Пашпарт новай Беларусі: Чаму гэта важны праект

Пакуль скептыкі кпяць з высілкаў дэмакратычных сіл дабіцца прызнання альтэрнатыўнага пашпарта, праект жыве і падарожнічае па еўрапейскіх сталіцах. Нават калі ў ЕС адмовяць легітымізаваць прапанаваны дакумент, беларускія эмігранты перамогуць у іншым.

Эскіз новага беларускага пашпарта. Скрыншот з відэа АПК

Эскіз новага беларускага пашпарта. Скрыншот з відэа АПК

Гэтымі днямі Святлана Ціханоўская наведвае Вялікабрытанію з чарговым візітам. Сярод іншага на парадку дня далейшае прасоўванне праекта пашпарта новай Беларусі. Лідарка дэмакратычных сіл ужо не першы месяц даводзіць да заходніх палітыкаў, што БЧБ-пашпарт неабходны тысячам беларусаў, над якімі вісіць пагроза страты легальнага статусу для пражывання за мяжой.

Заходнія палітыкі слухаюць. Пакуль нічога не вырашаюць і нават не абяцаюць, але пытанне застаецца на слыху.

На пачатку верасня гэтае пытанне моцна завастрыў Лукашэнка. Ён падпісаў сумна вядомы «пашпартны ўказ», які забараняе замяніць альбо падоўжыць тэрмін дзеяння дакументаў наўпрост за мяжой — па звароце ў беларускую амбасаду.

Цяпер так. Хочаш новы пашпарт? Прыязджай у Беларусь і зрабі яго ў МУС. Актыўнічаў у 2020-м, пісаў каментары, нязгодны з «дзеючай уладай»? Тады спачатку адсядзі ў турме, а потым аформі новы пашпарт. Не варыянт? Нічым не можам дапамагчы. Жыві ў сваёй «загніваючай» Еўропе без дакументаў.

Ці не разумеючы гэтага, ці аслепленыя прагай помсты апанентам, лукашэнкаўцы, канешне, стварылі моцны дыскамфорт палітычным эмігрантам — але і разрэкламавалі праект новага пашпарта так, што пэўны час пра гэта гаварыла ледзь не ўся Еўропа. Дый дагэтуль гаворыць, бо праблема ёсць, і яе неяк трэба вырашаць.

Глядзіце таксама

У інтэрв’ю расійскаму незалежнаму выданню «Новая газета. Еўропа» 17 кастрычніка Святлана Ціханоўская распавяла, як ідуць справы з новым пашпартам. Паводле яе слоў, зараз вырабляюцца ўзорныя экзэмпляры, якія мусяць быць адпраўленыя ў адпаведныя міністэрствы еўрапейскіх краін. «Тады яны паглядзяць, як гэты дакумент суадносіцца з іх унутранымі законамі і ці ёсць магчымасць прызнання такога пашпарта. Вядома, тут патрэбна палітычная воля, і мы ўжо вядзем кансультацыі з многімі краінамі, паведамляем ім пра тое, што будзе зроблены такі крок. Значыць, яны могуць загадзя падрыхтавацца», — сказала палітык.

Ціханоўская дадала, што «паколькі падобнага ніколі раней не рабілася, вядома, будуць асцярогі, вядома, будзе непаразуменне, але заўсёды нешта робіцца ўпершыню». Пры гэтым, запэўніла яна, «катэгарычных адмоваў мы не чуем».

Глядзіце таксама

Варта адзначыць, што ў праекта шмат крытыкаў — як сярод вядомых беларусаў (палітыкаў і экспертаў), так і ў колах звычайных эмігрантаў. Калі адкінуць ад гэтай плыні папулісцкія абвінавачанні, што «штабы проста вырашылі папіліць чарговы бюджэт» і «нажыцца на праблемах людзей», то прэтэнзія, па сутнасці, застанецца адна. Але важкая: маўляў, у Еўропе вялікае значэнне мае прэцэдэнтнае права, і прызнаннем альтэрнатыўных беларускіх пашпартоў можна выпусціць з бутэлькі джына. Бо тады таго ж самага захочуць бежанцы з іншых краін— афрыканскіх, азіяцкіх і г. д. Уключаючы Расію з яе «пашпартам харошага рускага».

Патрэбны Еўропе гэты гемарой? — рытарычна кажуць скептыкі. І дадаюць: на Захадзе і так хапае інструментаў, каб даць дазвол на жыхарства замежнікам, якім пагражае пераслед на радзіме. У той жа Польшчы, напрыклад, даюць «праязны дакумент», і ён цалкам замяняе пашпарт — і дазваляе падарожнічаць па цывілізаваным свеце.

Аргументацыя, што і казаць, слушная. І самі дэмакратычныя сілы яе не аспрэчваюць. І ўсё ж, кажа Ціханоўская ў інтэрв’ю, «мы зробім усё магчымае, каб прызнаць гэты дакумент».

Аддаючы належнае гэтай веры ў поспех, зазначым, што нават пры дрэнным сыходзе справы праект новага пашпарта павінен прынесці плён.

Чаго, уласна, дамагаюцца дэмсілы са сваім БЧБ-дакументам? Камфортнага і, галоўнае, — сістэмнага вырашэння праблемы паўнавартаснай легалізацыі беларусаў за мяжой. Каб людзі ўладкоўваліся не кожны сам па сабе, як цяпер з тымі «праязнымі дакументамі», а цэлай сацыяльнай групай. У рамках нейкай адмысловай праграмы, прынятай з поўным разуменнем цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца беларусы. Асабліва — у той недалёкай перспектыве, калі людзей з пратэрмінаваным пашпартам стане занадта шмат.

Дык вось калі казаць пра спецыяльны механізм, то пашпарт новай Беларусі — гэта проста адзін з меркаваных інструментаў. Прапанаваны беларускім бокам. У яго ёсць хібы, рызыкі, недасканаласці. Але якія іншыя варыянты? Што можа прапанаваць Еўропа, якая проста не можа ўзяць і дыскрымінаваць людзей, пацярпелых ад дыктатуры?

Магчыма, Еўропа нешта і прыдумае. Імаверна, не ўся, а толькі тая частка, дзе беларусаў шмат, — Польшча, Літва, Германія і г. д. Ужо зараз гэтыя працэсы ідуць. Тыя ж літоўцы разглядаюць варыянт выдачы беларусам ВНЖ і «пашпартоў замежніка» адразу на тры гады. Палякі таксама могуць нешта спрасціць, хаця там і так бюракратыя ўсяляк спрыяе беларускім перасяленцам. Ну і іншыя краіны маглі б нейкі крок насустрач зрабіць, урэшце, не так шмат там антылукашэнкаўскіх эмігрантаў, у якіх пакуль яшчэ дзейнічае сіні пашпарт з «гербам-капустай».

Пашпарт новай Беларусі ў гэтым сэнсе важны як сродак, а не мэта. З яго дапамогай праматуецца праблема, падкрэсліваецца яе важнасць, прыцягваецца да яе ўвага, яна абмяркоўваецца на розных узроўнях, уключаючы медыйны. І ў выніку набывае той маштаб, які патрабуе выразнага вырашэння.

Дэмсілам важна адбіць гэтую атаку Лукашэнкі, якія захацеў яшчэ больш прыціснуць «беглых». Паказаць Мінску дулю ў адказ за той антыканстытуцыйны «пашпартны ўказ». Але, мусіць, важна гэта і таму ж Еўрасаюзу, які чамусьці не можа ўзмацніць санкцыі, але ў стане даць адпор лукашэнкаўскай дыктатуры ў сваёй юрысдыкцыі.

Калі гэта атрымаецца, то праект пашпарта новай Беларусі цалкам сябе апраўдае. Нават калі так і застанецца блакітнай марай той часткі эміграцыі, якая так хоча насіць у кішэні дакумент з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам.