Вентылятар, майткі і халоднае абціранне — як выжываюць у спёку зняволеныя

Анамальная спёка назіраецца ў Беларусі ўжо некалькі дзён. Ніякіх дажджоў, а тэмпература дасягае 30–32 градусаў.



355ef33e_b23a_4d37_98c1_e194492a73ff_w640_r1_s.jpg

Каб захаваць добрае самаадчуванне, медыкі раяць піць зялёную гарбату, бываць на прыродзе, насіць лёгкае адзенне з натуральнай тканіны і менш карыстацца касметыкай і парфумай.

А як змагаюцца са спёкай у турме? Што робяць вязні, каб перажыць самыя гарачыя дні ў годзе? Пра гэта радыё "Свабода" распытала былых палітвязняў.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа, што ўзгадвае спякотныя дні як самыя пакутлівыя за час свайго зняволення. Паводле Бяляцкага, супрацоўнікі турмаў, спасылаючыся на правілы ўнутранага распарадку, выкарыстоўваюць гарачыню для катавання зняволеных.

«Спёка — гэта вялікая бяда для зняволеных. Асабліва гэта тычыцца СІЗА, закрытых памяшканняў. Каб нейкім чынам аблегчыць там свой стан, вязні распранаюцца да майткоў, ходзяць толькі ў майтках, пастаянна паліваюцца вадой і ўвесь час ляжаць, бо задуха і вільготнасць страшныя. Гэта можна параўнаць са знаходжаннем у падводнай лодцы, бо не хапае паветра. Гэта элементарнае катаванне. Трохі прасцей у калоніі, бо там больш паветра ў памяшканнях, дый перанасялення асабліва няма. Але затое там вельмі строга з формай — вязень мусіць насіць чорную куртку, штаны і шапку, а таксама штосезонныя кірзавыя чаравікі. Гэта значыць, што людзі там увесь час потныя і мокрыя, асабліва калі трэба стаяць на сонцы. Гэта складанае выпрабаванне для здароўя. А распранацца нельга, калі ты нават проста расшпілішся, то за гэта могуць пакараць. Мяне, напрыклад, аднойчы пакаралі за тое, што я быў у швейным цэху, дзе мы працавалі, у майцы, а не ў робе».

Алесь Бяляцкі звяртае ўвагу на тое, што ў спёку абвастраецца яшчэ адна праблема — гігіены зняволеных:

«Ва ўсіх турмах у гарачыню абвастраецца праблема з мыццём. Гарачая вада — раз на тыдзень, а людзі ж потныя кожны дзень. Застаецца мыцца халоднай вадой пад душам ці неяк абцірацца да пояса. Таксама забаронена апаляцца на сонцы — гэта караецца. Хоць відавочна, што зняволеныя былі б трохі здаравейшыя, калі б якую гадзіну ім дазволілі правесці на сонцы».

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч кажа, што стварыць больш камфортныя ўмовы ў турме можа толькі яе адміністрацыя, ад саміх вязняў мала што залежыць.

«Адзіная палёгка — гэта калі адміністрацыя турмы дазваляе перадаць вентылятар. Больш нічога зрабіць нельга, каб істотна палегчыць свой стан. Але гэта не тычыцца СІЗА. Памятаю, калі я быў у 2006 годзе на „Валадарцы“, то там зняволеныя хадзілі ў споднім. Памятаю, увесь дзень з цябе цячэ. Пішаш ліст, а з твару пот капае на аркушы. Бывае, што супрацоўнікі турмы адчыняюць „кармушкі“ на дзвярах камер, каб стварыць дадатковую вентыляцыю. Зразумела, што кіраўніцтва турмаў не зацікаўленае ў тым, каб здараліся смяротныя выпадкі з-за спякоты.

Калі казаць, што горш — мароз ці спёка, то я скажу, што спёку перанесці складаней. У мароз можна дадаткова апрануцца, калі ты, вядома не сядзіш у тонкай кашулі ў карцэры ці ізалятары, дзе тэмпература ніколі не падымаецца вышэй за 15 градусаў. Ад спёкі нікуды не дзенешся. Трэба цярпець».

Жонка Міколы Статкевіча, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 году, Марына Адамовіч адзначыла, што яе муж моцна пакутаваў ад спёкі летась. Пра гэта ён казаў на спатканні ў канцы 2014 году.

«Зняволеныя практычна ніякім чынам не могуць палегчыць свой стан падчас спёкі. Змена формы адзення можа паслужыць нагодай, каб узмацніць пакаранне, як гэта было з Мікалаем Дзядком. Сапраўды, там неверагодна пакутлівая спёка. Мікола мне казаў, што ў спёку асабліва невыносна тым, хто на апошнім паверсе, бо там вельмі моцна награецца дах. Але Міколу троху пашанцавала — яго памяшканне не на сонечным баку. Так, цягам году ён ніколі не бачыць сонца, але ў спёку гэта плюс. Яшчэ Мікола абліваецца халоднай вадой — але гэта яго звычайная завядзёнка, якая не залежыць ад надвор’я», — сказала Марына Адамовіч.

www.svaboda.org