Прэтэндэнтаў на статус «адзінага кандыдата» ад апазіцыі – шасцёра
Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 16 лютага апошнім падаў заяўку на ўдзел у апазіцыйных праймерыз.
Да яго заяўкі падалі экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, сустаршыні БХД Павал Севярынец і яго аднапартыйка Вольга Кавалькова, кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і выконваючы абавязкі старшыні АГП Мікалай Казлоў. Канчатковы спіс прэтэндэнтаў плануюць абвясціць 4 сакавіка.
Згодна з правіламі ўдзелу ў праймерыз, кожны прэтэндэнт павінен быў зрабіць унёсак у эквіваленце 500 еўра і выступаць за:
- незалежнасць Беларусі і супраць дыктатуры;- абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян;- выхад з АДКБ і дагавора аб Саюзнай дзяржаве;- развіццё беларускай мовы і культуры;- свецкасць дзяржавы – павінен паважаць правы вернікаў і не выступаць з заявамі, «якія супярэчаць традыцыйным поглядам на сям'ю і грамадства».
Выбары «адзінага кандыдата» ад апазіцыі на прэзідэнцкую выбарчую кампанію-2020 пройдуць паводле рэйтынгавай сістэмы. Паміж прэтэндэнтамі размяркуюць пэўную колькасць пунктаў на падставе інтэрнэт-галасавання, галасавання ў рэгіёнах і дэлегатамі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Ён запланаваны на другую палову траўня, менавіта там і назавуць прозвішча «адзінага»,
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня гэтага года.