Расія ўжо перакінула самалёты і верталёты на авіябазу ў Бабруйск?
Расія перакінула свае ваенна-транспартныя самалёты, знішчальнікі Су-27 і баявыя верталёты на авіябазу ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), паведаміў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
belaruspartizan.org
Палітык адзначае, што «Расія вядзе гібрыдную вайну не толькі супраць Украіны, але і супраць Еўропы і Турцыі».
Па яго словах, «Крэмль не адступае ад сваіх агрэсіўных намераў у дачыненні да Украіны». «Так, міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што ў 2016 годзе РФ ўзмоцніць сваю ваенную прысутнасць на заходнім кірунку, — паведамляе Турчынаў. — Будуць створаны новыя вайсковыя базы і палігоны, сфармаваныя новыя баявыя падраздзяленні Узброеных сіл РФ. Гэтыя пагрозы ўжо пачалі рэалізоўвацца, і не дзе-небудзь, а ўздоўж украінскай мяжы!»
Турчынаў называе некалькі такіх кропак, дзе ствараюцца новыя вайсковыя аб'екты: у раёне населеных пунктаў Богучар Варонежскай вобласці і Валуйкі Белгародскай вобласці, у раёне палігона «Кадамоўскі» (Растоўская вобласць). Па яго словах, «для каардынацыі ваенных падраздзяленняў, размешчаных на мяжы з Украінай, у Варонеж перадыслакаваны штаб 20-й арміі Заходняй ваеннай акругі, які да гэтага размяшчаўся ў горадзе Муліна Маскоўскай вобласці».
«Таксама павялічваецца расійскі ваенны патэнцыял у акупаваным Крыме, — паведамляе ён. — На авіябазу ў Бабруйску (Беларусь), якая таксама знаходзіцца ў дастатковай блізкасці ад украінскай мяжы, перакінутыя расійскія ваенна-транспартныя самалёты, знішчальнікі СУ-27 і баявыя верталёты».
«Усё гэта абсалютна дэзавуюе заявы расійскага кіраўніцтва пра дээскалацыю ваеннага супрацьстаяння і мірным вырашэнні створаных імі ваенных канфліктаў», — робіць выснову кіраўнік Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.
У верасні 2015 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін даручыў Міністэрству абароны і МЗС Расіі правесці з Мінскам перамовы і падпісаць пагадненне аб размяшчэнні ў Беларусі авіябазы. Праз некалькі тыдняў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі аб размяшчэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося, нагадвае БелаПАН. «Нам не трэба база сёння, тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Аб чым я таксама публічна казаў Пуціну і раней Мядзведзеву», — адзначаў Лукашэнка 6 кастрычніка. Пазней ён неаднаразова закранаў гэтую тэму, кожны раз падкрэсліваючы, што расійская авіябаза Беларусі не патрэбна.