Расійскі эксперт даказаў штучнасць «перахопленай размовы» Ніка і Майка пра Навальнага
У «перахопленай размове» пра Навальнага загадкавых Ніка і Майка выявілі наяўнасць растыражаваных «шумоў». Аўдыёзапіс прааналізаваў Леў Крылянкоў, аналітык арганізацыі «Назіральнікі Пецярбургу», піша Свабода.
Зыходныя файлы, з якіх быў зведзены запіс, паводле інфармацыі аналітыка, мелі звычайныя назвы. Некаторыя з іх, паводле здагадкі Крылянкова, — гэта запісы з дыктафону дыктараў агучкі (магчыма маркі TASCAM).
Паводле яго найбольш цікавымі былі «шумы» аўдыёзапісу.
«Аказалася, што шумы ўяўляюць сабой растыражаваны шмат разоў адзін і той жа патэрн. Камусьці лянота было біцца над стварэннем праўдападобных доўгіх перашкодаў, і ён спрасціў задачу. Мяркую, з пункту гледжання генератараў фальшыўкі, любы перахоп праводзіцца ў вельмі складаных метэаралагічных умовах і абавязкова павінен утрымліваць перашкоды», — піша Крылянкоў.
Ён прыводзіць малюнак, на якім можна параўнаць фрагменты шуму, адлеглыя адзін ад аднаго прыкладна на дзве секунды.
«Вельмі падобна на стэрэа-запіс, дзе два каналы супадаюць, але гэтыя гукі ідуць у розны час — проста я іх паставіў адзін над іншым для нагляднасці супастаўлення. Гэты фрагмент сустракаецца ў запісе яшчэ шмат разоў», — піша ён.
Крылянкоў перакананы, што ў тых, хто рыхтаваў запіс да публікацыі, былі першапачатковыя запісы ўсіх галасоў (у тым ліку і «перахопленых») без усялякіх шумоў.