Пашкевіч: Cкептычна стаўлюся да палітычных перспектыў Зянона Пазняка
Гісторык Аляксандр Пашкевіч абмеркаваў з «Филином» стварэнне партыі ўлады, здольнасць чынавенства да самастойнай гульні і вяртанне Зянона Пазняка ў палітыку.
— Чаму
менавіта зараз спатрэбілася ствараць праўладную партыю пасля амаль 30 гадоў
фактычнага аднаўладдзя Лукашэнкі?
— Гэта можа быць звязана з тым, што адбываецца разгром (ці ўжо адбыўся) грамадзянскай супольнасці, у рамках якой існавалі і беларускія апазіцыйныя партыі. Яны стваралі пэўны фасад партыйнага жыцця, пры гэтым не ўяўлялі для ўладаў вялікай небяспекі, бо іх можна было кантраляваць і не даваць ім асабліва распаўсюджвацца.
Цяпер жа ў рамках разгрому грамадзянскай супольнасці пад пагрозай апынуліся і апазіцыйныя партыі. Міністэрства юстыцыі ўжо афіцыйна абвесціла пра перарэгістрацыю. У партый, што рэальна з’яўляліся апанентамі Лукашэнкі, няма шанцаў перарэгістравацца, яны будуць ліквідаваныя. А каб іх нечым замяніць, было прынятае рашэнне стварыць бутафорскую партыйную сістэму цалкам са сваіх праўладных персанажаў.
Я думаю,
што ў гэтым ракурсе ўсё гэта і варта разглядаць. Не таму, што тут хочуць
стварыць рэальныя партыі, а менавіта такія імітацыйныя і кардонныя.
— Ці
падзяляеце вы меркаванне, што гэта можа быць следствам адпаведнага запыту з
боку наменклатуры? І ці могуць у перспектыве гэтыя партыі несці пагрозу для
Лукашэнкі?
— Я не бачу
прыкметаў таго, што гэта робіцца на пэўны запыт наменклатуры. Хоць бы дзеля
таго, што за апошнія два з лішнім гады, што прайшлі з моманту пратэстаў, мы не
бачым праяваў таго, што Лукашэнка ідзе на нейкія саступкі чынавенству.
Гэта так спачатку здавалася, калі ў 2020 годзе ён патрапіў у залежнасць ад паводзін сілавікоў, ад паводзін ягонай вертыкалі, якая яго тады не здала і падтрымала. І тады сапраўды здавалася, што як раней ужо не будзе, што Лукашэнка мусіць падзяліцца ўладай з сіламі, што яго ўратавалі. І што наменклатура стане сур’ёзным гульцом.
І сапраўды недзе з год Лукашэнка праводзіў селектарныя нарады і сустрэчы з чынавенствам больш лагодна, нікога не прыніжаў, як ён гэта робіць звычайна. Але цягам апошняга года ўсё змянілася, мы бачым ізноў таго самага Лукашэнку, які ізноў ставіць па стойцы смірна вертыкальшчыкаў і міністраў, паказвае ім на іхняе месца.
То-бок,
сістэма ніякім чынам не змянілася. Яна як была персаналісцкай, такой і цяпер
застаецца. Прынамсі цывільная наменклатура рабамі свайго гаспадара так і
засталася. У сілавікоў свая спецыфіка, але яўна не яны гэтыя партыі лабіруюць.
Я не бачу тут нейкіх магчымасцяў у наменклатуры, каб яна магла праводзіць свае інтарэсы праз гэтыя партыі. Наадварот, думаю, што Лукашэнка баіцца, каб яны сталі самастойнай сілай. Ён хоча ўсё трымаць у сваім кулаку. Таму не бачу тут ні запыту, ні прыкмет таго, што гэтыя партыі не будуць нечым бутафорскім і пасля змогуць у нешта разгарнуцца. Усё будзе надзвычай заціснута і фармальна, усё будзе прызначацца без усякай унутранай дэмакратыі хаця б у рамках гэтай партыі.
Я вельмі
скептычна стаўлюся да таго, што ва ўмовах цяперашняга рэжыму нешта такое можа
набыць сапраўды сур’ёзнае значэнне.
— Чым можна
патлумачыць актыўнасць Зянона Пазняка праз столькі гадоў?
— Я скептычна стаўлюся да палітычных перспектыў Зянона Пазняка. Не таму, што ён чалавек сталага веку і шмат гадоў не быў у актыўнай палітыцы. Думаю, у яго няма палітычнага патэнцыялу дзейнічаць у сённяшніх умовах. Ён занадта кансерватыўны і несучасны для таго, каб прывабіць на свой бок цяперашняе беларускае грамадства. Таму ягоны палітычны ўплыў застанецца на тым самым узроўні, што і цяпер: невялікая купка зацятых прыхільнікаў і вялікая маса тых, хто да яго ставіцца скептычна.
Пазняк
застаецца палітыкам 90-х, з вялікім негатыўным рэйтынгам. Што моцна б’е па
ягоных палітычных перспектывах. Іншая справа, што ёсць пэўныя людзі і сілы,
якія з-за адсутнасці альтэрнатывы вымушаныя выкарыстоўваць у сваіх палітычных
мэтах Пазняка.
Таму я
ацэньваю ягоную паездку ва Украіну не як тое, што ён вяртаецца ў палітыку, а
што яго вяртаюць. Натуральна, тут не скажаш, што ён сам не хоча гэтага, але ён
тут хутчэй не суб’ект палітычнага жыцця, а інструмент для пэўных маніпуляцый.
Я не бачу
тут патэнцыялу, бо ён не мае свежых і сучасных ідэй, але мае пры гэтым высокі
негатыўны рэйтынг. Гэты негатыў увогуле вельмі цяжка пераламаць, можна штосьці
зрабіць, калі ты сам гатовы мяняцца. А Пазняк мяняцца не гатовы. І такога, як
ён ёсць цяпер, большасць сучасных беларусаў не прыме ў якасці свайго лідара.
— А ці
можаце прывесці прыклады з гісторыі, калі колішні палітычны лідар вяртаўся праз
дзесяцігоддзі ў вялікую палітыку?
— Калі чалавек доўгі час знаходзіцца за мяжой і праводзіць адтуль палітыку, не азначае, што ён зусім не мае нейкіх палітычных перспектыў. З навейшай гісторыі нам знаёмы прыклад Уладзіміра Леніна, які амаль два дзесяцігоддзі правёў у эміграцыі. І тым не менш у 1917-м вярнуўся, вылучыўся на першыя ролі і прыйшоў да кіравання краінай, прывёўшы ва ўладу сваю палітычную сілу.
Пытанне не
ў тым, дзе ты знаходзішся. Важна тое, наколькі адэкватна ты сябе ацэньваеш,
колькі маеш прыхільнікаў. І наколькі твае паплечнікі гатовыя працаваць на
ўвасабленне сваіх ідэй на практыцы.
Ленін дваццаць гадоў жыў за мяжой, не з’яўляўся ў Расіі, але ён быў лідарам, ідэолагам. І ў яго было кола паплечнікаў, якіх ён натхняў, і якія потым заснавалі ўласную партыю на месцах. Так ці іначай, там заўсёды былі актывісты, была агітацыя, дастаўлялася літаратура. І хаця гэтая партыя не была вельмі масавая, хутчэй такі ордэн мечаносцаў, але яна прысутнічала ў палітычным жыцці, як дастаткова сур’ёзная сіла, з ёй мусілі змагацца.
Зянон Пазняк не Ленін. Ён рэгулярна выступаў з прамовамі, адозвамі, публікаваў свае працы. Але ўсё гэта проста расцякалася ў паветры, бо ў яго не было створана эфектыўных структур унутры Беларусі. Ягоная партыя была слабая, не здольная да рэальных дзеянняў. І па вялікім рахунку атрымлівалася, што ёсць адзін Зянон Пазняк і малаколькасная група ягоных прыхільнікаў, якія змагаюцца ў асноўным на інтэрнэт-форумах з ягонымі апанентамі.
І калі ў
яго няма такіх структур, то няма і магчымасці праводзіць нейкую палітыку.
Магчыма, што полк Каліноўскага стане такой структурай. Але я не думаю, што ён
жыве ідэямі Зянона Пазняка. Гэта хутчэй асоба, якую выкарыстоўваюць.