Карбалевіч: Каб дыскрэдытаваць Ціханоўскую, улады выкарыстоўваюць супярэчнасці ўнутры апазіцыі

Змагаючыся з дэмакратычнай апазіцыяй, беларускія ўлады наносяць галоўны ўдар менавіта па камандзе Ціханоўскай, каб максімальна дэлегітымізаваць «прэзідэнта-электа». Спробы дыскрэдытацыі адбываюцца па розных кірунках, лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч.

Фота AP

Фота AP

— Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) на чале са Сьвятланай Ціханоўскай даў справаздачу пра першыя шэсьць месяцаў сваёй дзейнасьці, — піша Валерый Карбалевіч у аўтарскай калонцы на «Св*бодзе». — Можна па-рознаму ставіцца да выніковасьці працы гэтай структуры. Калі казаць пра яе ўплыў на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, то ён невялікі. Аднак у беларускіх уладаў АПК выклікае вялікае раздражненьне. Гэта відаць па выказваньнях на гэты конт самога Лукашэнкі, прапагандыстаў, дзейнасьці тэлеграм-каналаў, за якімі відаць непрыхаваныя вушы спэцслужбаў.

Іх хваляваньне цалкам зразумелае. Пры ўсіх праблемах, якія існуюць у дзейнасьці АПК, значная частка беларускага грамадзтва бачыць у Сьвятлане Ціханоўскай і яе камандзе альтэрнатыву існаму рэжыму. Прычым альтэрнатыву канкрэтную. Ня ў выглядзе нейкай абстрактнай «апазыцыі», а ў вобразе канкрэтнага чалавека, які яе ўвасабляе. Гэта вельмі важна і з той прычыны, што чвэрць стагодзьдзя ў апазыцыі не было такога цэнтру (праўда, часам ён зьяўляўся на кароткі час), што дрэнна адбівалася на яе рэпутацыі.

Зь іншага боку, і Захад ня проста не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам. Адначасова ён бачыць у Сьвятлане Ціханоўскай і яе камандзе альтэрнатыву афіцыйнаму Менску. Няхай і часткова сымбалічную. І ўсяляк яе падтрымлівае. За два гады Ціханоўская правяла столькі сустрэч на высокім узроўні з палітыкамі краін Захаду, колькі ня марыў Лукашэнка за 29 гадоў ягонага кіраваньня. Гэта таксама для яго моцны псыхалягічны раздражняльнік.

Вось жа, існаваньне на палітычнай арэне фігуры самой Сьвятланы Ціханоўскай, яе офісу, пераходнага кабінэта — гэта важны здабытак беларускай дэмакратычнай супольнасьці. З гэтага гледзішча яго варта шанаваць і захоўваць.

І цалкам зразумела, што беларускія ўлады наносяць галоўны ўдар менавіта па камандзе Ціханоўскай, каб максымальна дэлегітымізаваць «прэзыдэнта-электа». Спробы дыскрэдытаваць яе адбываюцца па розных кірунках.

Яшчэ з моманту прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году дзяржаўныя мэдыя імкнуліся стварыць вобраз «хатняй гаспадыні», якая дасьведчаная толькі ў гатаваньні катлет. То бок як чалавека, які зусім не разьбіраецца ў палітыцы. Ды яшчэ і жанчына, што, паводле лёгікі Лукашэнкі, ёсьць непераадольным бар’ерам на шляху да прэзыдэнцкай пасады. Менавіта з гэтай прычыны яе (у адрозьненьне ад Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы) і зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Кіруючыся ўпэўненасьцю, што праціўнік зь яе вельмі слабы, бо хто ж будзе галасаваць за хатнюю гаспадыню як альтэрнатыву палітычнаму мастадонту Лукашэнку. Цяпер відавочна, што гэта быў стратэгічны пралік рэжыму.

Гэты вобраз «хатняй гаспадыні» ўлады працягваюць раскручваць, але хутчэй па інэрцыі. На яго лепяцца новыя ярлыкі. Напрыклад, Ціханоўская — марыянэтка ў руках Захаду, якую ЗША і ЭЗ выкарыстоўваюць у сваіх плянах барацьбы супраць Беларусі і Расеі. З гэтага ж шэрагу ярлык «лахушка», які Лукашэнка рэгулярна выкарыстоўвае (тут адначасова зьнявага і Сьвятланы, і Паўла Латушкі). Гэта такі варыянт марыянэткі ў чужых руках, палітычнага нуля.

І адначасова прапаганда даводзіць, што менавіта Ціханоўская спрычынілася да ўвядзеньня маштабных санкцый супраць беларускага рэжыму. Але гэта ўжо зусім процілеглы вобраз. Тут Сьвятлана паўстае ў вобразе нейкага магутнага волата, які прымушае падпарадкоўвацца ЗША і ЭЗ. У такім пасланьні Вашынгтон і Брусэль выглядаюць ужо як марыянэткі ў руках Ціханоўскай. Прапагандыстаў не бянтэжыць, што гэтыя наратывы супярэчаць адзін аднаму.

Наступны ярлык, які ўлады прыляпілі ўсім, хто вымушаны быў зьехаць за мяжу, ратуючыся ад перасьледу, — «зьбеглыя». Маўляў, цяпер яны не зь беларускім народам, яны ядуць чужы хлеб, яны чужыя. І адначасова Лукашэнка шмат разоў апавядаў, што менавіта ён вывез Сьвятлану Ціханоўскую за мяжу і нават грошай даў на дарогу. То бок атрымліваецца, што ярлык «зьбеглыя» да яе не пасуе, яна не сама зьехала, яе гвалтам вывезьлі.

Яшчэ адно абвінавачаньне палягае ў тым, што каманда Ціханоўскай нібыта крадзе грошы, якія дае Захад на змаганьне з дыктатурай. Гэта даўні, традыцыйны закід, які выкарыстоўваюць улады супраць апазыцыі. Тут нічога новага яны не прыдумалі.

Таксама ня новая зьява — распальваньне канфліктаў, спрыяньне расколу ў асяродзьдзі апазыцыі. Прапагандысты, праўладныя тэлеграм-каналы зь вялікім задавальненьнем выкарыстоўваюць крытыку, якая гучыць на адрас каманды Сьвятланы Ціханоўскай з боку апанэнтаў Лукашэнкі.

Апошнім часам у гэтым працэсе асабліва актыўна задзейнічана постаць Зянона Пазьняка. Бо гэта вельмі зручны суб’ект для выкарыстаньня. Справа ў тым, што большую частку сваёй палітычнай кар’еры ён значныя высілкі траціць на змаганьне не з рэжымам Лукашэнкі, а з апазыцыйнымі сіламі. Тых, хто зь ім ня згодны, ён называе агентамі ці то КДБ, ці то ФСБ. Вельмі адметная ягоная формула, якая прагучала па выніках падзей 2020 году: лепш Лукашэнка, чым Бабарыка. Калі замест Бабарыкі ў гэтую формулу паставіць прозьвішча Ціханоўскай, яно добра кладзецца ў парадыгму лукашэнкаўскай прапаганды.

Беларускія ўлады зыходзяць з той лёгікі, што дзеля таго, каб зрынуць Сьвятлану Ціханоўскую з п’едэстала, можна ўжываць любыя мэтады і любых асобаў. Мэта апраўдвае сродкі.