Аддадзім у Расію? Лукашэнку ў расійскім рэйтынгу «Чалавек году» заняў другое месца

Спэцыфіка рэйтынгу «Чалавек году» прадугледжвае ў якасьці крытэра ня столькі пасьлядоўную палітычную пазыцыю, хай нават і падмацаваную шэрагам дзеяньняў, колькі нейкія яскравыя ўчынкі. Папулярнасьць у расейскага насельніцтва хоць і не гарантуе Лукашэнку падтрымкі Крамля, але ўмацоўвае яе, піша на «Свабодзе» палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык.

luprih.jpg

Паводле апытаньня «Чалавек 2023 году» сацыялягічнай службы «Левада-цэнтар», якое праводзілі Андрэй Калесьнікаў і Дзяніс Волкаў, Аляксандар Лукашэнка заняў другое мейсца — адразу пасьля Ўладзімера Пуціна.

Пуціна «Чалавекам году» назвалі 53%, Лукашэнку — 9%. За імі ідуць прэм’ер-міністар Мішусьцін і кіраўнік МЗС Лаўроў (па 8%), лідэр Кітаю Сі Цзіньпінь (7%), Яўген Прыгожын (5%). У прэзыдэнта ЗША Байдэна, прэмʼера Вугоршчыны Орбана і мэра Масквы Сабяніна па 2%.

Гэта ня стала нечаканасьцю. У сьнежні 2022 году, паводле «Левада-цэнтру», Аляксандар Лукашэнка таксама быў у лідэрах апытаньня «Чалавек году», праўда, падзяліў трэцяе мейсца з Мішусьціным і Шайгу (усе набралі па 7%). На другім быў Лаўроў (8%), на першым — Пуцін (48% апытаных). 

Цяпер жа Лукашэнка апярэдзіў і расейскага прэмʼера, і кіраўніка замежнапалітычнага ведамства.

Вядома, рэйтынг у апытаньнях «Чалавек году» нельга цалкам пераносіць на палітычную сфэру і тым больш аўтаматычна выводзіць зь яго нейкія адназначныя электаральныя высновы.

Скажам, у той жа РФ Расейская праваслаўная царква (РПЦ) стабільна займае першае-другое мейсцы (нароўні з арміяй) у рэйтынгу даверу, але наўрад ці хто-небудзь будзе сур’ёзна разглядаць варыянт вылучэньня і тым больш выбраньня патрыярха Кірыла на пасаду прэзыдэнта.

І ўсё ж пэўныя высновы з такога кшталту апытаньняў зрабіць можна. Хаця б таму, што яны выяўляюць ня толькі сымпатыі, але і палітычныя, а часам і геапалітычныя прыярытэты.

Што ж можа вынікаць з наяўнасьці імя Лукашэнкі ў гэтым рэйтынгу «Левада-цэнтру», прычым ужо ня першы раз?

Найхутчэй, галоўнай прычынай зьяўляецца пазыцыя Лукашэнкі ў дачыненьні да агрэсіі Масквы супраць Украіны, якую ў Расеі называюць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй». Так, Лукашэнка ня ўвёў ва Ўкраіну беларускія вайсковыя падразьдзяленьні, аднак даў тэрыторыю краіны для нападу, уключна з практычна ўсёй вайсковай інфраструктурай ад аэрадромаў да шпіталяў. Такая адданасьць ня можа ня быць ацэненая расейскімі прыхільнікамі вайны.

Ня меншую ролю адыгрывае і палітычная падтрымка Лукашэнкі расейскай агрэсіі. Тым больш што ён фактычна адзіны з постсавецкіх лідэраў, хто выказвае яе адназначна і без усялякіх агаворак.

Але гэта хутчэй фон. Сама спэцыфіка рэйтынгу «Чалавек году» прадугледжвае ў якасьці крытэра ня столькі пасьлядоўную палітычную пазыцыю, хай нават і падмацаваную шэрагам дзеяньняў, колькі (з прычыны псыхалягічнага фактару) нейкія яскравыя ўчынкі.

Прыкметны момант: у тым жа самым рэйтынгу фігуруе і кітайскі лідэр Сі Цьзіньпінь. Пэкін, хаця і зь некаторымі нюансамі, аднак палітычна падтрымлівае Маскву. А ўжо што тычыцца эканомікі, дык перанакіраваньне ў Кітай пасьля ўводу эўрапейскіх санкцыяў расейскіх вуглевадародаў было надзвычай важным фактарам уратаваньня расейскай эканомікі. Аднак Сі ў гэтым рэйтынгу адстае ад Лукашэнкі на 2%.

Ня трэба доўга гадаць, каб назваць той галоўны ўчынак Лукашэнкі, які дазволіў яму апярэдзіць у Расеі, акрамя Пуціна, усіх расейскіх ды замежных палітыкаў.

Глядзіце таксама

«Нэрвозны прэзыдэнт» і «моцны мужык»

Найбольш відавочны чыньнік — ягоныя паводзіны падчас мяцяжу кіраўніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгена Прыгожына.

Усе дэталі і падрабязнасьці тых падзеяў пакуль невядомыя, і цяжка сказаць, ці будуць калі-небудзь апублічаныя, але ва ўспрыманьні звычайнага расейца дзеяньні Пуціна і Лукашэнкі выглядаюць наступным чынам.

Пуцін падтрымліваў Прыгожына і фактычна вывеў яго ня толькі з-пад кантролю генэралаў, але і з-пад закону (даўшы магчымасьць забіраць з турмаў асуджаных, у тым ліку і за цяжкія злачынствы). Менавіта дзякуючы ПВК «Вагнэр» расейцы працяглы час утрымлівалі ў сваіх руках стратэгічныя населеныя пункты на лініі фронту.

Але як толькі Прыгожын рушыў спачатку на Растоў, а потым на Маскву, Пуцін зьнік з інфармацыйнага полю. Як пазьней стала вядома, вылецеў у сваю рэзыдэнцыю ў глухіх валдайскіх лясах.

Выступіў ён са значным спазьненьнем — што, з папраўкай на хуткасьць сучасных інфармацыйных тэхналёгіяў, можна параўнаць з двухтыднёвай затрымкай выступу Сталіна пасьля нападу Гітлера на СССР. Але войскі Гітлера складаліся зь дзесяткаў дывізіяў на франтах даўжынёй у сотні кілямэтраў, а тут на Маскву ішла адна калёна; калі перавесьці ў фармат рэгулярнага войска — адна, максымум дзьве дывізіі.

Самалёты, накіраваныя Масквой на спыненьне калёны, Прыгожын зьбіў, загінулі расейскія лётчыкі.

Усё гэта публічна, на ўвесь сьвет было ацэнена Пуціным як здрада. Была распачатая крымінальная справа.

Аднак неўзабаве Пуцін прымае здрадніка Прыгожына ў Крамлі, а крымінальная справа па факце мяцяжу і забойства «вагнэраўцамі» расейскіх вайскоўцаў спыняецца. Ні Прыгожын, ні хто-небудзь з «вагнэраўцаў» адказнасьці за спробу вайсковага перавароту, вынікам якога магло быць адхіленьне Пуціна ад пасады, не нясе.

Прыгожын ізноў патрэбны Пуціну, цяпер ужо ў Афрыцы. Да моманту, пакуль ён і ягонае бліжэйшае атачэньне (а таксама трое цывільных чальцоў экіпажу) ня гінуць у авіякатастрофе — трэба ж такому было здарыцца, акурат непадалёк ад таго самага Валдаю.

І ўсё гэта — цягам некалькіх тыдняў. Якая заўгодна галівудзкая кінакампанія пабудаваны на гэтых падзеях сцэнар, напэўна, адхіліла б як празьмерна фантастычны, а дзеяньні аднаго з галоўных герояў (прэзыдэнта) ацаніла б як паводзіны непасьлядоўнага і псыхалягічна няўстойлівага чалавека, шанцы якога захавацца пасьля падобнага на пасадзе былі б блізкія да нуля.

Аднак жыхары Расеі (ды і ўсяго сьвету) назіралі гэта не на кінаэкране, а ў рэальным жыцьці.

Іншая справа — Лукашэнка. У вачах «звычайнага чалавека» ён адразу выявіў спакой, вытрымку, дзейнічаў рашуча і адважна, і фактычна выступіў асноўным перамоўшчыкам паміж Прыгожыным і Крамлём. Прычым не пабаяўся чарговы раз раззлаваць Захад і прыняць на «сваёй» тэрыторыі мяцежнае баявое злучэньне.

Такім чынам, Лукашэнка на справе пацьвердзіў сваю адданасьць Расеі і ўхваленьне ейнай агрэсіі супраць Украіны. У вачох прыхільнікаў Пуціна ён «моцны мужык».

Парадаксальным чынам падвысіў свой рэйтынг, у параўнаньні зь леташнім, і Пуцін: 53% замест 48%.

Але «Левада-цэнтар» дае і іншыя, трэба думаць, ня менш важныя лічбы.

Глядзіце таксама

Расейцы ня хочуць аддаваць тэрыторыі

На пытаньне «Што зьяўляецца для вас недапушчальнай умовай для падпісаньня мірнага пагадненьня?» 68% назвалі вяртаньне Запароскай і Херсонскай абласьцей у склад Украіны, 76% — вяртаньне ў склад Украіны «ЛНР» і «ДНР» і 76% — далучэньне Ўкраіны да NATO.

І гэта, падкрэсьлім, сярод тых, хто дапускае сам факт перамоваў.

Палітычныя заявы Лукашэнкі цягам амаль двух гадоў вайны цалкам супадаюць зь меркаваньнямі гэтых людзей, якія можна ахарактарызаваць як імпэрскія.

І яшчэ адна выснова. Аўтар гэтых радкоў заўсёды (і ў 2020-м у тым ліку) лічыў, што ў Крамля няма сур’ёзных падставаў дамагацца замены Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка краіны на кагосьці іншага. Такая папулярнасьць у расейскага насельніцтва няхай і не гарантуе яму падтрымку Крамля, але, трэба прызнаць, умацоўвае яе.

Праўда, калі перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі 17 сакавіка Пуцін, не дасягнуўшы прыкметных посьпехаў на вайне, вырашыць паднесьці расейскаму электарату Беларусь як частку тэрыторыі, далучанай «мірным шляхам», сытуацыя для Лукашэнкі можа кардынальна зьмяніцца.