Пачалося фарміраванне ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты

Без вызвалення і поўнага аднаўлення ў правах кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзняволеных ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі, а кампанія 2010 года не можа лічыцца завершанай, — адзначаюць члены аргкамітэтапа стварэнні ініцыятыўнай групы



index31.jpg

Як падкрэсліваецца ў заяве, мэта кампаніі ў падтрымку вылучэння Статкевіча кандыдатам на выбарах 2015 — "нагадаць грамадству, што дэмакратычная ініцыятыва існуе, дамагчыся вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, вярнуць краіну на шлях дэмакратычнага развіцця". У сувязі з гэтым аўтары заявы заклікаюць грамадзян далучыцца да ініцыятыўнай групы па вылучэнні Статкевіча.

Жонка палітыка Марына Адамовіч паведаміла, што сябры аргкамітэту дамовіліся, што кожная з структур, якія падтрымалі яго вылучэнне, створыць свой уласны штаб у яго падтрымку. Адамовіч таксама сказала, што, паводле папярэдніх падлікаў, у ініцыятыўную групу ўжо выказалі жаданне ўступіць каля 1 тыс. чалавек.

"Мікалай Статкевіч падтрымаў нашу ініцыятыву, ён разглядае яе як маральны акт тых людзей, якія больш не могуць пасіўна ўспрымаць сітуацыю. На жаль, магчымасці ўсім дэмакратычным сілам аб'яднацца вакол гэтай ідэі няма", — адзначыла жонка палітыка.

Нагадаем, адзіны аргкамітэт па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты створаны 25 чэрвеня, у яго склад увайшлі прадстаўнікі аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" , зарэгістраванага ў Чэхіі аб'яднання "Малады фронт", руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі", а таксама руху салідарнасці "Разам".

29 чэрвеня экс-кандыдат у прэзідэнты, паэт і лідэр стваранага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі" Уладзімір Някляеў прапанаваў усім апазіцыйным прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост зняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп і падтрымаць вылучэнне Статкевіча адзіным кандыдатам ад дэмсілаў.

Большасць патэнцыйных кандыдатаў гэтую прапанову не прынялі.

БелаПАН