Названыя версіі аварыі самалёта ў Шарамеццева, у выніку пажару на якім загінуў 41 чалавек

Следства разглядае ў якасці прычын катастрофы як недастатковую кваліфікацыю пілотаў, так і тэхнічную няспраўнасць, звязаную з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я.

Фота МНС па Маскоўскай вобласці

Фота МНС па Маскоўскай вобласці

Следчы камітэт Расіі разглядае шэраг версій крушэння самалёта Sukhoi Superjet 100 у аэрапорце Шарамеццева. Пра гэта ў панядзелак, 6 мая, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта РФ Святлана Пятрэнка, піша ТАСС.

"Следствам разглядаюцца розныя версіі таго, што адбылося, сярод якіх недастатковая кваліфікацыя пілотаў, дыспетчараў і асоб, якія праводзілі тэхнічны агляд самалёта, а таксама няспраўнасць паветранага судна і неспрыяльныя метэаўмовы", — сказала яна.

Аэрапорт Шарамеццева па-ранейшаму працуе з адной узлётна-пасадачнай паласой.

twitter.com/flightradar24

twitter.com/flightradar24

Самалёт Superjet 100 авіякампаніі “Аэрафлот” учора,  5 траўня, зрабіў аварыйную пасадку ў аэрапорце Шарамеццева і загарэўся. Самалёт выконваў рэйс з Масквы ў Мурманск і ўзляцеў у 18:03. У 18:25 пілоты даклалі пра аварыйную сітуацыю, праз пяць хвілін пасля гэтага самалёт здзейсніў пасадку.

Адразу пасля прызямлення пачалася эвакуацыя пасажыраў з дапамогай выратавальных трапаў. Як паведамлялася, з 78 людзей, якія знаходзіліся на борце, выжылі 37. Загінуў 41 чалавек, сярод загінуўшых таксама грамадзянін ЗША.

"Экіпаж не стаў выпрацоўваць паліва. Самалёт пайшоў на пасадку з перавышэннем пасадачнай масы і вялікім пералётам, недзе каля 1400 метраў. У выніку пасадка адбылася на сярэдзіну паласы. Стойка шасі разбурылася. Яе элементы, магчыма, патрапілі ў рухавік, які загарэўся", — паведаміў "Інтэрфакс" са спасылкай на свае крыніцы. Крыніцы, якія спаслаліся на словы відавочцаў, таксама дапусцілі, што прычынай гібелі людзей у хваставой частцы самалёта стала спроба некаторых пасажыраў дастаць з багажных паліц ручную паклажу.

Пазней карыстальнікі сацыяльных сетак раскрытыкавалі навіну «Інтэрфакса» аб тым, што асноўнай прычынай гібелі людзей у хваставым адсеку самалёта Sukhoi Superjet 100, які загарэўся ў Шарамеццева, стала імкненне некаторых пасажыраў дастаць з багажных паліц свае рэчы. Гэтая версія нікім не была ні пацверджана, ні аспрэчаная, але разышлася па многіх СМІ. Напрыклад, «Ведамасці» спачатку апублікавалі навіну ад «Інтэрфакса», але потым выдалілі яе: «Ва ўсёй гэтай гісторыі самае непрыемнае — спроба перакласці віну за гібель людзей на саміх гэтых людзей. Якія нібыта свае шмоткі выносілі (з пярэдняй часткі самалёта) і з-за гэтага нібыта загінулі людзі (з задняй часткі самалёта). Я не стаў разбірацца, хто і навошта запусціў гэтую “пургу”, мы проста выдалілі гэтую навіну. Жахліва гэта ўсё», — патлумачыў галоўны рэдактар «Ведамасцяў» Ілля Булавін у Facebook, піша snob.ru.


instagram.com/mak7222

instagram.com/mak7222

Пілот згарэлага самалёта SSJ-100 Дзяніс Еўдакімаў распавёў Telegram-каналу Baza падрабязнасці здарэння. Паводле яго слоў, у самалёт сапраўды ўдарыла маланка: "Яркая ўспышка, хлапок". З-за гэтага лайнер страціў радыёсувязь і перайшоў у рэжым прамога кіравання, адзначыў пілот. Радыёсувязь экіпажу ўдалося аднавіць праз аварыйную частату, але яна была кароткачасовай і перарывістай. Пры пасадцы "хуткасць была невялікая, звычайная, усё паводле аператыўнага зборніка экіпажа", падкрэсліў Еўдакімаў.

Пажар, паводле яго слоў, пачаўся пасля пасадкі: "Пажар, я так разумею, з-за прызямлення. Прычына, напэўна, у гэтым".

Беларусаў няма сярод загінулых і пацярпелых пры авіякатастрофе ў аэрапорце Шарамецева. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз: "Па наяўнай у нас на дадзены момант інфармацыі, беларусаў няма сярод загінулых і пацярпелых пасажыраў пры авіякатастрофе ў аэрапорце Шарамеццева".