Ціханоўская: Упэўненая, што шмат беларусаў за еўрапейскі шлях, хоць не ўсе могуць аб гэтым сказаць

У вялікім інтэрв’ю «Еўрарадыё» Святлана Ціханоўская падвяла вынікі года і распавяла, што дапамагае ёй працягваць барацьбу.

Фота «Еўрарадыё»

Фота «Еўрарадыё»

Стома

— Вядома, стомленасць ёсць, і кожны дзень ёсць думкі пра тое, ці не кінуць усё, — прызнаецца Ціханоўская. — Але цяпер не час займацца асабістымі праблемамі. Ты кожны дзень павінны думаць, што зрабіць, каб наблізіць вызваленне нашых людзей. Тут не да адпачынку. Ну, стомленая і стомленая. Няма выбару — паднялася і ідзі далей.

Скандалы, канешне, не дадаюць моцы. Але я стараюся не ўнікаць ва ўсе скандалы, гэта ваш [журналісцкі] прыярытэт. Бо калі ўнікаць ува ўсе скандалы, хто ж працаваць будзе?

Зміцер Лукашук не паверыў Святлане Ціханоўскай у тым, што толькі высокая мэта прымушае яе кожны дзень рухацца далей, і спытаў — мабыць, ёсць нешта вельмі асабістае, што дае моцы?

— Боль і людзі. Кожны канкрэтны чалавек у турме. Боль, які адчуваеш за кожнага чалавека ў турме. Гэта боль, які ператвараецца ў тваю дзейнасць. А таксама мяне натхняюць маленькія перамогі беларускіх супольнасцяў.

Вынікі года

Структуры, якія збудавалі беларускія дэмсілы, не разваліліся, нягледзячы на спробы прапаганды — і гэта добры вынік. Ціханоўская заўважае і крыўду з боку беларусаў, ёсць непаразуменне — але і з гэтым беларусы спраўляюцца дзеля агульнай мэты.

— Але ўсе дасягненні перакрэсліваюцца тым, што нашыя родныя — у турмах, а мы — не дома.

Лідарка беларускіх дэмсіл прызнае, што ўсе перамогі гэтага года адбываліся не ўнутры Беларусі, а на міжнароднай арэне.

— Тут можна шмат чаго зрабіць, беларусы, якія выехалі, могуць зрабіць нашмат больш за тых, хто застаўся.

Тое, што мы фармалізуем адносіны з краінамі — гэта вялікае дасягненне. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, але калі ты ўжо фармалізаваў адносіны, гэта значыць, што хто б потым не прыйшоў, гэтая платформа застанецца, і Беларусь будуць у гэтай краіне абмяркоўваць.

Сярод перамогаў гэтага году — паляпшэнне адносінаў з Украінай.

— Сёлета прайшла вялікая канферэнцыя з палком Каліноўскага, а на канферэнцыі 9 жніўня мы вырашылі свой геапалітычны лёс: наша будучыня — у Еўропе.

А можа, беларусам у Беларусі не патрэбны еўрапейскі шлях?

Інтэрв’юер Зміцер Лукашук пытаецца ў Ціханоўскай — ці не зашмат бярэ на сябе Офіс, абіраючы еўрапейскі шлях для Беларусі? Ніхто не праводзіў рэферэндум — адкуль нам ведаць, куды насамрэч хочуць беларусы?

— А ці не зашмат бярэ на сябе нелегітымная ўлада, калі зрабіла з нашай краіны суагрэсара? — перапытвае Ціханоўская. — Мы выбіраем свабодную, дэмакратычную краіну. Я ўпэўненая, што шмат беларусаў за еўрапейскі шлях, за Еўропу, хоць не ўсе могуць аб гэтым сказаць.

Казаць пра далучэнне да NATO рана, бо гэта не геапалітычны, а ваенны выбар.


Глядзіце таксама

Беларуская мова

Чым для Ціханоўскай з’яўляецца беларуская мова? Перайсці на беларускую параілі «шэрыя кардыналы»?

— Параіць можна што заўгодна, але калі не можаш і не хочаш — не будзеш рабіць. У мяне павялічылася беларускамоўнае атачэнне. Але больш за ўсё паўплывала тое, што знік сорам, які быў у дзяцінстве, калі табе казалі, што беларуская мова — вясковая.

І прыйшло разуменне, што такое мова для нацыі. Гэта аснова, гэта падмурак. Без мовы мы можам забыць аб нацыянальнай ідэнтычнасці. І прыйшоў гонар за тое, што мова ў нас ёсць.

Ціханоўская кажа, што яе дачка паміж кніжкай на рускай і беларускай мовах абярэ беларускую.

Калі б у Ціханоўскай быў бюджэт, на што б пайшлі грошы?

На адукацыю і культуру, ці на сілавы сцэнар звяржэння рэжыму Лукашэнкі?

— Не выдаецца дапамога аднаму чалавеку ці адной арганізацыі. Мы як Офіс, можа, і апошнія ў чарзе на дапамогу. Калі мы тлумачым партнёрам неабходнасць дапамагаць беларусам, мы кажам пра медыя, культуру, адукацыю. А палітычнай структуры даволі цяжка атрымаць дапамогу.

А пытанне пра «тое ці тое» стварае фальшывую дылему. Важна ўсё. Важна падтрымліваць нацыянальную ідэнтычнасць, бо без яе не будзе Беларусі. Без культуры, без моцнай нацыі ў выніку гвалтоўнай змены ўлады на змену Лукашэнку прыйдзе такі ж узурпатар, які будзе катаваць людзей.

І калі выдзяляюцца грошы на культурныя праекты, ты не можаш накіраваць гэтыя грошы на нашых добраахвотнікаў.

Расчараванне і натхненне года

Ціханоўская кажа, што расчараванні ў людзях таксама яе напаткалі, але імёны называць адмаўляецца. Але ж унутры яе каманды расчараванняў не было.

А вось імёны тых, хто Ціханоўскую натхняе, лідарка дэмсілаў называе ахвотна:

— Мяне натхняе шмат людзей. Перш за ўсё людзі, што працуюць з палітзняволенымі і іх сем’ямі. І тыя, хто займаецца культурнымі праектамі. І тое, што ўпершыню будуць выдзеленыя сродкі менавіта на культуру — вялікае дасягненне. Для нашых партнёраў таксама стала зразумела, што без культуры не будзе нацыі.

А таксама нашыя нябачныя героі ўнутры Беларусі. Яны тут, яны працуюць — пад вельмі вялікімі рэпрэсіямі. Гэтых герояў не бачна, але яны ёсць.

А таксама героі з сістэмы, якія даюць нам інфармацыю.


Глядзіце таксама

На што гатовая Ціханоўская дзеля палітвязняў?

— Якія прапановы? — пытаецца Святлана. — Я гатовая працаваць з ранку да позняга вечара, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Ключы ад турмаў не ў нас — яны ў рэжыму.

 А калі б да Ціханоўскай прыйшлі «кур’еры» ад рэжыму і прапанавалі дыялог у абмен на саступкі?

— А якія ўмовы? А колькі чалавек адпусцяць? Калі гэта перамовы аб будучыні Беларусі — яны могуць быць. А «заткніцеся, а мы тут зробім пацяпленне» — гэта не перамовы.

Калі кажуць, што патрэбныя перамовы — канешне, патрэбныя. Але трэба разумець, што хоча рэжым. Дарэчы, мне здаецца, што зараз палітвязні — гэта толькі нашая праблема. А трэба зрабіць так, каб гэта стала праблемай і для рэжыму. Што для гэтага зрабіць? Больш ціску.

А можа ключы ад беларускіх турмаў… ва Украіне?

Не, не варта чакаць, што нехта прыйдзе з Украіны і адкрые турмы, кажа Ціханоўская.

— Але перамога Украіны дасць нам магчымасць скарыстацца слабасцю рэжыму і Расіі і пачаць дзейнічаць самім.

Вынікі году: Беларусь у кроку ад грамадзянскай вайны?

— Беларусы ваююць супраць нелегітымнай улады. Гэта не грамадзянская вайна. Гэта сістэма, у якой не так шмат людзей, якая мае зброю, можа забіваць і катаваць і якая адзіная пралівае кроў. Так, мяне пужае, што яны могуць згвалтаваць яшчэ больш людзей. Але я за негвалтоўныя спосабы супраціву.