Прысуд Пальчысу можа быць вынесены 28 кастрычніка
Каля сцен Мінгарсуда, дзе ў закрытым рэжыме праходзіць разгляд справы Эдуарда Пальчыса, 25 кастрычніка ўжо ў сёмы раз праходзіць акцыя салідарнасці з блогерам, паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.
Паводле яго інфармацыі, сёння ў судзе заслухоўваюцца выступленні пракурора, адваката, а таксама апошняе слова Пальчыса.
Пасля гэтага, паведаміў Севярынец, верагодна, будзе аб’яўлены перапынак на некалькі дзён, а само рашэнне суда будзе вынесена 28 або 31 кастрычніка.
У дні суда над Пальчысам (14, 17–20, 24–25 кастрычніка) актывісты розных апазіцыйных арганізацый прыходзілі да будынка суда з партрэтамі блогера і бел-чырвона-белымі сцягамі, каб выказаць падтрымку абвінавачванаму. Супрацоўнікі міліцыі лічаць акцыю незаконнай, складаючы ў дачыненні да яе ўдзельнікаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Сёння міліцыя склала пратаколы ў дачыненні да сямі ўдзельнікаў акцыі: самога Севярынца, Алеся Макаева, Паўла Пракаповіча, Максіма Вінярскага, Міхаіла Бутыліна, Сяргея Пальчэўскага і Дзмітрыя Дашкевіча.
За сем дзён у дачыненні да актывістаў было складзена да 70 пратаколаў.
25-гадовы рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сільвер, абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).
У канцы жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся грамадзянскі працэс аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Гэтыя слуханні таксама праходзілі ў закрытым рэжыме.
Сайт 1863x.com быў створаны каля двух гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён кантактаваў з аўтарамі і даваў інтэрв’ю.
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы Беларусі лічаць крымінальную справу блогера палітычнай. 5 кастрычніка шэсць беларускіх арганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Пальчыса палітычным вязнем. Паводле іх ацэнкі, публікацыі, за якія судзяць Пальчыса, з’яўляюцца „не больш чым аўтарскім меркаваннем аўтара на шэраг гістарычных падзей і фактаў” і „не ўтрымліваюць доказаў распальвання вайны, насілля або нянавісці, не ўяўляюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці грамадства”.