Байдэн і Зяленскі запланавалі тэлефонную размову

Тэлефонная размова прэзідэнта ЗША Джо Байдэна са сваім украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім запланавана на 2 студзеня, піша Свабода.

bajden_zjalenski.jpeg

Лідары дзвюх краін плянуюць разгледзець падрыхтоўку да будучых дыпламатычных сустрэч, накіраваных на дээскалацыю напружанасці праз нарошчванне расійскіх войскаў каля Украіны.
Падчас размовы Байдэн мае намер «пацвердзіць падтрымку ЗША суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ва ўмовах расійскай агрэсіі», — сказаў прадстаўнік Белага дому.
Тэлефонная размова паміж двума лідарамі стане другой за тры тыдні, у той час, як Белы дом намагаецца супрацьдзейнічаць ваеннай пагрозе з боку Масквы, якая выклікала занепакоенасць NATO і Кіева адносна магчымага ўварвання Расіі ва Украіну найбліжэйшымі тыднямі.
Размова адбудзецца пасля перамоваў паміж Байдэнам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 30 снежня, падчас якіх прэзідэнт ЗША заявіў, што Злучаныя Штаты і іх саюзнікі ўвядуць жорсткія санкцыі супраць Расіі, калі яна ўварвецца ва Украіну.