Што нам так і не расказаў Лукашэнка?
Аляксандр Лукашэнка нярэдка асцярожнічае і абяцае «расказаць шмат цікавага» ў будучыні. У 2020 годзе ён даў не адно такое абяцанне. Але ні разу так нічога і не расказаў.
Еўрарадыё вырашыла ўспомніць, «праўду» пра што мы да гэтага часу чакаем з нецярпеннем.
«Шмат цікавага» пра каронавірус
27 сакавіка, праз месяц пасля выяўлення першага ў Беларусі выпадку каронавіруса, Лукашэнка загадкава выказаўся па тэме. Падчас наведвання прадпрыемства «Белгіпс» ён сказаў:
— Вось калі скончыцца каранавірус гэты, і не вірус, а псіхоз, я вам шмат чаго цікавага раскажу. Вельмі шмат.
Тады ж ён прапанаваў падумаць над пытаннем: «Каронавірус — рукатворная інфекцыя ці выпадкова з паветра з’явілася, каму яна патрэбна была і хто ёй скарыстаўся?»
— Хтосьці абвясціў, што гэта вайна, у кагосьці выбары, у кагосьці яшчэ штосьці і кожны пачынае вярцець-круціць. З агнём жартуюць.
У выніку «шмат цікавага» мы так і не даведаліся, нават калі скончылася першая хваля і ўсё было эпідэміялагічна спакойна.
А што на самай справе? Усе гіпотэзы пра «штучнае паходжанне» COVID-19 неаднаразова зняпраўджвала Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Так, фактычна ён узнік «з паветра», таму што паветрана-кропельным шляхам і распаўсюджваецца. А з'явіўся з жывёльнага свету, дакладная крыніца яшчэ вызначаецца.
«Усё трэба расказаць» пра справу Бабарыкі
За тыдзень да затрымання Віктара Бабарыкі, але ўжо пасля ператрусаў у Белгазпрамбанку, Лукашэнка не прапусціў магчымасці таксама выказацца па тэме.
— І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой «лукашэнкаўскай дыктатуры» ён стварыў гэту ўласнасць, як ён хабар даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся... Гэта ўсё трэба расказаць беларусам, — казаў ён падчас паездкі ў Полацк.
Лукашэнка даручыў кіраўніку КДК усё «выкласці народу».
Яшчэ праз месяц ён сказаў, што Бабарыка «зарыдаў і пачаў даваць паказанні». Якія, не ўдакладняў.
А што на самай справе? Дзяржкантроль сапраўды расказаў сваю версію «справы Белгазпрамбанка», але яна не вытрымлівала ніякай крытыкі. Ніякіх доказаў прыведзена не было. Бабарыка так і не быў дапушчаны да выбараў. З тым, што ён «рыдаў і даваў паказанні», таксама нешта не так: нядаўна ў КДБ заявілі, што сваю віну экс-банкір не прызнае.
Цікава, што усё «выкласці народу» і пацвердзіць «слёзы Бабарыкі» павінен быў адзін і той жа чалавек: у час пачатку «справы Белгазпрамбанка» Іван Церцель быў старшынём КДК. Цяпер ён жа — кіраўнік КДБ, якое і заявіла пра непрызнанне віны Бабарыкам.
«Расійскія лялькаводы», якія згубіліся
Усю выбарчую кампанію Лукашэнка заяўляў пра замежнае ўмяшанне ў сітуацыю ў Беларусі. Прычым асноўнай дзейнай асобай, на яго думку, была Расія.
— Нам усё ж удалося зрабіць некаторыя крокі на апярэджанне і сарваць маштабны план дэстабілізацыі Беларусі (гэта не жарт і не запалохванне) і прыводу краіны да нейкага майдану. Такая была мэта. Маскі сарваныя з пэўных не толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі, — казаў ён і адкрыта паказваў на тое, што яны ёсць «і з Усходу».
За суткі да гэтай заявы кіраўнік КДК Іван Церцель адкрыта называў «лялькаводамі» прадстаўнікоў карпарацыі «Газпром».
— Такімі асобамі з'яўляюцца, мы ведаем, вялікія начальнікі ў «Газпроме», а можа быць, і вышэй, — казаў ён. Вышэй «Газпрома» ёсць толькі прэм'ер-міністр і прэзідэнт Расіі. Празрысты намёк.
А што на самай справе? Адразу пасля выбараў чароўным чынам усе абвінавачанні ў адрас Расіі перасталі гучаць. Цяпер галоўныя ворагі — Літва, Польшча і Чэхія. Менавіта ад іх Лукашэнка цяпер просіць Расію абараніць Беларусь. Сваім грамадзянам ніякіх шакавальных падрабязнасцяў ён так і не расказаў.
«Каб пургі не гналі». Справа «Вагнера»
У канцы ліпеня ў Беларусі былі затрыманыя 33 баевікі. ДзяржТБ аператыўна ідэнтыфікавала іх як удзельнікаў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер». Прагучалі заявы пра тое, што яны (і не толькі яны) прыехалі дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі.
— Малайцы [КДБ і СК. — Еўрарадыё], што высветлілі, што гэта першая група. Я так разумею, гэта толькі першая група са 180 або 200 чалавек, якая планавалася да перакідвання ў Беларусь. І прытым, калі я гэта кажу — я прачытаў даклад, — гэта дакладныя звесткі сёння.
Тады ж Лукашэнка сказаў, што Беларусь «адкрытая» для перадачы дадатковай інфармацыі расіянам: «Мы нічога не хаваем, але нам патрэбна праўда».
— Праўда павінна быць прад'яўлена грамадству, — даручаў ён.
Сілавікі пры гэтым казалі, што ў цэлым у Беларусь прыехала «да 200» баевікоў. Іх усіх абяцалі знайсці.
А што на самай справе? Ужо пасля выбараў, калі Лукашэнка зноў пасябраваў з Крамлём, Беларусь выдала «вагнераўцаў» Расіі. Пра тое, што яны прыязджалі «дэстабілізаваць» абстаноўку ў краіне, усе забыліся — і сілавікі, і прапагандысцкія медыя. У расійскіх медыя пачалі сцвярджаць, што ўсё тое, што адбылося, — «правакацыя ўкраінскіх спецслужбаў».
Пра 170 «нязнойдзеных баевікоў» таксама ніхто не ўспамінаў, хоць яшчэ летам у Савеце бяспекі і КДБ упэўнена гаварылі пра тое, што тыя хаваюцца па беларускіх лясах. Здавалася б, ужо снежань — пара б і знайсці іх, а то яшчэ замерзнуць.
«Усё раскажу ў дэталях»: пра «напад» Польшчы
Пасля выбараў Лукашэнка пачаў пераконваць усіх у новай пагрозе: нібыта Польшча і іншыя краіны НАТА плануюць ледзь не ўварвацца ў Беларусь. Тады войска было прыведзенае ў баявую гатоўнасць, некалькі падраздзяленняў перакінутыя да заходняй мяжы. А Лукашэнка намякаў захаду на магчымы адказ (хай пакуль і незразумела, на што) з боку АДКБ.
— Ні ў якім выпадку не паддавайцеся на правакацыі. Усё, што яны [праціўнікі дзейнай улады. — Еўрарадыё] кажуць, — гэта фэйкі. Сітуацыя супакоіцца — і я ўсё раскажу ў дэталях, — угаворваў ён чыноўнікаў.
А што на самай справе? Пакуль што адзіныя «доказы» планаванай інтэрвенцыі ў Беларусь — словы Лукашэнкі і іншых беларускіх чыноўнікаў. Краіны НАТА гэта зняпраўджвалі. Нават Расія ў жніўні заявіла, што АДКБ будзе ўмешвацца толькі ў выпадку знешняй агрэсіі. Якой пакуль што няма.
Наратыў пра пагрозу з боку НАТА Лукашэнка пачаў паўтараць у лістападзе. Аднак ніякіх дэталяў таго, што адбываецца, так і не расказаў — толькі зачытаў матэрыялы нібыта «выведкі», а яшчэ раней перадаў Маскве размовы «Ніка і Майка». Сапраўднасць звестак не пацвердзілі нават у Расіі: далікатна прамаўчалі.
«Будзе вельмі цікава»: пра размовы «Натулі» і «Дзімы»
Злівы тэлефонных размоў, як мяркуецца, Наталлі Эйсмант, Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, нарабілі шмат шуму ў лістападзе.
— Калі гэта, то я табе [журналісту з прэзідэнцкага пула. — Еўрарадыё] павінен сказаць і ўсім: не час, пацярпіце трошкі, на наступным тыдні ўсё раскажам. Паверце, будзе вельмі цікава, — гаварыў Лукашэнка ў Гомелі 20 лістапада.
А што на самай справе? «На наступным тыдні» Лукашэнка так нічога і не расказаў. Ужо канчаецца яшчэ адзін тыдзень, прычым з'явіўся чарговы «зліў» — гэтым разам узроўнем вышэй: як мяркуецца, на запісе гутараць Наталля Эйсмант і памочнік Лукашэнкі па агульных пытаннях Мікалай Латышонак. Ніякіх афіцыйных каментароў да гэтага часу няма. Магчыма, і не будзе.