ААН запатрабуе ад Беларусі тлумачэнняў адносна палітвязня Мікалая Дзядка

Спецдакладчыкі ААН маюць намер запатрабаваць ад Беларусі тлумачэнняў адносна сітуацыі з палітвязнем Мікалаем Дзядком. Як паведамляе Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, адпаведнае пацвярджэнне атрыманае па звароце, які быў адпраўлены 2 ліпеня і ў якім выкладзеныя факты ўсё больш моцнага націску на Дзядка.



dzjadok1.jpg

Зварот быў адпраўлены спецдакладчыку ААН па сітуацыі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі Міклашу Харашці, спецдакладчыку ААН па пытаннях аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання Хуану Мендэсу, спецдакладчыку Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні, кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майры Моры і прадстаўніку ПРААН у Беларусі Санаку Самарасінху.


У лісце прыводзяцца факты таго, што Дзядок за паўтара месяца пасля пераводу на новае месца адбыцця пакарання па прыгавору суда правёў у карцары 42 дні, яго здароўе і жыццё знаходзяцца пад небяспекай, ён быў вымушаны ў знак пратэсту парэзаць сабе вены і жывот, быў пазбаўлены права бесперашкодных зносінаў з адвакатам, прыцягваўся да прымусовай працы. 
 


Ацэньваючы такую сітуацыю, Lawtrend зазначае: "Неаднаразовае змяшчэнне Дзядка ў ШЫЗА пазбаўляе яго магчымасці задавальняць свае мінімальныя патрэбнасці ў ежы і гігіене, перапіскі са сваякамі, таму што ўсё гэта забаронена ў ШЫЗА. Рабіліся шматлікія спробы абскардзіць дзеянні адміністрацыі ў межах нацыянальных прававых механізмаў, аднак усе яны аказаліся неэфектыўнымі. Больш за тое, стала вядома, што Мікалаю Дзядку зноў пагражаюць крымінальным пераследам па арт. 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь". 
 


Цэнтр прававой трансфармацыі прыраўноўвае прымяненне адміністрацый калоніі № 9 вышэйпералічаных дзеянняў да катаванняў і іншых форм жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжальнага годнасць абыходжання або пакарання ў дачыненні да Дзядка. "Адсутнасць эфектыўных сродкаў прававой абароны на нацыянальным узроўні прымушае нас звярнуцца да міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека ў межах ААН, а таксама інфармаваць інстытуты ЕС і СЕ, парадак дня якіх уключае пытанні выканання правоў чалавека ў Беларусі", — гаварылася ў лісце.
 


Нагадаем, у маі 2011 года актывісты анархісцкага руху Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч і Аляксандр Францкевіч былі асуджаныя судом Заводскага раёна Мінска за злачынствы, прадугледжаныя часткай 2 артыкула 339 (злоснае хуліганства) і часткамі 2 і 3 артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) КК. Ім ставілі ў віну напад на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расіі ў Мінску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Аднак, паводле ацэнак праваабаронцаў, падставай для прысуду стаў удзел Дзядка ў мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Мінабароны супраць сумесных расійска-беларускіх ваенных вучэнняў. 


У лютым гэтага года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Дзядка, які павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка, вінаватым у злосным парушэнні рэжыму і прыгаварыў да года і трох дзён пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне палітзняволенага накіравалі ў калонію № 9 у Горках.


Дзядка перавялі ў горацкую калонію 12 мая, а ўжо на наступны дзень ён быў змешчаны на пяць сутак у штрафны ізалятар. 19 мая яго зноў змясцілі ў штрафны ізалятар, дзе ён пакутаваў ад холаду і прасіў перавесці яго ў іншую камеру, але беспаспяхова. У выніку 20 мая, каб прыцягнуць увагу дзяжурных па ізалятары, малады чалавек парэзаў сабе рукі і жывот. Палітзняволенага змясцілі ў медчасць, але пасля аказання першай медыцынскай дапамогі вярнулі ў тое ж халоднае памяшканне ізалятара, дзе ён прабыў да 26 мая. Затым Дзядка перавялі ў атрад і накіравалі на працу. Ён адмовіўся, і 2 чэрвеня яго змясцілі ў штрафны ізалятар на сем сутак. 

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.