Сямашка: Лукашэнка і Пуцін падпішуць усе дарожныя карты па інтэграцыі Беларусі і Расіі

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас перамоў, якія адбудуцца ў Маскве 9 верасня, падпішуць усе дарожныя карты па інтэграцыі дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы. Пра гэта заявіў пасол рэспублікі ў Расіі Уладзімір Сямашка, перадае ТАСС.

Фота rg.ru

Фота rg.ru

«Мы, дзякуй богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы, калі з 28 карт засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га чысла [верасня] даціснем, і ўжо 9-га чысла прэзідэнты [Расіі і Беларусі] сустракаюцца ў Маскве, дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя карты і карты развіцця паглыблення інтэграцыі», — паведаміў дыпламат на сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Аляксандрам Гусевым і віцэ-спікерам Дзяржаўнай думы Аляксеем Гардзеевым.

У пачатку ліпеня Лукашэнка прапанаваў распрацаваць стратэгію інтэграцыі з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы да 2030 года. 

4 чэрвеня пасол Расіі ў Мінску Яўген Лук'янаў паведаміў аб тым, што Расія і Беларусь ужо ўзгаднілі 27 з 28 дарожных карт па інтэграцыі. Раней прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што Беларусь завізіравала і перадала Расіі праекты 26 інтэграцыйных дарожных карт.

У 2019 годзе, калі першапачаткова планавалася завяршыць інтэграцыю, у Беларусі прайшоў шэраг пратэстаў супраць паглыблення супрацоўніцтва з Расіяй. Тады Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб неабходнасці весці шматвектарную палітыку і будаваць незалежную краіну. Ён рэгулярна наракаў на «імперскія замашкі» Расіі, крытыкуючы праект інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Такой пазіцыі ён прытрымліваўся да прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, калі пачаліся масавыя пратэсты супраць Лукашэнкі.