Старасць не радасць. Чаму Лукашэнку паказваюць без грыму?
Стан здароўя Лукашэнкі з асабістай праблемы састарэлага дыктатара ператвараецца ў праблему цэлай дзяржавы.
Лукашэнку зноў паказалі сіпатага і старога — гэтым разам на нарадзе па цэнаўтварэнні. Нямоглага Лукашэнку, які ледзьве кавыляе, упершыню адкрыта паказалі на парадзе ў Маскве 9 траўня. З таго часу прапаганда, напляваўшы на 30-гадовыя парадкі, не саромеецца паказваць яго ў непрыглядным стане. Чаму так адбываецца?
Можа, народ адмыслова дэзынфармуюць пра «балячкі» кіраўніка, стан якога прыдворны міністр Каранік насамрэч ацэньвае як «вельмі харошы»? Магчыма, дыктатара проста спрабуюць надзяліць чалавечымі якасцямі, у тым ліку звычайнымі хваробамі сярэднестатыстычнага беларуса? Каб выклікаць спагаду, напрыклад. Ці сапраўды гады бяруць сваё? У 70 гадоў на каньках не надта пакатаешся і за маладзіцамі не пабегаеш, нават калі ў тваім распараджэнні цэлае Міністэрства аховы здароўя. Праверка свайго атачэння на вашывасць?
Пры поўнай адсутнасці інфармацыі пра стан здароўя Лукашэнкі любая версія мае права на існаванне. У любым выпадку, стан здароўя Лукашэнкі з асабістай праблемы састарэлага дыктатара ператвараецца ў праблему цэлай дзяржавы. Што адбудзецца, калі заўтра Лукашэнка памрэ? «BGmedia» пагаварылі пра гэта з незалежным аналітыкам Пятром Рудкоўскім.
— Лукашэнку зноў паказалі народу хворым — без голасу. Мы ўсе памятаем, як на травеньскія святы ў Маскве Лукашэнка ледзь перасоўваўся самастойна, мы бачылі яго знясіленым падчас афрыканскага ваяжу. Прапаганда паказвае кіраўніка апухлым і знясіленым, што ніяк не ўпісваецца ў партрэт «прэзідэнта»-спартсмена: хакеіста, футбаліста і касца. Стан здароўя Лукашэнкі цалкам засакрэчаны, а тут яго паказваюць старым і хворым дзедам. Чаму так адбываецца?
— Выглядае на тое, што праблемы са здароўем у Лукашэнкі занадта частыя, каб з-за гэтага перастаць яго паказваць у СМІ. Сам факт таго, што ён з часам з цяжкасцю гаворыць, можа нават узмоцніць падтрымку з боку яго цвёрдага электарату, бо спрацоўвае тут фактар спачування «паважанай асобе». Праблема ў тым, аднак, што голас для Лукашэнкі — гэта надзвычай важная складовая яго харызмы. Калі сапраўды ў яго хранічныя праблемы з голасам і калі справы ідуць на пагаршэнне, то гэта моцна паўплывае на яго далейшае функцыянаванне ў якасці прэзідэнта.
— 9 траўня 2021 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт, паводле якога ў выпадку яго гвалтоўнай смерці ўлада пераходзіць да Савета бяспекі на чале з прэм’ер-міністрам, а ў краіне ўводзіцца надзвычайнае ці ваеннае становішча. Дэкрэт выдадзены па гарачых слядах масавых пратэстаў. Цяпер, пасля закатвання ў асфальт усяго жывога ў Беларусі, ці актуальны апісаны механізм?
— Дэкрэт быў яўна скіраваны на дэматывацыю прыхільнікаў перамен сярод наменклатуры. Ён павінен быў унушыць перакананне, што нават у выпадку смерці Лукашэнкі ім няма сэнсу спадзявацца на нейкія змены, бо паўната ўлады пяройдзе да сілавікоў, якія не дапусцяць якой-кольвечы дэмакратызацыі. І гэтая функцыя — дэматываванне — застаецца актуальнай. Іншая справа, што факт «гвалтоўнай смерці» далёка не заўсёды відавочны. За выключэннем сітуацыі, калі хтосьці з аўтамата прылюдна страляе або кідае гранату ў прэзідэнта, у большасці выпадкаў устанаўленне «гвалтоўнасці» патрабуе экспертызы і расследавання. Адпаведна, паўстае пытанне пра аўтарытэтны орган, які мае сцвердзіць «гвалтоўнасць» смерці, паўстае пытанне тэрмінаў, у якія гэта павінна быць зроблена. Гэтыя моманты не рэгулюцца ў дэкрэце, дый складана тут вынайсці дзейсны механізм.
— Ці не адкрыў Лукашэнка скрыню Пандоры, падпісаўшы гэты дэкрэт? Напрыклад, развязаў тым самым рукі свайму атачэнню, якое надумае здзейсніць дзяржпераварот? Або Крамлю, які любіць пачаставаць сваіх праціўнікаў гарбатай са смяротнымі прысмакамі?
— Любы аўтакрат вымушаны выбраць, каму больш і каму менш можа давяраць. Дэматывацыя наменклатуры, якая магла б жадаць перамен, мае адваротны бок: з’яўленне спакусы ў сілавікоў, каб або самастойна, або ў хаўрусе са знешнімі сіламі звергнуць аўтакрата і, выкарыстоўваючы падпісаны самім аўтакратам дэкрэт, захапіць паўнату ўлады ў краіне. З улікам адсутнасці палітычнага досведу ў каго-кольвек з сілавікоў (за выключэннем, можа, Шэймана) і адносна моцнай лаяльнасці да Лукашэнкі, пакуль што няма асаблівых падстаў прагназаваць такі пераварот.
— За 30 гадоў праўлення Лукашэнкі замахаў на яго жыццё не зафіксавана. Аднак, як пісаў паэт, нішто (і тым больш ніхто) не вечна пад Месяцам. Што чакае краіну ў выпадку натуральнай смерці Лукашэнкі? Цяпер, калі ідзе вайна супраць беларускага народа ўнутры краіны, калі Расія працягвае вайну ва Украіне?
— Як я ўжо адзначыў, дэкрэт з траўня 2021 года не ўстанаўлівае дзейсных механізмаў прадухілення захопу паўнаты ўлады дзяржбяспекай нават у выпадку натуральнай смерці. Пры непразрыстасці сістэмы не будзе асаблівых праблем у сілавікоў сабраць групу лекараў, якія пад прымусам ці ў выніку ўступлення ў добраахвотную змову, выдадуць заключэнне, што, напрыклад, «прэзідэнт быў атручаны». Згодна з дэкрэтам, паўната ўлады пераходзіць у рукі дзяржбяспекі, а ў краіне ўводзіцца надзвычайнае становішча. Гэта адзін са сцэнарыяў у выпадку смерці Лукашэнкі. Магчымыя і іншыя варыянты: перафарматаванне аўтакратыі без увядзення надзвычайнага становішча, выйсце з ценю прыхільнікаў перамен — шмат што будзе залежаць ад бягучых абставінаў.