Паглыбленая інтэграцыя: 16 няўзгодненых пытанняў, і сярод іх няма палітычных
У дарожных картах, якія Беларусь і Расія абмяркоўваюць у рамках паглыблення працэсу інтэграцыі, ёсць 16 няўзгодненых пытанняў, аднак палітычных пытанняў сярод іх няма, сцвярджае Сяргей Румас.
Пра гэта перад пачаткам першай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання заявіў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, паведамляе БелаПАН.
«У тых дарожных картах, у тым пакеце дакументаў, што мы абмяркоўваем, палітычных пытанняў няма, — сказаў ён. — Пытанні толькі ёсць эканамічныя. Я не ведаю, можа, у кагосьці ў галовах ёсць гэтыя пытанні [палітычныя.]. Гэта мне не вядома. Але ў дакументах, што мы будзем прапаноўваць кіраўнікам дзяржаваў для падпісання, ніякіх наднацыянальных органаў няма».
Пры гэтым наконт таго, калі будзе апрылюднены змест дарожных карт паглыбленай інтэграцыі, Сяргей Румас паабяцаў: «Як толькі дакументы будуць падпісаныя, яны будуць апублікаваныя».
Таксама Румас распавёў, што ў перамовах з Расіяй ёсць 16 няўзгодненых пытанняў.
"На сёння па ўсіх дарожных картах засталіся 16 няўзгодненых пытанняў, — сказаў прэм’ер, перадае БелаПАН. — Я для сябе бачу задачу-мінімум — гэта, каб мы ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаў тры-чатыры пытанні, па якіх мы не дамовіліся, а задача-максімум — дамовіцца па ўсіх пытаннях. Але ўлічваючы, што гэтыя пытанні вельмі важныя, кіраўнікі дзяржаў усё роўна будуць у іх паглыбляцца, але было б правільна, калі б урады ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаў узгодненыя пытанні. Канчатковае рашэнне па іх ужо прымуць прэзідэнты".
Паводле слоў Румаса, пытанні па цане на расійскі газ для Беларусі на 2020 год і па перамытнёўцы нафты "ўваходзяць у кола 16 пытанняў".