Шкура незабітага мядзведзя

Чым бліжэй прэзідэнцкія выбары, тым больш у дэмакратычных колах рознага роду фэйкаў. Стартавая фішка беларускай апазіцыі — заблытаць грамадства, каб было на што спісаць чарговыя правалы.



vibori.jpg

Кангрэс ці кангрэсы?

Перамовы пра вылучэнне «адзінага кандыдата» ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2015-га года цягнуцца ўжо доўга. Згода дасягнутая ў тым, што вылучаць яго павінен чарговы Кангрэс дэмакратычных сілаў. Але пакуль што спрэчкі ідуць пра прадстаўніцтва дэмакратаў у Кангрэсе. На сённяшні момант усім замінае пазіцыя кампаніі «Гавары праўду!», якая настойвае на тым, каб удзел у Кангрэсе мелі магчымасць прымаць тыя, хто збярэ 150 подпісаў звычайных грамадзян за вылучэнне на гэтае мерапрыемства. Астатнія «перамоўшчыкі» не пагаджаюцца, бо не маюць ніякага ўяўлення пра тое, як праверыць сапраўднасць гэтых подпісаў.

А тым часам лідары левых партый і аргкамітэтаў па стварэнні такіх партый паведамілі, што ў кастрычніку мае прайсці Кангрэс левых сілаў Беларусі. На ім плануецца прыняць «Платформу левых сілаў да выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе» і «Пасланне левых партый беларускаму народу». Левыя выказваюць надзею, што гэтая платформа будзе ўзятая за аснову і стане праграмным дакументам (цалкам або часткова) магчымага адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі. Свайго ж кандыдата ў прэзідэнты ці ў «адзіныя» левыя пакуль вылучаць не плануюць, бо, як зазначыў лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, гэта б «разбурыла працэс кансалідацыі апазіцыі і абранне адзінага кандыдата».

Але ўльтыматум ужо выстаўлены. Па словах каардынатара аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі працоўных Аляксандра Бухвостава, дэлегаты ад левых на КДС падтрымаюць таго кандыдата, які пагодзіцца з платформай левых. А калі не пагодзіцца, адпаведна, не падтрымаюць.

Яшчэ адзін Кангрэс нам абяцае беларуская інтэлігенцыя. Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў і ягоная намесніца Алена Анісім у «Народнай волі» ад 8 жніўня прапанавалі стварыць аргкамітэт па правядзенні «Усебеларускага кангрэса за незалежнасць Беларусі». Дзеля захавання беларускай незалежнасці яны прапануюць правесці «шырокі дыялог паміж наменклатурай рознага ўзроўню, прадпрымальнікамі, інтэлектуаламі, фермерамі, прафсаюзамі і грамадзянскай супольнасцю». Што дасць такі кангрэс і такое абмеркаванне — не зусім зразумела, але яго плануюць правесці да канца года.

Такім чынам, у краіне замест аднаго КДС з дакладна вызначанай мэтай — абранне «адзінага кандыдата ад апазіцыі», — будуць тры Кангрэсы з «паралельнымі» мэтамі.

Папярод «адзінага» ў пекла

Тым часам ужо пачаўся «парад кандыдатаў». Пра гатоўнасць вылучацца на пасаду прэзідэнта заявілі як мінімум двое чалавек: генерал, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Фралоў і намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім.

Валер Фралоў традыцыйна разлічвае на «адказнасць за краіну» сябраў-вайскоўцаў. Але, нават калі за яго «падпішацца» ўсё беларускае войска — ад галоўнакамандуючага да шарагоўца, — гэта толькі 60 000 подпісаў з неабходных для рэгістрацыі кандыдатам 100 000. Астатнія 40000 маглі б назбіраць ягоныя сябры з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якая ўсё ніяк не можа ачуняць ад кіраўніцтва мінулага лідара Анатоля Ляўковіча. Але, пагадзіцеся, і першае, і другое — з галіны фантастыкі.

Алена Анісім разлічвае на абстрактныя «нацыянальныя сілы». Сама Анісім адзначыла, што ТБМ — не палітычная арганізацыя, і ў выбарах удзелу не прымае, а значыць, разлічваць на тое, што сябры гэтай арганізацыі будуць збіраць подпісы за яе вылучэнне, не вельмі рэальна. Зазначалася, што яе гатовая падтрымаць Рада беларускай інтэлігенцыі. Аднак гэтая Рада ўсім ранейшым кандыдатам, «адзіным» ці «не адзіным» аказвала выключна маральную падтрымку.

Да таго ж, раскруціць з нуля кандыдата на прэзідэнты — велізарная праца. Калі ў Фралова з вядомасцю лепш (яго хаця б спачатку ведалі, а потым забыліся), то ў Анісім з гэтым праблемы.

Куды падзеліся «буйныя»?

Магчыма, «самавылучэнне» такіх мала вядомых асобаў разлічанае на тое, каб «застаўбіць пляцоўку» ў якасці магчымага «адзінага». А там, чым чорт не жартуе, можа, і нешта атрымаецца? Тым больш, што зараз апазіцыя як ніколі здольная прапусціць «шэрую мыш» праз сіта ўзаемных інтарэсаў.

Гэта звязана з тым, што большасць з раскручаных лідараў апазіцыі патрапілі пад крымінальныя справы ў 2010 годзе.

Вызваленне ад адбыцця пакарання, напрыклад, Уладзіміра Някляева не азначае, што з яго знятая судзімасць. А нязнятая судзімасць дае фармальныя падставы не зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты. Тое ж тычыцца актыву Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага. Кандыдаты на прэзідэнта Алесь Міхалевіч і Андрэй Саннікаў пакінулі Беларусь, а Мікалай Статкевіч дагэтуль знаходзіцца ў вязніцы.

belaruscandidatesinjail_dec20_2010.jpg

Больш-менш прахаднымі на «адзінага» застаюцца старыя супернікі — Анатоль Лябедзька і лідар «Руху «за Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Нагадаем, што ў 2006 годзе на аналагічным Кангрэсе Мілінкевіч на выбарах «адзінага» перамог Лябедзьку нязначнай колькасцю ў 8 галасоў. Але Лябедзька пакуль што выступае «за сумленныя і справядлівыя выбары», і наконт сваёй кандыдатуры нічога не кажа. Тое ж самае робіць і Мілінкевіч. «Калі Кангрэс мне цвёрда скажа: «Ты мусіш ісці таму і таму», то я гэта, безумоўна, выканаю», — сказаў палітык у інтэрв’ю «Еўрарадыё».

Карацей, за год да пачатку перадвыбарчай кампаніі апазіцыя яшчэ не ведае, з кім яна будзе працаваць.

Без выбару

Пры гэтым усе разумеюць, што выбараў у Беларусі няма, а выніковая лічба па галасаванні малюецца ў Цэнтрвыбаркаме. У такіх варунках выстаўляй «адзінага», не выстаўляй — усё адно. Таму апазіцыя звыкла займаецца не «пераможнымі сцэнарамі», а «скарыстаннем выбараў як кампаніі па данясенні да насельніцтва альтэрнатыўнага бачання развіцця Беларусі» ды «працай па недапушчэнні легітымізацыі ўлады». Кампанія «Гавары праўду!» нават выпрацавала стратэгію пад умоўнай назвай «Не ХТО замест Лукашэнкі, а ШТО замест Лукашэнкі». Маўляў, не мае значэння, хто прыйдзе на замену першаму, і пакуль што адзінаму кіраўніку краіны: горш ужо не будзе. Галоўнае, каб патлумачыць шляхі развіцця Беларусі без Аляксандра Рыгоравіча.

Магчыма, такая стратэгія і мае шанец на жыццё, аднак падчас прэзідэнцкай кампаніі гэтае «ШТО» павінна ператварыцца ў «ХТО». Бо абіраюцца не стратэгіі, а канкрэтная асоба на канкрэтную пасаду. А з гэтым «хто» ў нас пакуль што праблемы.

Байкот?

Яшчэ адзін сцэнар прэзідэнцкай кампаніі прапанаваў Мікалай Статкевіч. На ягоную думку, асаблівасцю кампаніі 2015 года будзе тое, што яна пройдзе ва ўмовах рэальнай пагрозы анексіі з боку Расіі. «У такой сітуацыі апазіцыі, магчыма, прыйдзецца адмовіцца ад барацьбы за перамогу падчас выбараў», — мяркуе Статкевіч.

Таму трэба думаць пра тое, каб нанесці «непапраўны ўрон» афіцыйнаму Мінску на міжнароднай арэне. З гэтай мэтай можна вылучыць кандыдатам у прэзідэнты заведама «непрахаднога» апазіцыйнага лідара, які мае палітычную судзімасць ці нават знаходзіцца ў турме. У выпадку прагназуемай адмовы ўлады зарэгістраваць такога кандыдата, апазіцыя магла б разгарнуць акцыі пратэсту падчас агітацыйнай кампаніі (не чакаючы дня галасавання), а затым аб’явіць пра байкот выбараў і пра непрызнанне самога факта выбараў. Гэта, на думку Статкевіча, дазволіць апазіцыі захаваць свой аўтарытэт і нанесці рэжыму маральны і палітычны ўрон.

Дзіўна, канешне, што за байкот выбараў выступіў палітык, які раней быў заўсёды супраць байкоту. Але калі выбараў няма, то і сэнсу ў іх удзельнічаць сапраўды няма.

А час ідзе…

За год да пачатку прэзідэнцкай кампаніі апазіцыя не мае не тое што «адзінага» кандыдата ў прэзідэнты, але і нейкага ўцямнага і зразумелага сцэнару правядзення перадвыбарчай кампаніі. Больш за тое, амаль усе сцэнары (за выключэннем, бадай што, неакрэсленай працэдуры выбараў «адзінага кандыдата ад дэмсілаў») не разлічаныя на перамогу ў гэтай кампаніі.

А, як раней казаў той жа Статкевіч, без разліку на перамогу цяжка ўвогуле праводзіць перадвыбарчую кампанію. Губляецца галоўнае — стымул каманды.

Пакуль што ў дэмсілаў яшчэ ёсць час, каб дамовіцца міжсобку, колькі будзе «кангрэсаў», колькі «адзіных» і якім будзе план прэзідэнцкіх выбараў. Але гэтага часу застаецца ўсё меней. Як сведчыць практыка, абранне «адзінага» выклікае альбо раскол, альбо «самаўхіленне» ад працы тых арганізацый, якія не згодныя з ім працаваць. Таму і вызначацца трэба хутчэй, каб унутраныя разборкі не перашкаджалі прэзідэнцкай кампаніі.