Нефармальныя пасольствы Беларусі

У верасні распачалі сваю працу беларускія дамы ў Варшаве, Вільні, Львове. Грамадскія ініцыятывы па-за межамі Беларусі ставяць сабе за мэту яднаць беларускіх мігрантаў ды стварыць пляцоўкі для свабодных сустрэч прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх структур. (На здымку: Алег Мяцеліца запрашае на офіс)



6b5ce5a5aa1b506c66ece16c4cd9138d.JPG

У верасні распачалі сваю працу беларускія дамы ў Варшаве, Вільні, Львове. Грамадскія ініцыятывы па-за межамі Беларусі ставяць сабе за мэту яднаць беларускіх мігрантаў ды стварыць пляцоўкі для свабодных сустрэч прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх структур.

(На здымку: Алег Мяцеліца запрашае на офіс)


У Варшаве «Беларускі дом» месціцца ў старой камяніцы ў самым цэнтры сталіцы на вуліцы Вейскай, 13. Грамадская арганізацыя «Беларускі дом» хоча інтэграваць беларусаў, якія апынуліся ў Варшаве, ладзіць беларускія імпрэзы або дапамагаць тым, хто па палітычных прычынах быў вымушаны пакінуць краіну. У Варшаве цяпер беларуская супольнасць налічвае некалькі тысяч чалавек. Сярод іх значную частку складаюць студэнты-каліноўцы, журналісты, палітэмігранты.
«Беларускі цэнтр» у Львове, паводле заяваў яго стваральнікаў, будзе «спрыяць аб’яднанню дэмакратычных сіл у барацьбе з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а таксама наладжванню ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва». Падобныя беларускія цэнтры плануецца стварыць яшчэ ў некалькіх украінскіх гарадах.
Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве адкрылася пры падтрымцы кіраўніка Камітэту па замежных справах Эмануэліса Зінгерыса, міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Аджубаліса. Яны паспрыялі прыняццю рашэння аб адкрыцці офіса, мэрыя горада дапамагла з памяшканнем. Пасольствы Канады і Польшчы перадалі мэблю і аргтэхніку. Кіраўнік віленскага офіса Алег Мяцеліца з ліку асобаў, якія партызанскімі шляхамі пасля 19 снежня праз Расію выехалі з Беларусі. Паводле яго слоў, зімою падавалася, што палітычнае і грамадскае поле ў Беларусі выпрасуюць так, што не застанецца ніякіх магчымасцяў для працы. Таму ідэю стварыць такую пляцоўку за мяжой палітэмігранты выношвалі даўно. Пра гэта я і размаўляла з кіраўніком Грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве Алегам МЯЦЕЛІЦАМ.
— Мне пакуль цяжка сказаць, чым мы адрозніваемся ад офісаў, створаных у Варшаве і Львове. Гэта пляцоўкі, дзе беларуская апазіцыя, грамадскі сектар могуць знаходзіць прытулак па-за межамі краіны. Я б хацеў прывесці прыклад Польшчы. У Літве ёсць пасольства Польшчы, але паралельна працуе польскі дом, дзе праводзяцца розныя мерапрыемствы. Калі глядзець у будучыню, то стварэнне беларускіх дамоў можа быць падмуркам для далейшага супрацоўніцтва.
Да нас ужо прыязджалі прадстаўнікі палітычных арганізацый. У Вільню амаль штодня прыязджае нехта з прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый. І мы запрашаем усіх прыходзіць да нас у Вільні на вуліцу Басанавічуса 35,1. Ёсць памяшканне, ёсць інтэрнэт — гэта добрая магчымасць для сустрэч.
— Ці разглядаеце магчымасць вярнуцца цяпер у Беларусь?
— Мяркую, што цяпер можна было б вярнуцца. І ўсё, відаць, абышлося б толькі нейкімі выклікамі ў міліцыю, «прафілактычнымі гутаркамі», проста далі б зразумець, што нічога нам не забыліся. Але ёсць абавязальніцтвы, адказнасць за сам офіс. Мы толькі пачалі нармальна працаваць — цягам лета рабілі рамонт, наводзілі парадак. Цяпер мы рэгулярна праводзім розныя акцыі ў Літве. Рабілі і акцыі апладысментаў у сем гадзін на чыгуначным вакзале, акурат у гэты час адыходзіць цягнік у Беларусь. Скажу, што было вельмі прыемна назіраць, калі цэлымі вагонамі людзі апладзіравалі.
— Вам не падаецца, што гэтыя акцыі ўжо згубілі сэнс, бо яны выліліся ў бязмэтавае дзеянне?
— Так, акцыю, напэўна, варта было па восені яшчэ колькі разоў правесці ў мабілізуючым фармаце, а потым дадаваць патрабаванні да ўладаў.
— Ёсць меркаванне, што афіцыйная Літва насамрэч асцерагаецца пераменаў у палітычным ладзе Беларусі.
— У прыватных размовах літоўцы самі гавораць, што змены ў Беларусі для Літвы справакуюць не вельмі добрую сітуацыю. Гэта перанакіруе транспартныя плыні, дзесяцімільённая Беларусь перацягне на сябе шмат рэсурсаў. Беларусь зможа ўслых заявіць пра свае нацыянальныя інтарэсы, а Літва проста застанецца на ўскрайку Еўрасаюза. Беларусь больш цэласная за Літву ў нацыянальным плане. Літоўскія палітыкі, якія прыкладаюць руку да палітычных трансфармацый у Беларусі, з аднаго боку, кіруюцца салідарнасцю, бо памятаюць падзеі ўнутры іх краіны на пачатку 1990-х, а з іншага — кіруюцца матывамі ўласнага кар’ернага росту, бо гэта дадае бонусы для іх іміджу ў вачах еўрапейскіх чыноўнікаў.
— У Вільні ёсць Дом правоў чалавека, дзе праходзіць многа сустрэч, мерапрыемстваў. Вы цяпер з імі канкуруеце?
— У іх ёсць пэўныя патрабаванні ад донараў, яны не хочуць, каб праваабарончая арганізацыя была ўцягнутая ў палітычныя варункі. Увогуле, мяркую, што палітычным арганізацыям было б карысна мець тут сваіх прадстаўнікоў. Напрыклад, ад аргкамітэта па стварэнню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі тут некалькі месяцаў працаваў іх прадстаўнік. І гэта істотна паспрыяла пашырэнню іх міжнародных сувязяў.