Не ўсё так кепска! Што зрабілі ў 2023-м беларускія дэмакратычныя сілы
Неяк мы ўжо пісалі пра тое, што беларуская апазіцыя вельмі сціплая. Яна не ўмее выхваляцца і піярыць свае дасягненні. Таму скандалы і крытыка больш прыкметныя, чым поспехі нашых дэмакратычных сіл. Зрэшты, яно дзесьці і зразумела — да добрага хутка звыкаеш, а дрэннае пакідае большы эмацыйны след.
Таму мы вырашылі сабраць тое, чым мы можам ганарыцца ў 2023-м у нашых дэмакратычных сілах. Як ні дзіўна, гэтых момантаў было дастаткова шмат, і мы склалі суб’ектыўны ТОП-5 яскравых і важных падзей. Калі не цяпер, дык на будучыню.
Першая падзея адбылася ў пачатку года, у лютым. Гэтая акцыя стала адной з самых шакавальных для беларускай улады. Прапаганда маўчала пра яе амаль 10 дзён і не ведала, што сказаць з гэтай нагоды. І нават наогул адмаўляла наяўнасць інцыдэнту.
У лютым гэтага года беларускія партызаны — у супрацоўніцтве з СБУ ці не, усё роўна — здзейснілі атаку дронамі на аэрадром «Мачулішчы», дзе базавалася расійская авіяцыя, якая брала ўдзел у абстрэле тэрыторыі Украіны крылатымі ракетамі. У выніку атакі быў пашкоджаны самалёт далёкай разведкі А-50.
Дзевяць дзён дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя асобы называлі атаку «фэйкам». І толькі 7 сакавіка Лукашэнка прызнаў, што ў выніку дыверсіі 26 лютага на аэрадроме Мачулішчы быў пашкоджаны расійскі самалёт-разведчык А-50, які выкарыстоўваўся для навядзення ракет і дронаў на цэлі ва Украіне.
У выніку не толькі спыніліся паветраныя атакі Украіны з беларускай тэрыторыі. Была папсаваная і «беларуская стабільнасць». Падавалася, што ў краіне ўсё зачышчанае, — і тут на табе. І Лукашэнка з гэтай нагоды закаціў істэрыку, называючы Зяленскага «гнідай» і іншымі нехарошымі словамі.
Зразумела, адразу пачалі шчыраваць сілавікі. Але мы дагэтуль не ведаем, ці сапраўды затрыманыя па гэтай справе маюць да яе дачыненне. Прынамсі ByPоl, які ўзяў на сябе адказнасць за гэту акцыю, сцвярджае, што ўсе ўдзельнікі дыверсіі былі своечасова эвакуяваныя.
Другая знакавая падзея сыходзячага года — безумоўна, Марафон салідарнасці з палітвязнямі. З ініцыятывай правядзення марафону выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай. Потым яна прызнавалася, што не разлічвала на такі поспех: на яе думку, было б добра, калі б беларусы назбіралі для палітвязняў сто тысяч долараў.
У выніку марафону для падтрымкі палітвязняў было сабрана ў 6 разоў больш за чаканні — сума ахвяраванняў пераваліла за 570 тысяч еўра. Грошы з яго размяркоўваюцца на падтрымку палітвязняў дагэтуль.
Марафон салідарнасці стаў моцным эмацыйным фактарам не толькі для палітвязняў і іх родных. Найперш ён стаў моцным натхняючым фактарам для беларусаў унутры краіны і за мяжой. У выніку беларусы ў чарговы раз асэнсавалі — яны моцныя. Яны — адзіныя. Яны — народ. Яны — нацыя. І тая салідарнасць, якая ўзнікла паміж імі ў 2020-м, нікуды не згубілася. Нягледзячы на тое, што яны жывуць цяпер у вельмі розных месцах.
Пашпарт Новай Беларусі — выдатны прыклад таго, як праца «на перспектыву» можа ўвасобіцца ў рэальны праект і стаць вельмі важным і актуальным. Першапачаткова гэтая ідэя ўзнікла з-за таго, што часам рэжымныя консульствы і амбасады адмаўляліся абменьваць беларусам пашпарты, у якіх закончыўся тэрмін дзеяння. Таму яшчэ ў сакавіку гэтага года прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных пытаннях Валерый Кавалеўскі казаў пра распрацоўку новага дакумента для беларусаў.
Першапачаткова да ідэі ставіліся скептычна: маўляў, хто прызнае гэты пашпарт, хто яго будзе выдаваць, і гэтак далей. У жніўні Геральдычная рада прадставіла ўзор новага пашпарта, які выклікаў шмат цікавых спрэчак — ад выкарыстання ў ім лацінкі і «тарашкевіцы» да злёгку «адцэнзураванай» карціны Марка Шагала.
І раптам у верасні Лукашэнка забараніў амбасадам мяняць пашпарты беларускім эмігрантам. Стварэнне альтэрнатыўнага беларускага пашпарта набыло незвычайную актуальнасць. Аказалася, што нібыта «марная» задума неўзабаве стала вельмі запатрабаванай. Аказалася, што лепш апынуцца на паўдарозе, чым пачынаць шлях «з нуля».
Паглядзім, як будзе развівацца гэтая ініцыятыва. Але тое, што яна стала вельмі перспектыўнай — гэта дакладна.
Прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці. Гэта яшчэ адзін перспектыўны кірунак працы, які, па-першае, дазволіць ацаніць дзеянні рэжыму ў Беларусі ў будучыні, і па-другое, не дае сысці Беларусі з сусветнай павесткі дня.
Пасля таго, як Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Расіі Марыі Львовай-Бяловай, абвінавачаных у незаконнай дэпартацыі і незаконным перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію, Павел Латушка і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне пачалі збор аналагічных кейсаў у дачыненні да Лукашэнкі. У канцы чэрвеня НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд доказы датычнасці да вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў беларускай улады.
І можна было б шмат казаць пра марнасць такіх намаганняў, пра «палітызаванасць» гэтай справы і гэтак далей. Але гэтыя дзеянні значна ўскладняюць становішча беларускага МЗС і самога Аляксандра Лукашэнкі ў свеце. Бо адна справа — «паручкацца» з дыктатарам, а іншая — з падазраваным у ваенных і гуманітарных злачынствах. Калі такія дакументы «стрэляць» — сказаць немагчыма, але справа гэтая важная і цікавая.
Стратэгічны дыялог ЗША і беларускіх дэмакратычных сілаў. Гэтая падзея можа падацца крыху нязначнай і неканкрэтнай, асабліва на фоне таго, што Святлана Ціханоўская раней сустракалася з прэзідэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам. Але насамрэч яна азначае пэўны паварот у стаўленні ЗША да Беларусі.
Зазвычай азначэнне «Стратэгічны дыялог» выкарыстоўваецца Штатамі для супрацоўніцтва з краінамі, а не з палітычнымі сіламі. Беларусь сталася выключэннем з гэтага шэрагу. Вынік можа быць вельмі канкрэтны. Шмат хто казаў, што ў ЗША і Еўропе няма ніякай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі як самастойнай дзяржавы. Шмат казалася пра тое, што ў ЕС і ЗША Беларусь аддалі ў «зону ўплыву Расіі», і ўвесь час успрымалі нашую краіну як своеасаблівы, але «прыдатак» Расіі.
Цяпер сітуацыя мусіць змяніцца — прынамсі, у Штатах. Апроч таго — гэта моцны сігнал па захаванні незалежнасці Беларусі. Прынамсі, калі раптам Пуціну захочацца далучыць РБ да Расіі, Штаты гэта наўрад ці прызнаюць.
«Мы чакаем, што ў выніку з'явяцца выразная стратэгія і дарожная карта, а таксама канкрэтныя праекты, якія дапамогуць вярнуць Беларусь да дэмакратыі, вызваліць палітвязняў, захаваць незалежнасць Беларусі. Мы чакаем ад ЗША яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз Пуціну, што Беларусь зможа разлічваць на падтрымку аднаўлення эканомікі і што ЗША падтрымаюць еўрапейскую перспектыву для Беларусі», — казала Ціханоўская пра свае чаканні ад гэтага дыялогу.
Спраўдзіцца гэта ці не, але мусім вызнаць: першы крок да гэтага зроблены. І яшчэ раз паўторымся — гэта моцны крок да захавання незалежнасці Беларусі.