Падсцяліў саломку. Ці дапаможа? Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон аб прэзідэнце

Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон аб прэзідэнце. У канцы мінулага года яны былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі. Змены ў закон уносяцца з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. У дакуменце таксама прапісаныя гарантыі дзеючага і былога прэзідэнта Беларусі, паведамляе reform.by.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1_logo_1.jpg

Гарантыі прэзідэнту, які выконвае свае паўнамоцтвы, уключаюць дзяржаўнае забеспячэнне і абслугоўванне. Іх пералік зацверджаны ў абноўленай рэдакцыі. У яго ўключаны:

  • заработная плата ў адпаведнасці з заканадаўствам;
  • памяшкання для пражывання, часовага знаходжання і (або) адпачынку;
  • транспартнае абслугоўванне;
  • матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, сацыяльнае-бытавое і іншае абслугоўванне;
  • дзяржаўная ахова, якая ўскладаецца на дзяржаўны орган спецыяльнага прызначэння;
  • выдаткі на прадстаўнічыя мэты ўнутры краіны;
  • выдаткі, звязаныя з наведваннем замежных дзяржаў;
  • медыцынскае абслугоўванне;
  • абавязковае дзяржаўнае страхаванне;
  • урадавая і спецыяльная сувязь.

У пераліку зменены некаторыя фармулёўкі. Раней гаворка ішла аб службовым жылым памяшканні, цяпер жа дададзеныя памяшканні для часовага знаходжання і адпачынку. З'явіліся пункты аб матэрыяльна-тэхнічным, сацыяльна-бытавым і іншым абслугоўванні, а таксама ўрадавай і спецыяльнай сувязі, але прыбраны пункт аб дзяржаўнай дачы.

У новай рэдакцыі таксама прапісана, што ўсе гарантыі, за выключэннем зарплаты, распаўсюджваюцца на членаў сям'і прэзідэнта на працягу тэрміну яго паўнамоцтваў. Да членаў сям'і прэзідэнта, а таксама прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, адносяцца бацькі, муж (жонка), дзеці, у тым ліку паўналетнія. Таксама вызначана, што для іх заканадаўствам могуць устанаўлівацца іншыя дадатковыя прававыя і сацыяльныя гарантыі.

Праект змяшчае і новы артыкул аб тым, што "пахаванне і ўвекавечанне памяці прэзідэнта, а роўна прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту".

Закон дапаўняецца главой аб гарантыях прэзідэнту, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям'і. У ёй прапісана, што былы прэзідэнт становіцца дэлегатам УНС, а з яго згоды – і пажыццёвым членам Савета Рэспублікі. Пры гэтым дадзенае становішча не распаўсюджваецца на прэзідэнта, «які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі».

Былы прэзідэнт таксама зможа ўдзельнічаць у "кіраванні некамерцыйнымі арганізацыямі, заснаванымі ім у мэтах садзейнічання ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці, рэалізацыі мерапрыемстваў у сацыяльнай, культурнай, адукацыйнай, спартыўнай і іншых грамадска-карысных сферах".

У праекце закона прапісана, што былы прэзідэнт валодае недатыкальнасцю.

"Ён не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, а таксама ў сувязі з гэтым затрыманы, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды, падвергнуты следчым і іншым працэсуальным дзеянням", – гаворыцца ў тэксце.

Недатыкальнасцю будуць валодаць і члены яго сям'і. Таксама недатыкальнымі будуць займаныя былым прэзідэнтам і членамі яго сям'і жылыя і службовыя памяшканні, якія выкарыстоўваюцца імі транспартныя сродкі, сродкі сувязі, архівы, якія ім належаць, іншая маёмасць, дакументы, багаж і іх перапіска.

Крымінальныя справы аб злачынствах, учыненых у дачыненні да прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, членаў яго сям'і, будзе разглядаць Вярхоўны суд.

Былы прэзідэнт будзе мець пажыццёвую дзяржаўную ахову. Дзяржахова для членаў яго сям'і будзе прадастаўляцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

За прэзідэнтам і яго сям'ёй будзе захавана права на медабслугоўванне, якое ім давалася падчас выканання паўнамоцтваў, а таксама права на транспартнае абслугоўванне ў парадку, які вызначаецца заканадаўчымі актамі. Жыццё і здароўе прэзідэнта падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Былы прэзідэнт будзе мець права на пажыццёвае штомесячнае грашовае ўтрыманне ў памеры 100% зарплаты, устаноўленай заканадаўствам дзейнаму прэзідэнту.

Таксама пасля спынення выканання паўнамоцтваў прэзідэнт бязвыплатна атрымае ва ўласнасць на выбар дзяржаўную нерухомасць для пастаяннага пражывання, уключаючы «зямельны ўчастак з размешчанымі на ім капітальнымі будынкамі, ізаляванымі памяшканнямі, іншай нерухомай маёмасцю, у тым ліку гаспадарчага прызначэння, прызначаным для эксплуатацыі і абслугоўвання гэтай нерухомай маёмасці, а таксама рухомую маёмасць, звязаную з добраўпарадкаваннем і эксплуатацыяй нерухомай маёмасці». Пры гэтым ён не будзе плаціць падаходны падатак у дачыненні да гэтай маёмасці.

Былы прэзідэнт зможа бясплатна карыстацца заламі для афіцыйных асоб і дэлегацый аэрапортаў і аэравакзалаў, аўтавакзалаў (аўтастанцый), чыгуначных вакзалаў (станцый), рачных партоў.

Ён зможа мець памочнікаў, бясплатна карыстацца ўрадавай і спецыяльнай сувяззю, а яго паштовыя і тэлеграфныя адпраўленні будуць апрацоўвацца і дастаўляцца як урадавыя.

Кожны з членаў сям'і былога прэзідэнта пасля яго смерці будзе атрымліваць грашовае ўтрыманне ў памеры, прадугледжаным для прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў.

У апошнім артыкуле главы аб гарантыях былому прэзідэнту прапісана, што "гонар і годнасць прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, абараняюцца ў парадку, устаноўленым законам".

Таксама ў законе зменены пералік выпадкаў, калі прэзідэнтам можа быць аддадзены загад аб пачатку баявых дзеянняў без абвяшчэння вайны. Цяпер прэзідэнт зможа аддаваць такі загад у выпадках:

  • уварвання Узброеных Сіл іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў) на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь або ваеннай акупацыі, якой бы часовы характар яна ні насіла, анексіі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або яе часткі з ужываннем узброенай сілы;
  • ракетна-авіяцыйных удараў, якія наносяцца ўзброенымі сіламі іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў) па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, або прымянення любой іншай зброі іншай дзяржавай (кааліцыяй дзяржаў) супраць Рэспублікі Беларусь;
  • узброенага ўздзеяння іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў) на Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, а таксама на аб'екты Рэспублікі Беларусь, незалежна ад месца іх дыслакацыі (размяшчэння);
  • дзеянняў іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), якія дазваляюць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю трэцяй дзяржаве (трэцім дзяржавам), экстрэмісцкім групам і арганізацыям для нападу на Рэспубліку Беларусь;
  • засылкі іншай дзяржавай (кааліцыяй дзяржаў) або ад імя іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), экстрэмісцкімі групамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы (іншых дзяржаў), на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь Узброеных банд (груп), ірэгулярных сіл, наймітаў або падраздзяленняў рэгулярных войскаў, якія прымяняюць узброеную сілу супраць Рэспублікі Беларусь;
  • акта ўзброенай агрэсіі з боку якой-небудзь дзяржавы або кааліцыі дзяржаў, здзейсненага супраць дзяржавы-ўдзельніцы Дагавора аб калектыўнай бяспецы;
  • іншых дзеянняў, звязаных з прымяненнем іншай дзяржавай (кааліцыяй дзяржаў) узброенай сілы супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь якім-небудзь іншым спосабам, несумяшчальным са Статутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Раней у законе былі прапісаны толькі тры коратка сфармуляваных падставы для загаду аб пачатку баявых дзеянняў без абвяшчэння вайны: наўмыснае ўварванне ў паветраную прастору, нечаканае ўварванне Узброеных Сіл, нечаканае паветраны напад.

Як і раней, аддаўшы загад аб пачатку баявых дзеянняў, прэзідэнт павінен на працягу трох гадзін паведаміць пра гэта ў Савет Рэспублікі. Таксама ён можа ўвесці ваеннае становішча, абвясціць поўную або частковую мабілізацыю.

У праекце павялічана і колькасць падстаў для ўвядзення на тэрыторыі краіны або ў асобных рэгіёнах надзвычайнага становішча. Акрамя стыхійных бедстваў, катастроф і беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам альбо пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы агавораны «спробы гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброены мяцеж».

Акрамя таго, у законе прапісаны новыя цэнзы для прэзідэнта, перагледжаны яго паўнамоцтвы, вызначана роля УНС у абвяшчэнні імпічменту.