі расійскіх СМІ вакол падзеяў ва Украіне, усё часцей даводзілася чуць ад звычайных людзей: «У нас бардак, прэзідэнт дрэнны, а вось Пуцін — зусім іншая справа…» Відаць, масавая незадаволенасць сучаснымі рэаліямі цалкам можа знаходзіць для сябе іншае рэчышча для выхаду негатыўнай энергіі ды пошуку вырашэння праблемаў.

Прыведзены ніжэй кароткі пералік сённяшніх і ўчорашніх апазіцыянераў, якія «ўверавалі» ў Расію, не прэтэндуе на паўнату, і тым больш на нейкі «расстрэльны спіс». Гэта хутчэй канстатацыя сумнай тэндэнцыі, калі актыў незадаволенай публікі, за адсутнасцю рэформаў і пераменаў у краіне, кідаецца ў абдымкі «ўсходняга суседа», які зараз акурат мае настрой на інтыгі ды брудныя гульні ў сумежных дзяржавах.

Ад «Маўклівых акцыяў» да барацьбы з «русафобіяй»

 Вячаслаў Дыянаў

vjaczaslau_dyjanau__2_.jpg

Ці не самае яскравае пераўвасабленне адбылося з Дыянавым, чыё імя па-ранейшаму шмат у каго асацыюецца з «Рэвалюцыяй праз сацыяльныя сеткі» ды Маўклівымі акцыямі 2011 года. Пасля бурлівых падзеяў у Беларусі 6-гадовай даўніны сам Дыянаў з’ехаў у Польшчу на вучобу, дзе, у хуткім часе, радыкальна змяніў свае погляды.

Зараз Дыянаў «раскаяўся» ў грахах маладосці, пра што неаднаразова пісаў у сваім фэйсбуку: «Застаецца толькі каяцца перад народам ды Богам! Што і раблю ў сваіх артыкулах, вучу, як не дапусціць памылак!» Былы каардынатар РПСС сапраўды шмат піша: і пра «правакатараў-русафобаў», і пра «русафобскія антыдзяржаўныя бандыцкія нечыстоты», і пра «своечасовую і вартую падтрымкі ініцыятыву Агафонава». Былому лідару РНЕ Саковічу, якому ў мінулым годзе адмовілі ў атрыманні польскай візы, Дыянаў першым кінуўся на дапамогу з прапановай дапамагчы «вырашыць пытанне».

Цікава, што беларускія ўлады, актывіст, які стала пражывае ў Польшчы, як і раней называе не інакш як «рэжымам Лукашэнкі».

«Я хацеў спыніць цкаванне грамадзянаў за сімволіку…»

Арцём Агафонаў
arcjom_ahafonau__2_.jpg

Імя гэтага былога чальца АГП усплыло адносна нядаўна ў сувязі са скандалам вакол аўтобуса, які вёз чальцоў «Маладога Фронту» на ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну мінулай восенню. Агафонаў напісаў заяву ў міліцыю, каб кіроўца аўтобуса быў аштрафаваны за бел-чырвона-белы сцяжок на лабавым шкле ды бела-чырвоную расфарбоўку транспарту. У выніку кіроўца сапраўды быў аштрафаваны на палову базавай велічыні, але за іншае: несанкцыянаваную рэкламу з нумарам тэлефону на борце аўтобуса.

arcjom_ahafonau__3_.jpg


arcjom_ahafonau__4_.jpg

«У першую чаргу, я хацеў спыніць (…) кампанію цкавання грамадзянаў за дэманстрацыю сімволікі, супраць якой выступаюць беларускія нацыяналісты», — напісаў Агафонаў у сваім фэйсбуку, маючы на ўвазе, відаць кампанію супраць георгіеўскіх стужак. Актывіст піша, што да яго ўжо звяртаюцца людзі, якія таксама хочуць супрацьстаяць «ціску нацыяналістаў». Зараз Агафонаў нібыта стварае свой рух «Грамадзянская згода».

«Прызнанне расейцаў і беларусаў братнімі народамі»

Яўген Канстанцінаў

jauhen_kanstancinau__2_.jpg

Прозвішча Канстанцінава ўжо з’яўлялася ў зводках СМІ у публікацыях аб справе Гайдукова, чальца «Саюза маладых інтэлектуалаў», якому інкрымінавалася супраца з ЦРУ. Канстанцінаў тады выступаў у якасці сябра і калегі абвінавачанага, а таксама як лідар таго самага Саюзу. Раней, у 2010 годзе, Канстанцінаў падтрымліваў каманду Някляева, Гайдукоў — Саннікава.

jauhen_kanstancinau__1_.jpg

Зараз Канстанцінаў у сваіх акаўнтах у сацсетках агітуе за падзел Украіны на часткі, палівае брудам беларускіх нацыяналістаў ды Захад. Арцём Агафонаў называе яго сваім калегай па новым грамадскім руху. Варта прывесці вытрымкі з праграмнага дакументу гэтай ініцыятывы:

·        Прызнанне факта, што РФ — асноўны стратэгічны партнёр Беларусі.

·        Прызнанне расіян і беларусаў брацкімі народамі.

·        Рух разглядае барацьбу з ксенафобіяй, як адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці. Найбольш праблемная форма ксенафобіі ў Беларусі — русафобія.

«Біць савецкай ідэяй!..»

Аляксандр Шпакоўскі

aljaksandr_szpakouski__2_.jpg

Шпакоўскі ў апазіцыйных колах мае ўжо салідную біяграфію. Будучы фанатам мінскага «Дынама», хлопец прыйшоў у «Правы Альянс». На выбарах 2006 года быў чальцом аховы Мілінкевіча, пасля далучыўся да Руху «За Свабоду» і нават праводзіў свае кампаніі: у прыватнасці, за барацьбу з п’янствам у асобных раёнах Мінску.

Зараз Шпакоўскі выступае як палітолаг, каментуючы падзеі збольшага ў рэчышчы дзяржаўнай ідэалогіі. Пры гэтым, ужо не першы год фактычна з’яўляецца чальцом каманды інтэлектуалаў Аляксея Дзерманта, якая адстойвае «еўразійскі шлях развіцця» для Беларусі. Не аднойчы Шпакоўскі быў заўважаны і на мерапрыемствах «Фонду Гарчакова», вядомага падтрымкай прарасійскай «мягкай сілы» ў Беларусі.

Рэзанансным стаў нядаўні допіс Шпакоўскага ў сувязі з прызначэннем на пасаду міністра адукацыі камуніста Ігара Карпенкі. «Прызначэнне (…) магу толькі вітаць, — піша Шпакоўскі ў фэйсбуку. — Гэта рэалізацыя нашага плану біць савецкай ідэяй па ўсіх відах нацыяналізму. Зараз трэба пачысціць яшчэ Міністэрства культуры, асобныя структуры Акадэміі Навук, гуманітарныя факультэты ВНУ…»

Для некаторых былых паплечнікаў Шпакоўскага па «Правым Альянсе» падобныя прызнанні сталі шокам, бо менавіта ён вадзіў іх у свой час на шэсці ў Курапаты, дзе красамоўна распавядаў, як камуністы забілі там ягонага дзеда.

Віцебскі «зубр» на Данбасе 

Сяргей Трафімаў

sjarhej_trafimau__2_.jpg

Баевіка «ЛНР», які паходзіць з Віцебску, выявілі не так даўно незалежныя журналісты. На Данбасе Трафімаў быў двойчы: спачатку ў батальёне «Русь», пазней, цягам другога заезду, у 4-м танкавым батальёне. Мужчына ў інтэрв’ю прызнаецца, што спачатку забіваць было непрыемна, а пасля звыкся: «Як кавы выпіць». Зараз экс-баявік спакойна жыве ў родным Віцебску ды асабліва не пераймаецца законам пра «наймітаў» ды крымінальнай адказнасцю.

У інтэрв’ю журналісту «Радыё Свабода» Трафімаў распавёў таксама пра свае сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ пасля паездак, «прафілактычныя размовы» ды нават спробу супрацы: яму прапанавалі «троліць» апазіцыянераў у інтэрнэце. Зрэшты, у сацсетках Сяргей працуе і самастойна, з’яўляючыся адмінам суполкі «АнтыМайдан рэгулярная армія Наваросіі».

sjarhej_trafimau__1_.jpg

Нічога ў гэтай гісторыі не было б дзіўнага — падобных «герояў» дзясяткі — калі б на пачатку 2000-х Трафімаў не быў актывістам «Зубра», а пасля — АГП.  Куратарам віцебскіх «зуброў» на той час была Вольга Карач, якая станоўча ахарактарызавала Сяргея ды нават згадала, як яны разам ездзілі на акцыі ў Мінск. У АГП таксама пацвердзілі, што Трафімаў раней праходзіў па партыйных спісах.

«Гэта выгадна амерыканцам… як і сітуацыя з Югаславіяй»

Зміцер Ус

zmicer_us.jpg

Прозвішча Уса больш вядомае ў кантэксце падзеяў 2010-2011 гадоў, калі той спачатку прыняў удзел у прэзідэнцкай кампаніі, а пасля — апынуўся ў турме, як і іншыя апазіцыйныя палітыкі. У 2010-м Ус працаваў фактычна ў пары з Мікалаем Статкевічам, нават па рэгіёнах яны ездзілі разам. Тады і склаўся ўстойлівы вобраз смелага палітыка, які нават у суд пазней прыйшоў добраахвотна, ведаючы, што пасадзяць, але не спрабуючы збегчы.

Тым больш дзіўна было пачуць ад сп. Зміцера ў 2014-м пра Украіну, якой «дэ-факта няма», дзе «збіваюць рускамоўных», «нацкоўваюць людзей адно на аднаго» і г.д. Выбар крымчукоў на карысць Расіі Ус паважае. А ва ўсёй сітуацыі ў нашых суседзяў, як аказалася, вінаватая Амерыка: «…амерыканцы і палякі добра прафінансавалі гэтую сітуацыю. Проста гэта выгадна амерыканцам, усе грошы цяпер зарабляюць амерыканцы (…). Як і ў сітуацыі з Югаславіяй».

Сын палітыка — Іван Ус

Сын палітыка — Іван Ус

Яшчэ большым шокам было даведацца, што сын Зміцера Іван Ус у тым жа 2014-м стаў адмінам суполкі «Антымайдан Беларусь» у сацсетках ды рыхтаваў з’езд прыхільнікаў «рускага свету» з ліку нацболаў, сяброў РНЕ, славянафілаў і інш. Зрэшты, сам з’езд так і не адбыўся (прынамсі публічнай інфармацыі пра яго не было). Іван таксама займаўся гуманітарнай дапамогай для ДНР, бацькі да гэтага ставіліся цалкам станоўча.

«Раздзел Украіны ў інтарэсах Беларусі»

Ігар Драко

ihar_drako__1_.jpg

Палітолаг, публіцыст, актывіст кампаніі Уладзіміра Някляева ў 2010-м, які пасля сыходу лідара працягнуў працу на «Гавары Праўду» з Дзмітрыевым і Караткевіч. Цікава, што нягледзячы на стрыманую пазіцыю той жа Таццяны Караткевіч па Крыму і Украіне, Драко выказаўся даволі адназначна.

«Публіка «сінявокай» неяк занадта напружваецца наконт цэласнасці Украіны. Як быццам не заўважаюць перспектываў, якія адчыняюцца перад намі, калі будзе не адна Украіна, а, скажам, тры: непасрэдна Украіна, Наваросія і Галічына…» — піша Драко ў сваім артыкуле «Раздзел Украіны ў інтарэсах Беларусі». Далей ідуць трызненні пра сацыяльна-эканамічныя і палітычныя выгоды, якія займее краіна пасля калапсу суседкі. Літва ў тым жа артыкуле называецца «палітычным карлікам», якую варта прыяднаць на правах «малодшага партнёра».