«Прымушэнню да інтэграцыі» — паўгода. Якія вынікі?

Пра тое, што ў беларуска-расійскіх дачыненнях нешта адбываецца, стала зразумела яшчэ з лета мінулага году, калі Лукашэнка стаў надоўга завісаць у Сочы па запрашэнні Пуціна. Але з афіцыйных крыніц стала вядома пра змену курса Расіі адносна Беларусі толькі напрыканцы 2018-га.

____2294_771x517.jpg


Выступ прэм’ера Расіі Дзмітрыя Мядзведзева ў Брэсце 13 снежня можна лічыць кропкай адліку для новага этапу беларуска-расійскіх дачыненняў. Кіраўнік ураду РФ заявіў, што кампенсацыя беларускаму боку стратаў ад падатковага манёўру ў Расіі магчымая толькі пры ўмове, што Мінск пагодзіцца на далейшае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, паводле дамовы, падпісанай у 1999 годзе.
Фактычна, Расія прапанавала змену мадэлі двухбаковых адносін. Прычым, не проста прапанавала, а ўвяла механізм эканамічнага шантажу і прымусу. Што не магло не выклікаць крызісу дачыненняў паміж «саюзнікамі». Беларускае кіраўніцтва, як і чакалася, адмовілася ад вылучаных Расіяй умоваў.
Якія вынікі гэтага паўгадавога супрацьстаяння? Што маем на сёння? Прапаную некалькі высноваў, якія можна вывесці з гэтага перыяду.
1. У расійскім палітычным парадку дня, расійскай замежнай і ўнутранай палітыцы беларускае пытанне стала значна больш актуальным і важным, чым зусім нядаўна. Палітычная вага Беларусі для Крамля заўважна павялічылася. Нашай краінай вырашылі заняцца сур’ёзна. Адносіны з бліжэйшым саюзнікам разглядаюцца на пасяджэнні Рады бяспекі РФ. Не ўзгадаць, ці было такое раней. Тэма Беларусі стала вельмі моцна гучаць у расійскай інфармацыйнай прасторы. Пра дачыненні з Беларуссю ўжо выказаліся большасць вядучых расійскіх палітыкаў, палітолагаў, журналістаў.
2. Рэзкае абвастрэнне двухбаковых адносін дайшло да ўзроўню, які рэдка бывае паміж саюзнікамі. Упершыню за ўсю гісторыю стасункаў адбыўся інтэнсіўны абмен абразамі паміж расійскім паслом і беларускім МЗС. Упершыню Расія была вымушана памяняць свайго пасла. Замест Міхаіла Бабіча новым паслом РФ у Беларусі стаў Дзмітрый Мезенцаў.
Лукашэнка прыгразіў прыпыніць транзіт расійскіх энергарэсурсаў — гэта апошні довад у канфлікце. І прыкмета таго, што стаўкі падвышаюцца, і ўзровень напружання дасягнуў вельмі важнай мяжы.
Таксама Беларусь выкарыстоўвае ЕАЭС для ціску на Расію, блакуючы рашэнні ў рамках гэтага эканамічнага саюза.
3. Адбылося заўважнае скарачэнне расійскіх субсідый Беларусі. Тое, што краіна не атрымае кампенсацыі за падатковы манёўр, можна лічыць фактам.
На парадку дня двухбаковых адносін пастаўленае пытанне адмены газавага гранту. Наш віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка паведамляў, што да 30 красавіка Расіяй будзе вызначана цана на газ для Беларусі на наступныя гады. Беларускі пасол у Расіі Уладзімір Сямашка яшчэ 1 красавіка заявіў, што Мінск двойчы накіроўваў у «Газпром» свае прапановы па цэнах на газ, але не атрымаў ніякага адказу. Масква падвесіла гэтае пытанне?1 красавіка міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Расія выдаткуе Беларусі крэдытныя сродкі на суму да $600 млн. Маўляў, гэта рашэнне Пуціна. Але на наступны дзень прэс-сакратар кіраўніка Расіі Дзмітрый Пяскоў фактычна дэзавуяваў Сілуанава, адзначыўшы, што пытанне пра расійскі крэдыт Беларусі «знаходзіцца ў прапрацоўцы», таму не трэба «рабіць на гэты конт афіцыйных заяў», а варта дачакацца «адпаведнага моманту».
Не паступіў пакуль і апошні транш ($200 млн долараў) крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, хоць беларускі бок выканаў усе ўмовы, патрэбныя для яго атрымання.
Раней пасол Расіі Міхаіл Бабіч намякаў, што пытанне крэдыту, як і іншыя напрамкі эканамічнай дапамогі Беларусі, Масква звязвае з гатоўнасцю Мінска да «паглыблення інтэграцыі».
4. Адбываецца інтэнсіўны інфармацыйны наступ супраць Беларусі з боку Расіі. Апошнім часам праведзены шэраг даследаванняў на гэтую тэму, з якіх вынікае, што Расія планамерна разгортвае інфраструктуру інфармацыйнага ўплыву. Ідзе нарошчванне колькасці тэлеграм-каналаў, якія працуюць па Беларусі.

576x0_ea22acdd9e646cae76394a8ed0edf914___jpg____6_20fff668.jpg


Даследчыкі (напрыклад, Андрэй Елісеяў) даводзяць, што дзейнічае каля 40 расійскіх рэсурсаў, што вядуць актыўную прарасійскую прапаганду на Беларусь. Прарасійскія структуры стварылі рэгіянальныя сайты, набываюць паблікі ў сацыяльных сетках і месэнджарах, такіх як Вайбер і Тэлеграм. Ствараюцца адпаведныя боты ў сацыяльных сетках. То-бок, ідзе падрыхтоўка да маштабнай інфармацыйнай вайны супраць Беларусі.Беларускія ўлады занепакоеныя такой сітуацыяй. Гэтае пытанне разглядалася на пасяджэнні Рады Бяспекі Беларусі. Прынятая новая канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Але ніякіх практычных дзеянняў дзеля абароны ад расійскага інфармацыйнага наступу не робіцца.
5. Расія імкнецца абрэзаць Беларусі заходні вектар, і гэта ёй у значнай ступені атрымліваецца. На нарадзе 5 траўня Лукашэнка паведаміў, што «супрацоўніцтва з Захадам сёння выклікае нейкую алергію і часам істэрыку ў нашага галоўнага партнёра — Расійскай Федэрацыі».

eu_2_1.jpg


Можа, з гэтай прычыны Лукашэнка не едзе ў Еўропу, хоць з 2017 года мае запрашэнні. Адмовіўся ляцець у Брусэль (лістапад 2017-га), Парыж (лістапад 2018-га), Мюнхен (люты 2019-га), не прыняў запрашэнне наведаць Латвію і Аўстрыю.
Асабліва нядобрае ўражанне было ад адмовы Лукашэнкі ляцець на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы. Там былі запланаваныя сустрэчы з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель і генеральным сакратаром NAТO Енсам Столтэнбергам. Кіраўнік Беларусі адмовіўся ад гэтай паездкі ў апошні момант, знаходзячыся у Сочы на перамовах з прэзідэнтам Расіі. Таму замежныя назіральнікі зрабілі выснову, што «Пуцін не дазволіў».
Цяпер у Лукашэнкі ляжаць пяць запрашэнняў. Застаюцца на парадку дня візіты ў Латвію і Аўстрыю.Кіраўніцтва ЕС запрасіла Лукашэнку, разам з пяццю прэзідэнтамі іншых краін-удзельніц праграмы «Усходняе Партнёрства» — Арменіяй, Азербайджанам, Грузіяй, Малдовай і Украінай, у Брусэль на абед 13 траўня з нагоды дзясятай гадавіны гэтага праекту.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў Лукашэнку ў Варшаву на ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар 80-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны.
Літва збіраецца запрасіць на ўрачыстую цырымонію перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі, Польшчы і Украіны.
Калі беларускі лідар прыме хоць адно з апошніх запрашэнняў, то гэта будзе ў піку Маскве.
Паездка ў Брусэль — сталіцу Еўропы, — адзін з сімвалаў Захаду, з якім Расія цяпер вядзе непрымірымую барацьбу.
Наведванне Варшавы на мерапрыемства, якое асацыюецца з агрэсіяй СССР супраць Польшчы ў 1939 годзе, віной Савецкага Саюзу ў развязванні Другой сусветнай вайны (Уладзімір Пуцін туды запрашэння не атрымаў) таксама будзе хваравіта ўспрынята ў Крамлі.
Днямі стала вядома, што ўдзел кіраўніка Беларусі ў мерапрыемствах, прысвечаных 10-годдзю «Усходняга партнёрства» ў Брусэлі 13 траўня не плануецца. Беларусь там будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
То-бок, апошнія паўгода Мінск глядзіць на Захад з большай аглядкай на Усход.
6. Захад больш выразна, чым раней, пачаў праводзіць палітыку адносна Беларусі з гледзішча геапалітыкі, у парадыгме супрацьстаяння Расіі. Мэта — падтрымаць імкненне беларускага рэжыму дыстанцыявацца ад РФ. Пытанне каштоўнасцяў у адносінах з Беларуссю (дэмакратыя, правы чалавека) адыходзяць на другі план ці часам увогуле знікае. ЗША і ЕС робяць стаўку на супрацоўніцтва з існым кіроўным рэжымам, а не з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Што ў пэўным сэнсе развязвае Лукашэнку рукі.
7. Былы амбасадар Расіі Міхаіл Бабіч у адным сваім інтэрв’ю выказаў гіпотэзу, што Лукашэнка будзе праводзіць выбарчую кампанію ў вобразе абаронцы незалежнасці ад расійскай пагрозы. Аднак пакуль гэтая гіпотэза не спраўджваецца. Наадварот, увесь маштаб і вастрыню канфлікту з Расіяй беларускае кіраўніцтва імкнецца прыхаваць ад насельніцтва. Напрыклад, у сваім нядаўнім выступе з пасланнем у Нацыянальным сходзе кіраўнік дзяржавы самую галоўную сённяшнюю палітычную праблему краіны — беларуска-расійскі канфлікт — фактычна праігнараваў. Думаю, ён не хоча падліваць алей у агонь, абвастраць адносіны з Расіяй далей пэўнай мяжы. І пакуль імкнецца, каб гэтая праблема была вынесена на перыферыю грамадскай увагі.

6962_tablo_skorostnoy_rezhim_20190423_mag_tutby_phsl.jpg