Пасольства Беларусі ў Кіеве выказала пратэст Украіне
Пасольства Беларусі ва Украіне накіравала Ноту ў МЗС Украіны з асуджэннем праведзенага 1 студзеня 2022 года марша з нагоды дня народзінаў Сцяпана Бандэры.
У заяве беларускага пасольства гаворыцца, што Нота накіраваная з асуджэннем прайшоўшага «пры маўклівым папушчальніцтве ўладаў Украіны масавага ўдзелу актывістаў збеглай беларускай экстрэмісцкай апазіцыі пад сімволікай беларускіх калабарацыяністаў і прыслужнікаў Трэцяга Рэйха ў нацыяналістычным маршы з шырокім асвятленнем у сродках масавай інфармацыі Украіны, у тым ліку на агульнанацыянальных каналах тэлебачання».
У Ноце заяўлена, што «ў сэрцах беларусаў, якія перажылі жахі фашысцкай акупацыі і трагедыю генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адклікаюцца пакутлівым болем абуральныя спробы гераізаваць калабарацыяністаў, забойцаў і карнікаў беларускага народа. Беспакаранае ўшанаванне ідэйнымі спадкаемцамі крывавых катаў Хатыні і тысяч іншых беларускіх гарадоў і вёсак сваіх «герояў»-забойцаў з'яўляецца нічым іншым як абразай памяці нашых продкаў, якія загінулі ў смяротным баі за свабоду і незалежнасць беларускага народа».
Таксама пасольства выказалася аб «нарастаючай радыкалізацыі антыбеларускай пазіцыі Украіны, якая выяўляецца ў патуранні дэманстратыўнаму ўшанаванню калабарацыяністаў і катаў беларускага народа». Ад украінскіх уладаў патрабуюць спыніць «спробы гераізаваць злачынствы супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну даўніны і не могуць быць дараваны беларускім народам».
Варта адзначыць, што «бандэраўскія маршы» штогод праходзяць 1 студзеня ў розных гарадах Украіны і ўключаюць у сябе шэсці з паходнямі і выкрыкваннем нацыяналістычных лозунгаў. У апошнія гады асоба стваральніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, што вяла ўзброены супраціў супраць польскай, нямецкай і бальшавіцкай акупацыі, ва Украіне была рэабілітаваная і асаблівую папулярнасць набыла з пачаткам акупацыі Расіяй Крыма і Данбаса. Падчас прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі Сцяпану Бандэру было нададзена званне Героя Украіны. Пазней прэзідэнт Віктар Януковіч гэты ўказ адмяніў. У той жа час постаць Бандэры ўсё яшчэ застаецца спрэчнай, паколькі, хоць АУН ставіла сваёй мэтай незалежнасць Украіны, яна ўжывала тэрор і супраць мірнага насельніцтва.
Што да закідаў адносна таго, што «бандэраўцы спалілі Хатынь», то яны не адпавядаюць гістарычнай праўдзе. Сам Сцяпан Бандэра ў той час быў арыштаваны нацыстамі. У знішчэнні Хатыні і іншых беларускіх вёсак падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў.