Макей хоча «неканфрантацыйнага» саміту «Усходняга партнёрства» у Рызе

Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей на сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы і ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства» падкрэсліў неабходнасць неканфрантацыйных падыходу да правядзення саміту «Усходняга партнёрства».



get_img_1_22.jpg

«Макей прадставіў пазіцыю Рэспублікі Беларусь у дачыненні да «Усходняга партнёрства», акцэнтаваўшы неабходнасць неканфрантацыйнага, прагматычнага падыходу да правядзення Рыжскага саміту УП», — паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе МЗС.

Паводле інфармацыі прэс-службы, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі перспектывы дзейнасці «Усходняга партнёрства», магчымасці наладжвання дыялогу паміж ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам, іншыя аспекты агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва.

Акрамя таго Макей правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам Еўракамісіі, міністрамі замежных спраў краін-членаў ЕС і краін-партнёраў УП, падчас якіх абмяркоўваліся стан і перспектывы развіцця беларуска-еўрапейскага дыялогу, а таксама двухбаковых адносін.

У рамках візіту таксама адбыліся перамовы Макея з намеснікам прэм’ер-міністра — міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славацкай Рэспублікі Міраславам Лайчакам. «Бакі разгледзелі магчымасці пашырэння беларуска-славацкага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеяння па лініі Беларусь — ЕС», — дадалі ў прэс-службе.

Як паведамлялася, Макей 14-15 мая наведвае з рабочым візітам Браціславу (Славакія) для ўдзелу ў штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы (Венгрыя, Польшча, Славакія, Чэхія) і краін-удзельніц ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Сустрэча была прысвечана падрыхтоўцы Рыжскага саміту УП, якая пройдзе ў Рызе 21-22 мая 2015 года.