Прысуд Андрэю Гайдукову — паўтары гады калоніі

У Віцебскім абласным судзе 1 ліпеня суддзя Галіна Урбановіч вынесла  прысуд абвінавачанаму ў здрадзе дзяржаве Андрэю Гайдукову — паўтары гады калоніі.



gajdukou_2.jpg

На папярэднім судовым пасяджэнні, якое праходзіла 27 чэрвеня, дзяржабвінаваўца запрасіў для яго 2 гады зняволення.

Аператар наваполацкага НПЗ «Нафтан», лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў», Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са звесткамі, цікавымі для замежных спецслужбаў. Андрэя Гайдукова вінавацілі ў зборы інфармацыі для замежных спецслужбаў, затым абвінавачванне было перакваліфікаванае.  

Першапачаткова ён абвінавачваўся па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 7 да 15 гадоў.

Суд над моладзевым актывістам пачаўся 12 чэрвеня і праходзіў у закрытым рэжыме, нягледзячы на ​​просьбы праваабаронцаў зрабіць працэс адкрытым.

***

10-40. У будынак не пускаюць журналістаў з фота і відэатэхнікай. Паводле міліцыянтаў, у залі суду няма вольных месцаў (Радыё Свабода).

10-50. У судовай залі толькі 25 месцаў і многія незалежныя журналісты не змаглі патрапіць на працэс. Аднак пры гэтым на суд прапусцілі карэспандэнтаў БЕЛТА і Камсамольскай праўды. Прапусцілі таксама прадстаўнікоў амбасадаў. 

Не змаглі патрапіць на суд праваабаронцы Таццяна Рэвяка, Павел Сапелка, Павел Левінаў, многія актывісты.

11-10. Аператара наваполацкага НПЗ «Нафтан» Андрэю Гайдукова прызналі вінаватым у замаху на злачынства і вынеслі прысуд — паўтары гады калоніі па артыкуле 356.1 Крымінальнага кодэксу (усталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнымі службамі арганаў дзяржбяспекі замежных дзяржаў). Гэты артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўстанаўленне супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове са спецыяльнай службай, органам бяспекі ці разведвальным органам замежнай дзяржавы пры адсутнасці прыкметаў здрады дзяржаве.

Дадзены артыкул быў унесены ў Крымінальны кодэкс у лістападзе 2011 года.

Варта адзначыць, што артыкул 356.1 КК адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі і ў адносінах да якога нельга прымяняць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Беларускія праваабаронцы раней крытыкавалі гэтыя змены ў крымінальным кодэксе і настойвалі на недапушчальнасці неканкрэтных вызначэнняў у заканадаўстве, у тым ліку такіх, якія дапускаюць адвольнае, альбо пашыральнае трактаванне.

 
spring96.org