Звольненая з «Гродна Азота»: Адчуванне, калі перастаеш быць прыгоннай і належыш сабе — гэта кайф!
26 кастрычніка 2020 года адразу некалькі цэхаў «Гродна Азота» падтрымалі агульнанацыянальную забастоўку. Адны не здалі змену, іншыя не прынялі, паўтары сотні чалавек сабраліся на прахадной у знак салідарнасці. Спешна выкліканыя сілавікі загналі частку рабочых на завод, больш за 30 чалавек былі затрыманы.
Гендырэктар пры гэтым заявіў, што аніякай забастоўкі няма, і абяцаў звольніць «купку шкоднікаў-сабатажнікаў», узгадвае падзеі «Салідарнасць». У выніку без згоды прафсаюза былі звольненыя нават тыя азотаўцы, хто 26-га знаходзіўся на бальнічным або ў адпачынку.
13 завадчан звярнуліся ў суд, аспрэчваючы законнасць
звальнення. У іх ліку — апаратчыца 5 разрада Яўгенія Кузікевіч. Хімік-тэхнолаг
распавяла, якім запомніла пачатак страйку, чаму адмовілася
ад прадуктовай дапамогі і як лечыць страхі «трывожнымі валізкамі».
— 26 кастрычніка ў мяне быў выхадны. Прыехала на завод з
хворай нагой, каб патрапіць у медпункт. Чаму туды? У звычайнай паліклініцы
складана растлумачыць, чаму з расцяжэннем (а лекары паставілі дыягназ «лёгкае
расцяжэнне») мне патрэбны бальнічны, таму што гэтыя дактары не ведаюць спецыфікі
нашай працы і не ведаюць, чаму з кульгавасцю мне трэба вызваленне на некалькі
дзён, каб усё загаілася. А ў мяне корпус, 30 ці нават 32 метры метка, і калі
трэба па працы залезці на дах, то фізічна не змагу гэтага зрабіць.
Але ў медпункт я не патрапіла — мяне забралі, як і многіх у
той дзень. АМАП жа не пытаецца, як ты сябе адчуваеш, калі ты стаіш не там, дзе
трэба, не ў тым месцы і не ў той час. Затое ўбачыла, як людзей заганяюць на
працу, у прамым сэнсе слова заганяюць дубінкамі. Гэта было жудасна, па-іншаму
не скажаш — людзі ў паніцы кінуліся да турнікетаў…
Успамінаць гэтыя падзеі было страшна, калі давялося зноў
пра ўсё распавядаць — першы суддзя, які вёў нашу справу, скурпулёзна капаўся ва
ўсіх нюансах, кожнага падрабязна распытваў. Ведаеце, ёсць траўмы, якія людзі
атрымліваюць, удзельнічаючы ў вайне, у баявых дзеяннях — а ты была проста сведкай гвалту, і ўсё роўна перажыты жах застанецца з табой назаўжды. Хоць час лечыць — яшчэ ў лістападзе мінулага года ўскалыхнулася б куча эмоцый, сёння — непрыемныя,
цяжкія, але ўжо не такія балючыя ўспаміны, бо жыццё працягваецца.
А ў той дзень нас завезлі ў РАУС, не разбіраючыся, склалі
пратакол пра ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 28 чысла я
далучылася да стачкі, таму што працаваць пад прымусам — гэта ненармальна. Хоць,
калі шчыра, у ноч з 28 на 29 кастрычніка стаяла пад прахадной, думала, ісці мне
на працу ці не. Гэтыя дні, 28 і 29 кастрычніка, мне потым залічылі як прагулы.
Ужо 30 кастрычніка Яўгенію звольнілі з фармулёўкай «за
прагулы»: «На днях, дарэчы, прыйшоў з гэтай нагоды ад наймальніка ліст у ячэйку БНП («Беларускага незалежнага прафсаюза»), юрыст сказаў, што там вельмі цікавае,
амаль камедыйнае чытво, але я пакуль не чытала».
— Калі зразумела, што наймальнік, дзяржава нас не чуюць і не
збіраюцца выконваць нашы патрабаванні, тыдні два ці тры быў такі стан, калі
нічога не магла рабіць, нікога не хацела бачыць. Незнаёмыя нумары я не
падымала, і пасля таго, як тэлефон арыштавалі, давялося мяняць усе паролі.
А потым зайшла ў Інтэрнэт і ўбачыла, што розныя людзі, пра
якія я нават забылася, што яны былі ў маім жыцці, пачалі мне пісаць, запісваць
аўдыёпасланні, гаварыць словы падтрымкі — і стала лягчэй, я вярнулася ў сацыяльнае
жыццё і выйшла з таго ступару, у якім знаходзілася.
Пазней, успамінае Яўгенія Кузікевіч, яна звярнулася ў фонды салідарнасці. Некаторы час атрымлівала прадуктовую дапамогу, потым адмовілася:
— Мяне прыгнятала адчуванне таго, што я ахвяра, маю патрэбу
ў дапамозе і не магу вырашыць свае пытанні і праблемы сама. Адна
справа — пратрымацца першы час, калі ты вызначаешся, куды рухацца далей, а потым
ужо трэба самой прымаць рашэнні аб сваім жыцці.
Першы час, калі мяне «накрыла», вы не ўяўляеце,
колькі я намалявала самаробных паштовак і адпраўляла іх палітвязням са спісаў «Вясны». Захапленне маляваннем было ў мяне і раней, а тут пачуцці
самі выплюхваліся на паперу. Плюс я такі чалавек, калі мне нешта даюць, трэба
даваць у адказ — а што я магла даць, акрамя таленту да малявання?
Магчыма, гэта таксама дапамагло сацыялізавацца і вярнуцца да
звычайнага жыцця. Хоць, вядома, складана назваць яго нармальным, але ўжо хоць бы
займаешся паўсядзённымі клопатамі, а не думаеш пастаянна пра тое, што ты
ахвяра, што ў краіне адбываюцца рэпрэсіі, а ты не можаш нічога змяніць, хіба
што з'ехаць далей ад усіх куды-небудзь у лес…
Яўгенія прызнаецца: думкі пра тое, каб з'ехаць з краіны,
наведваюць і цяпер. Акрамя вышэйшай хіміка-тэхналагічнай адукацыі, у яе ў
актыве ёсць адукацыя графічнага дызайнера і жаданне паспрабаваць сябе ў гэтай
сферы. А вось упэўненасці ў заўтрашнім дні і душэўнага спакою няма.
— У якасці, можна сказаць, псіхатэрапіі ў мяне сабраны дзве валізкі. Адна — пакет «на суткі», калі мяне дзесьці схопяць і
пасадзяць, як гэта часта робіцца, пад любой падставай. Пасля першай хвалі
затрыманняў шмат пісалі пра тое, што можна браць, а што не. Па-мойму, нават у
чаце прафсаюза была такая інфармацыя, я прачытала і склала патрэбнае. Ужо
сабраны і запакаваныя кніжкі ў мяккай вокладцы, сродкі асабістай гігіены,
бялізна. Шчыра кажучы, пасля гэтага мне стала лягчэй, змагла па начах спакойна
спаць.
А другі чамадан — калі ўсё-такі давядзецца тэрмінова
з'язджаць за мяжу. Я не з'язджаю, хачу жыць тут, але разумею, што можа
ўзнікнуць такая сітуацыя. Таму чамадан далёка не хаваю, ён стаіць у калідоры як «запасны варыянт», каб не было адчування безвыходнасці. Таму што калі
ты бачыш увесь негатыў, які адбываецца, паток гвалту, які не спыняецца, а толькі
ўзмацняецца, то атрымліваеш толькі новыя душэўныя траўмы.
Самае дзіўнае, прызнаецца былая работніца «Гродна
Азота», адбылося, калі яна зразумела, што не хоча вяртацца на завод:
— Лічыцца, што ў нас на «Азоце» плацяць нармальныя грошы,
але калі ўлічыць тыя ўмовы, у якіх я працавала — начныя змены, першы спіс
шкоднасці, не заўсёды кампетэнтнае начальства — то грошы не такія ўжо і вялікія.
Такая самая вышэйшая адукацыя, як у мяне — інжынер хімік-тэхнолаг — была ў майго
начальніка аддзялення, астатнія кіраўнікі профільнай адукацыі не мелі.
І калі здараліся, скажам проста, перадаварыйныя сітуацыі, калі
трэба тэрмінова прымаць рашэнне, то я магла прааналізаваць сітуацыю ў нас, у
сумежных аддзяленнях, і ведала, што трэба зрабіць — але не мела права
камандаваць, а тыя, каму гэта па пасадзе прызначана, сядзелі і нічога не рабілі — ну, прабачце, гэта «зашквар». Даводзілася на іх у адкрытую лаяцца: «Ды
прыміце ўжо рашэнне!» — таму што бяздзейнічаць нельга, у нас не тая
вытворчасць, гэта не цукеркі, а хімікаты.
І вось калі я некалькі месяцаў пагуляла на волі, падумалася:
за 950 рублёў зноў працаваць па зменах у тых жа ўмовах з людзьмі, якія часта не
хочуць нічога рабіць, толькі робяць выгляд, правяраюць ідэалогію і прыборку
тэрыторыі — а яно мне трэба? Лепш я знайду сабе іншую працу, змяню спецыфіку.
Я і ў суд пайшла не для таго, каб вярнуцца на завод, а за
справядлівасцю — была настолькі расчараваная і абураная тым, што адбываецца.
Хочацца, каб тыя людзі, якія парушылі працоўнае заканадаўства, адказалі за
гэта, каб нас аднавілі і тыя, хто хоча сысці з завода, зрабілі гэта па ўласным
жаданні, а не за прагулы.
Нам заявілі, маўляў, вы адмовіліся працаваць. Прабачце, а як
яшчэ простаму чалавеку, голас якога ніхто не чуе, заявіць аб тым, што яго правы
парушаюцца?! Мяне ніхто не слухаў — ні ў панядзелак, ні ў аўторак; я чытала ў
СМІ афіцыйную пазіцыю наймальніка аб тым, што на заводзе ўсё нармальна, нічога
не адбываецца. Як так, калі людзей заганяюць на працу дубінкамі, калі сітуацыя
выварочваецца наадварот і татальнае беззаконне, паўсюднае гвалт становяцца
законнымі?
Я не юрыст па адукацыі, але чытаю навіны і разумею, што вось
гэтыя папраўкі ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы накіраваныя на тое, каб
замацаваць парушэнне правоў беларусаў, і працоўных, і грамадзянскіх — любых.
Правы засталіся толькі ў выканаўчай і судовай улады. Ва ўсіх астатніх — толькі
абавязак працаваць, калі і колькі скажуць. А табе не забяспечаць ні ўмовы працы,
не будуць закупляць новае абсталяванне, не будуць ахоўваць твае здароўе і
жыццё. У які момант часу мы пераскочылі назад у мінулае, нават не ў
прыгоннае права, а кудысьці яшчэ глыбей?
Яўгенія прызнаецца, што не адчувае крыўды на былых калег, хто
не далучыўся да стачкі:
— Тыя, хто працягвае хадзіць на працу, — гэта іх выбар. А я
вырашаю сама, што і як рабіць. Складана перадаць словамі, але адчуванне, што
тваё жыццё належыць табе, калі ты перастаеш быць прыгонным чалавекам, які 13 гадоў
хадзіў па адной і той жа дарозе на адну і тую ж працу, — гэта неапісальны кайф.
Многія мае калегі, хто ўжо сышоў на пенсію, называлі гэта турмой, і ў чымсьці
мелі рацыю — калі ты ходзіш штодня праз строгую прахадную з ваенізаванай
аховай, то сапраўды, як быццам адбываеш тэрмін, не бачачы за плотам нармальнага
жыцця.
Мне падабаецца хімія, падабалася вучыць іншых,
перадаваць свае веды стажорам — але, з іншага боку, за 3-4 гады практычна ніхто
з моладзі на вытворчасці не застаўся. Хлопцы бачылі, наколькі гэта цяжка і
складана, казалі: «Ды я лепш у войска пайду, чым за такія грошы
працаваць».