Павел Латушка — пра аб'яднанне стачкамаў прадпрыемстваў: «Наша сіла ў салідарнасці»
Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале падтрымаў аб'яднанне стачкамаў.
«Завадчане - гэта вялікая сіла. Памятаю, як у жніўні рабочыя горда і смела маршыравалі па вуліцах беларускіх гарадоў у знак пратэсту супраць беззаконня, фальсіфікацый і гвалту. Завадчане ў Жодзіне, Салігорску, Мінску, Наваполацку, Гродне і іншых гарадах выклікалі на размову кіраўнікоў прадпрыемстваў, мэраў, і патрабавалі захавання сваіх правоў. Работнікі многіх прадпрыемстваў падтрымалі народныя патрабаванні і ў кастрычніку.
Забастоўка — гэта тое, чаго баіцца рэжым Лукашэнкі. Адсюль і пастаянны ціск і рэпрэсіі на завадчан, пагрозы і звальненні. Каб супрацьстаяць гэтаму, у нас ва ўсіх ёсць магутны інструмент — гэта салідарнасць. У гэтым наша сіла. Разам, як адзінае цэлае, мы зможам вярнуць сабе свабоду і дамагчыся выканання народных патрабаванняў. Разам мы зможам зрабіць так, каб рабочых больш ніколі не заганялі дубінкамі на завод.
Падтрымліваю аб'яднанне стачкамаў «Гродна Азот», «Нафтана» і БМЗ, нам важна аб'ядноўвацца і быць разам у супрацьстаянні зверствам рэжыму. Выказваю словы падтрымкі шахцёрам «Беларуськалія». Чым мацней будзе страйкавы рух, тым бяспечней яно будзе для ўдзельнікаў — і тым хутчэй мы даможамся агульнай мэты», — заявіў палітык.