Патрындзелі ў Брусэлі

Канферэнцыя «Дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам?», якая прайшла 9 красавіка ў Еўрапарламенце, была поўная жарсцяў. Некаторыя палітыкі пабачылі ў ёй пагрозу скасавання санкцый ЕС у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, а некаторыя — магчымасці для Беларусі.



hrn4ci_w465h262.jpg

Не дамовіліся міжсобку

Брусэльскаму пасяджэнню папярэднічаў чарговы «міжсабойчык» беларускай апазіцыі. Напярэдадні канферэнцыі кіраўнікі трох палітычных сілаў (Аляксандр Мілінкевіч, лідар руху «За Свабоду», Уладзімір Някляеў, лідар кампаніі «Гавары праўду!» і Аляксей Янукевіч, лідар Партыі БНФ) выступілі з заявай, у якой выказалі сваё бачанне еўрапейскага дыялогу. З крытыкай на заяву абрынуўся лідар «Еўрапейскай Беларусі» і палітэмігрант Андрэй Саннікаў.

Калі паглядзець на «заяву тройкі», то, здавалася б, нічога звышсенсацыйнага ў ёй няма. «Тройка» проста выказала ўпэўненасць, што «толькі вяртанне да паўнавартаснага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС істотна пашырыць магчымасці нашай краіны і грамадства для мадэрнізацыі і пабудовы дэмакратычнага ладу». Пры гэтым адзначыўшы, што «паўнавартасны дыялог магчымы толькі пасля вызвалення палітычных вязняў, уключаючы спыненне дзеяння судовых рашэнняў у дачыненні да ўмоўна асуджаных і асуджаных з адтэрміноўкай выканання прысуду». У той жа час падпісанты заявілі, што для ўмацавання стабільнасці ў рэгіёне і незалежнасці Беларусі ЕС можа дзейнічаць ужо зараз, не чакаючы крокаў афіцыйнага Мінска.

Прапановы «тройкі» па аднабаковых дзеяннях з боку ЕС вельмі слушныя, але, шчыра кажучы, малавыканальныя. Першыя дзве — гэта максімальна спрасціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, зыходзячы з магчымасцяў, якія дае Візавы кодэкс ЕС, і пачаць практычную рэалізацыю ў дачыненні да грамадзян Беларусі ўмоваў пагаднення абмалым памежным руху з Беларуссю ў 50-кіламетровай зоне на мяжы з Польшчай і Літвой. На гэта ўжо адказалі адказныя асобы з Польшчы і Літвы. Візы ў аднабаковым парадку скасаваць немагчыма: грамадзяніна без візы ў Польшчу ці Літву не пусцяць беларускія памежнікі. А Беларусь пагадненні аб малым памежным руху не ратыфікуе ўжо два гады. Так што тут звяртацца трэба да беларускіх уладаў, а не да Еўропы.

Таксама прапануецца спрасціць для малога і сярэдняга бізнэсу правілы стварэння і функцыянавання ў ЕС сумесных беларуска-еўрапейскіх прадпрыемстваў і пашырыць магчымасць для беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю. Выбачайце, прэферэнцыі для бізнэсу — не справа ЕС, а ўключэнне Беларусі ў Балонскі працэс — зноў-такі справа ўлады «сінявокай».

Таму ўся заява была зведзеная да прэамбулы пра «вяртанне паўнавартаснага дыялогу» і «амбулы», дзе казалася, што, «у выпадку выканання ўрадам Беларусі раней адзначаных умоваў і аднаўлення паўнавартаснага дыялогу з ЕС, вярнуцца да перамоваў з афіцыйным Мінскам у межах «Сумеснага часовага плану», што будзе спрыяць мадэрнізацыі і лібералізацыі Беларусі. Мы падтрымаем любыя дзеянні, якія будуць адпавядаць прынцыпу — «больш Еўропы для Беларусі і беларусаў».

113086.jpg

               Андрэй Саннікаў

Вось гэта і выклікала рэзкую заяву Саннікава. «Сваю заяву кіраўнікі трох арганізацый назвалі «Больш Еўропы для Беларусі», хоць чытаецца яно як «Хочам легітымную дыктатуру»… Цалкам відавочна, што сёння ў Еўропе зноў спрабуюць вярнуцца да не раз выпрабаванага і не раз праваленага сцэнару дыялога з дыктатарам. Некаторыя еўрапейскія палітыкі і чыноўнікі ЕС «моцна стаміліся» адстойваць свае ж прынцыпы свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Беларускія палітвязні з'яўляюцца ўсяго толькі прыкрай перашкодай на шляху да аднаўлення ранейшых адносін, сутнасць якіх зводзілася да славеснай крытыцы парушэнняў правоў чалавека, але пры гэтым да нарошчвання дзелавой актыўнасці ў Беларусі пад кантролем дыктатуры. Усё гэта нязменна прыводзіла да ўмацавання дыктатуры і ўзмацненню рэпрэсій», — абрынуўся Саннікаў адначасова і на еўрапалітыкаў, і на «тройку».

Саннікаў нагадаў: чым мякчэйшая ў Беларусі «лібералізацыя», тым мацнейшы ціск аказваецца на палітвязняў у турмах. І прапанаваў сваё непрымальнае рашэнне: «Да вызвалення палітвязняў спыніць ўсе адносіны з дыктатурай, прыпыніць гандаль нафтапрадуктамі і імпарт калійных угнаенняў, замарозіць банкаўскія рахункі, не прымаць эмісараў дыктатуры і не адпраўляць сваіх».

Еўропа шукае пернік

Варта казаць, што апасенні Саннікава мелі пад сабой падставы. На канферэнцыі ў Брусэлі прадстаўнікі Еўрапарламента пераконвалі беларускую апазіцыю ў неабходнасці дыялогу з уладамі. Непасрэдны арганізатар канферэнцыі, старшыня камітэта па адносінах з Беларуссю, польскі дэпутат Філіп Качмарак прапанаваў прааналізаваць вынікі і паразважаць пра будучыню праекту «Дыялог аб мадэрнізацыі».

У гэтым рэчышчы віцэ-старшыня Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч адзначыў, што дыялог неабходны, і спаслаўся на досвед польскай «Салідарнасці». Паводле яго слоў, трэба супрацоўнічаць з элітамі на мясцовым узроўні, што рана ці позна наступіць перыяд трансфармацыі, калі кантакты і вопыт гэтых людзей будуць неабходныя.

Дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунар Віганд паведаміў, што ў Тбілісі адбылася сустрэча, падчас якой Штэфан Фюле і Уладзімір Макей дамовіліся аб далучэнні да «Дыялога аб мадэрнізацыі» афіцыйнага Мінска. Пры гэтым Віганд даў зразумець, што дыялог з уладамі будзе адбывацца не разам з грамадзянскай супольнасцю, а паралельна.

Рэзка супраць гэтага выступілі кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намеснік старшыні незарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Стэфановіч адзначыў, што ў такім выпадку, «калі будзе адбывацца мадэрнізацыя, то гэта будзе аўтарытарная мадэрнізацыя, без дэмакратызацыі грамадства».

Лябедзька выказаўся яшчэ больш катэгарычна: «Па-ранейшаму застаюцца тры ўмовы: вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, правядзенне свабодных і празрыстых выбараў, а потым — дыялог аб мадэрнізацыі. І толькі ў такім парадку, ніякім іншым».

Што ў выніку?

Вынік канферэнцыі такі, які ад яго і чакалі. То бок амаль ніякага: «Пасядзелі, патрындзелі, разышліся». Зразумела, гэтая канферэнцыя і не была разлічаная на тое, што ад яе будуць нейкія вынікі: ніякіх рэзалюцыяў на ёй не прымалася. Відавочна, што таксама не магло быць вынікам «развіццё альбо закрыццё» «Дыялогу аб мадэрнізацыі». Закрыць гэтую праграму для Еўропы — значыць, прызнаць поўны правал еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да суседкі. А развівацца яна не можа таму, што, як казалі шмат якія эксперты, яна «не інстытуцыяваная». То бок, у яе няма выразнай структуры, тэрмінаў дзеяння, і нават бюджэту. Раней усе беларускія эксперты, якія ў ёй працавалі, працавалі на валанцёрскіх пачатках і з уласнага энтузіязму.

З-за сваёй неінстытуцыяванасці гэтая праграма таксама не можа прапанаваць нічога афіцыйнаму Мінску. У свой час яна разглядалася пэўным «парэзаным» варыянтам «Усходняга партнёрства» для Беларусі, але ў праграме «Усходняе партнёрства» хоць невялічкія, але былі грошы. Тут жа няма нічога. А значыць, няма чаго і абмяркоўваць.

Адзіны і вельмі важны вынік толькі ў тым, што еўрапейскія чыноўнікі афіцыйна паведамілі сваім беларускім апазіцыйным калегам: Фюле і Макей дамовіліся аб далучэнні да «Дыялога аб мадэрнізацыі» афіцыйнага Мінска. Пасыл вельмі ясны: будзе пэўнае «размарожванне» кантактаў паміж афіцыйным Мінскам і Брусэлем, і «не здзіўляйцеся, калі мы дадзім візу Макею». Хаця на якім узроўні адбудзецца «размарозка», пакуль казаць цяжка.

get_img.jpg

Пасяджэнне 12 лютага ў Тбілісі, дзе браў удзел У. Макей

І дзеянні ў гэтым накірунку ўжо відавочныя. Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більдт паведаміў ў сваім акаўнце ў «Твітары» аб хуткім аднаўленні работы пасольства Швецыі ў Беларусі. «Пасля пэўных складанасцяў мы адправім часовага паверанага кіраваць нашым пасольствам у Мінску», — напісаў Більдт.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Марыя Ваньшына пацвердзіла твіт Більдта: «Па выніках праведзеных па ініцыятыве шведскага боку двух раўндаў кансультацый паміж МЗС беларускім бокам прынятае станоўчае рашэнне адносна просьбы шведскага боку аб акрэдытацыі ў Мінску часовага паверанага ў справах Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь».

Палітвязні будуць вызваленыя

А як жа прынцыповая пазіцыя Еўропы? А як жа палітвязні? Бо, калі пачынаецца дыялог, значыць, афіцыйны Мінск нешта Еўропе прапанаваў? А прапанаваць ён можа толькі адно — вызваленне ўсіх альбо часткі палітвязняў.

Беларускія палітолагі, палітыкі і эксперты абвясцілі «сацыялістычнае спаборніцтва» на прагнозы, калі ж палітвязні будуць вызваленыя. Большасць іх схіляецца да варыянту «увосень гэтага года». Акурат тады, калі Макей атрымае візу для ўдзела ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні ў лістападзе гэтага года.

Каб рабіць такія прагнозы, не трэба быць графам Каліёстра, бабкай Вангай ці дзядзькам Настрадамусам. Больш за тое, і Еўропа з іх «прынцыповай пазіцыяй», і беларуская апазіцыя тут ні пры чым.

Улетку, прыблізна ў чэрвені-ліпені павінен адбыцца судовы перагляд спраў у адносінах тых, да каго прынятая мера «асуджаны ўмоўна», альбо «асуджаны з адтэрміноўкай прысуду» на два гады. Гэта ўсе «вяршкі» кампаніі «Гавары праўду!»: Уладзімер Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута. Разам з імі — сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД і былы кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі. Тады ж будзе перагляд спраў жонкі Саннікава Ірыны Халіп і былога кіраўніка перадвыбарчага штаба Мікалая Статкевіча Сяргея Марцалева.

Ці вырашыць наш самы гуманны і справядлівы суд у свеце, на фоне нармалізацыі адносінаў з Еўропай, каго-небудзь прызнаць вінаватым у парушэнні ўмоўнага тэрміна і накіраваць у калонію? Адказ відавочны.

Напачатку восені заканчаецца тэрмін зняволення Аляксандра Францкевіча і нават тэрмін другога прысуду для Дзмітрыя Дашкевіча. Прыкладна ў гэты час заканчваецца «хімія» Паўла Севярынца. То бок, як мінімум тры палітзняволеных «выйдуць з-за кратаў», а сем — узноўленыя ў правах.

Не трэба забывацца і на тое, што ў Беларусі зазвычай пад Дзень перамогі (9 мая) альбо пад новы Дзень незалежнасці (3 ліпеня) праводзіцца амністыя. У 2012 годзе яна была складзеная так, што палітвязні на вызваленне разлічваць не маглі. Але ніхто не гарантуе, што ў 2013 годзе законапраект будзе складзены інакш. Калі гэта адбудзецца, то можна чакаць на волі яшчэ каго-небудзь.

Паўтаруся: гэта заслуга не Еўропы ці апазіцыі, а выключна Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Ці захавае Еўропа твар?

Адзіная выснова, якую можна зрабіць з гэтых «знешнепалітычных рухаў»: у спрэчцы апазіцыі мае рацыю Саннікаў. Еўрапейцы стаміліся ад «дэмакратызацыі» Беларусі. Але не ведаюць, як мякчэй паведаміць пра гэта беларускаму грамадству ў асобе апазіцыі, і пры гэтым не страціць твар. Здаецца, беларуская дыпламатыя ў справе санкцый-палітвязняў узяла Еўропу на змор. Ці мае моц Еўропа хаця б «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца» да вызвалення ўсіх палітвязняў — гэта ўжо пытанне да Еўропы.