Чым адгукнецца інтэграцыйная «валынка»?

Што б ні падпісалі Аляксандр Рыгоравіч і Уладзімір Уладзіміравіч наконт «паглыбленай інтэграцыі» — дакумент, хутчэй за ўсё, будзе няўдалым. Яго могуць назваць «прынцыповым рашэннем», «рухам у напрамку», і нават «важным крокам». Але крокам ён, хутчэй за ўсё, і застанецца.

scal_.jpg

Супраць падпісання такога дакумента ў вызначаныя тэрміны ёсць некалькі фактараў.

Час. Напрыканцы лістапада спадар Давыдзька анансаваў сустрэчу беларускага кіраўніка з дэпутатамі 6 і 7 склікання Палаты прадстаўнікоў. Лукашэнка будзе заняты тым, каб працаўладкаваць адных і прыгледзецца да новенькіх. Аляксей Венядзіктаў, кіраўнік «Эха Масквы», напісаў у Тэлеграм-канале, што запланаванае на 6 снежня інтэрв’ю з Лукашэнкам адмяняецца: той ляціць у Сочы на сустрэчу з Пуціным. Адначасова туды ж адпраўляюцца прэм’ер-міністры краін, і, відавочна, што там будзе даволі жорсткая размова наконт «паглыблення інтэграцыі». 7 снежня ў Сочы пройдзе Кубак Саюзнай дзяржавы па самба, які Пуцін прапусціць не можа. 8 снежня, у гадавіну Саюзнай дзяржавы, трэба нешта падпісваць. А 9 снежня Пуціна чакае «нармандскі фармат» па Украіне, што, канешне, непакоіць яго значна глыбей, чым Беларусь.

Такім чынам, на «шліфоўку» дакументаў, якія могуць быць падпісаныя 8 снежня, часу папросту няма. А пакет дарожных картаў паўнавартасна не гатовы.

Эканоміка. Зразумела, Беларусь зацікаўленая ў тым, каб «глыбокая інтэграцыя» была падмацаваная нізкімі коштамі на нафту і газ, а таксама захаваннем экспартных пошлінаў ад нафты і нафтапрадуктаў, што і з’яўляецца галоўным пытаннем да расійскага боку. Мы хочам нізкія цэны проста цяпер, а Расія кажа: спачатку інтэграцыя, потым і пра кошты падумаем.

Але Лукашэнка ў кастрычніку наведаў Туркменістан, Кыргызстан і Казахстан — краіны патэнцыйнага «нафтавага» рэгіёну. У Туркменістане, напрыклад, уладальнік аўтамабілю атрымлівае 120 літраў бензіну на месяц бясплатна, а літр паліва на АЗС каштуе 16 цэнтаў. Кыргызстан практычна не развівае свае радовішчы нафты, у чым Беларусь магла б паўдзельнічаць. А ў Казахстане, паводле Газеты.ru, «былі ўзгодненыя асноўныя параметры здзелкі па пастаўках казахскай нафты ў Беларусь».

Відавочна, што ў 2020 годзе Расія не запусціць «Паўночны паток–2». Таму пастаўкі газу ў Еўропу, ва ўмовах спрэчкі «Газпраму» з Украінай, пад пагрозай, з чаго Беларусь можа атрымаць свае выгады як асноўны транзіцёр. Да таго ж у наступным годзе ў нас плануецца запуск АЭС, якая і стваралася як альтэрнатыва газавым пастаўкам.

Таму гандлявацца ёсць за што — нават без той самай «паглыбленай інтэграцыі». Дый беларускі бюджэт на наступны год фарміруецца без уліку магчымых інтэграцыйных бонусаў.

Сацыялогія. Расійская газета «Коммерсантъ» 28 лістапада апублікавала дадзеныя сацапытання, паводле якіх 57,6% беларусаў выступаюць за саюзніцкія адносіны з Расіяй, 31,8% — за партнёрскія. Апытанне, нібыта, праводзіў расійскі Дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў — знакаміты МГИМО. Для гэтага расіянам давялося зрабіць 7 тысяч званкоў, цалкам анкету запоўнілі 500 рэспандэнтаў.

МГИМО, можа быць, і знакамітая ВНУ, але да гэтага аніводнага разу не была заўважаная ў правядзенні сацапытанняў. Незразумела таксама, чаму з 7000 апытаных «анкету цалкам запоўнілі 500 рэспандэнтаў». Ці азначае гэта, што з 14-ці беларусаў на пытанне пра стасункі з Расіяй без нецэнзурных словаў адказаў толькі адзін чалавек? А астатнія 13 далі адказ, які расійскіх «сацыёлагаў» не задаволіў?

news.my.ua.jpg


Ёсць яшчэ багата чыннікаў, якія ставяць пад сумнеў дзейснасць дакументаў, што будуць (а можа, і не будуць) падпісаныя Пуціным і Лукашэнкам 8 снежня. А значыць, гэта дае беларускаму кіраўніцтву час, каб зноў цягнуць інтэграцыйную валынку. У гэтым ёсць плюсы, але ёсць і мінусы: «Саюзная дамова» ж адгукнулася нам непрыемнасцямі праз 20 гадоў!

Так што паспалітаму люду, які не жадае ніякай інтэграцыі з Расіяй і выступае за захаванне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, расслабляцца рана. Для скасавання той самай «інтэграцыі» падыдуць любыя сродкі: вулічныя выступы, петыцыі з пратэстамі, нават судовае аспрэчванне прынятых дакументаў. Усё гэта ўплыва­е на фарміраванне грамадскай думкі. Лукашэнка — палітык-папуліст, ён адчувае грамадскую думку і кажа тое, што «ў трэндзе» ў народа. І таму настроі грамадства таксама ўплываюць на яго. Чым больш відавочных і рэзанансных выступаў у падтрымку незалежнасці краіны — тым мацнейшы ціск на ўладу, тым большы шанец, што ніякай «паглыбленай інтэграцыі» не будзе.

Таму трэба прыкладаць высілкі, каб давесці да кіраўніцтва: большасць беларусаў — за тое, каб жыць у сваім доме. І гэта ў век інфармацыйных тэхналогій можа зрабіць кожны.