Пра геапалітыку і лішак вольнага месца ва ўнітазах

Паводле расійскага палітолага Кацярыны Шульман, падзеі маюць наступствы — і гэтым яны адрозніваюцца ад навін, якія прыцягваюць увагу. Але жыццё складанейшае за любыя нашыя ўяўленні пра яго, і таму паміж класічнымі падзеямі і класічнымі навінамі рэгулярна праточваецца ды праціскаецца тое, што не падпадае пад класіфікацыю.

Ілюстрацыйная выява, створаная пры дапамозе нейрасеткі

Ілюстрацыйная выява, створаная пры дапамозе нейрасеткі

Чарговы рэбус быў прад'яўлены свету 3 лістапада падчас паездкі ў Астравецкі раён. Абмяжуюся трыма фрагментамі:

«Гэта шалёныя даслалі ноту. Народ Літвы ніякага дачынення да гэтых шалёных не мае. Паверце, я ведаю, што там адбываецца. Там вярхушка жыве сама па сабе».

«Але яны (улады Літвы. — Рэд.) па камандзе пэўных людзей з-за акіяна будавалі іншую палітыку, гэта ўжо не першая нота. Хай дасылаюць. У нас месца ва ўнітазах хапае. Таму няхай дасылаюць».

«Еўропа прыпаўзе да нас, да Расіі. Таму што Еўропу сёння на часткі рвуць амерыканцы як хочуць. А яна не можа супраціўляцца, таму што ў яе ўсё на рынку Амерыкі завязанае — крэдыты, уласнасць і іншае».

Міждзяржаўныя стасункі абмяркоўваюцца на дыпламатычнай мове. Прыведзеныя цытаты, запазычаныя на сайце president.gov.by, стасункам такога кшалту і прысвечаныя. А як жа наконт мовы? Пытанне рытарычнае — гэта значыць такое, якое не патрабуе адказу хаця б з-за яго відавочнасці.

Улічваючы статус аўтара цытат, падобныя выказванні павінны былі прывесці да міжнароднага скандалу, што дазволіла б прылічыць астравецкія адкрыцці да падзеі. Аднак адсутнасць афіцыйнай рэакцыі на іх зрабіць гэтага не дазваляе. Але ж і на статус навін выказванні не цягнуць, бо падобнае словы гучаць гэтак жа рэгулярна, як змяняюцца дні і ночы.

Нагадаю, галоўная ўласцівасць навіны — прыцягваць увагу. Падмацую гэтую думку расійскага палітолага вызначэннем, запазычаным у амерыканскага пісьменніка Эдгара Хау: «Навіны — гэта ўсё тое, што прымушае жанчыну ўсклікнуць: “О, Божа!”». 

Але нават калі перачытаць астравецкія адкрыцці некалькі разоў, такую экзальтаваную жанчыну я так і не здолеў сабе ўявіць.

Тыя, хто глядзіць з зайздрасцю

Праўда — гэта версія, якая найбольш задавальняе. А паколькі для тлумачэння любой з'явы можна заўсёды прыдумаць прыдатную версію, то выступаць у ролі носьбіта праўды не ўяўляе  асаблівай праблемы.

Так, згодна з «Нюрнбергскім таварыствам спажывецкіх даследаванняў» (GfK), Беларусь – адна з самых бедных краін Еўропы па пакупніцкай здольнасці насельніцтва разам з Украінай і Косава ў рэйтынгу 42 еўрапейскіх краін.

Адна жа колькасць міжнародных індэксаў, якія ранжыруюць краіны, расце як грыбы пасля дажджу. Выбірай — не хачу. Беларускае кіраўніцтва з усёй разнастайнасці выбрала індэкс чалавечага развіцця (ІЧР). У 2020 годзе 50-е месца з 191 краіны гэтаму выбару спрыяла. На жаль, у 2021 годзе краіна пад белымі крыламі плаўна пасунулася на 53-е месца, а ў мінулым — на 60-е.

Прычына адноснага поспеху і няўдачы, якая намецілася, палягае ва ўліку ўзроўню пісьменнасці (сярэдняя колькасць гадоў, выдаткаваных на навучанне) пры разліку ІЧР. 

У 2011/12 навучальным годзе ў Беларусі на 10 тысяч чалавек насельніцтва прыходзіўся 471 студэнт ВНУ, а ў 2022/23  — 248. Вінаваціць у такой дынаміцы «дзяржаву для народа» не даводзіцца. З лагам у 17–18 гадоў колькасць студэнтаў ідзе за нараджальнасцю.

Праўда — гэта версія, што найбольш падабаецца. Зразумела, на любое негатыўнае меркаванне знойдзецца меркаванне пазітыўнае. Яго, у прыватнасці, днямі выказаў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў у эфіры грамадска-палітычнага ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё»: «Тупіковая палітыка ставіць пад пагрозу існаванне самога Еўрапейскага Саюза. Еўрапейцы гэта самі разумеюць. Беларусь — гэта не проста астравок міру і стабільнасці, гэта ўнікальная краіна, у якой ужываюцца ўсе народы. Грамадзяне суседніх дзяржаў глядзяць на нас з зайздрасцю».

Хто мае рацыю? Не мне меркаваць. Але, як любіў паўтараць адзін мой аднакурснік: «Пасадзіце мяне ў першы шэраг — і я буду пляскаць каму заўгодна». Іншымі словамі, ісціна — вытворная ад кантэксту. Таму прапаную парадавацца калі і не за ўсю беларускую моладзь, то за яе лідара, які здолеў прабіцца ў першыя шэрагі сацыяльнага партэра.

З Аль Капонэ не паспрачаешся

Прычына непаразумення тут не ў адсутнасці інфармацыі або ў нізкім узроўні IQ аднаго з бакоў. 

У сучасным свеце ідэя дэмакратыі перамагла абсалютна. Альтэрнатывы ёй няма. Успомнім Пол Пота і яго заплечных спраў майстроў, якія перайменавалі Рэспубліку Кампучыю ў Дэмакратычную Рэспубліку Кампучыю.

Сучаснае дзяленне краін на ўмоўны Поўдзень і ўмоўную Поўнач не высмактанае з пальца. Калі з усёй разнастайнасці характарыстык дэмакратыі вылучыць галоўную, то ў якасці такой варта прызнаць змяняльнасць улады. З яе дапамогай раскладваць краіны па кошыках (паўднёваму — паўночнаму) будзе зусім не складана. Усе іншыя характарыстыкі — напрыклад, нейкі прынцып падзел уладаў, выбары і да таго падобнае — другасныя. Іх лёгка імітаваць.

У інфармацыйны век гэтай задачы даюць рады нават афрыканскія царкі. Складаней — з рэальнай эканомікай. Калі ў 1800 годзе перадавыя краіны па ВУП на душу насельніцтва апярэджвалі краіны-аўтсайдэры ў чатыры разы, то сёння — у сто і больш разоў. І разрыў з кожным годам павялічваецца.

Дывергенцыя (разыходжанне), якая ўвесь час паскараецца, вымушае царкоў шукаць тлумачэнні. Няздольныя даць адказ на сучасныя выклікі знаходзяць яго ў наўмысным шкодніцтве, у інтрыгах сусветнага Зла. Метад універсальны — і ў сярэднетэрміновай перспектыве ён працуе.

Бясспрэчна, добрым словам і пісталетам можна дамагчыся значна большага, чым проста добрым словам. Са знакамітым гангстарам Аль Капонэ не паспрачаешся. Таму сілавы складнік на ўмоўным Поўдні ідзе рука аб руку з прапагандай. Такі вось сучасны геапалітычны варыянт «салодкай парачкі».