Беларусь і ЕС знялі ключавыя рознагалоссі на візавых перамовах
Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам знаходзяцца ў завяршальнай стадыі, ключавыя рознагалоссі знятыя. Разам з тым незразумела, ці атрымаецца на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства 21-22 мая парафіраваць (афіцыйна ўзгадніць тэкст) пагадненне.
Пра гэта TUT.BY паведаміў старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў са спасылкай на свае дыпламатычныя крыніцы.
«Паводле маіх крыніцаў у асяроддзі еўрапейскіх дыпламатаў, перамовы па дамове аб візавай фасілітацыі і рэадмісіі знаходзяцца цяпер у завяршальнай стадыі. Бакі здолелі ўзгадніць самыя праблемныя пытанні, якія тычацца паездак па дыппашпартах без віз. Засталіся толькі тэхнічныя пытанні, на фіналізацыю якіх неабходна некалькі тыдняў. Гэта кажа пра тое, што тэкст практычна гатовы, застаецца пытанне, ці будзе ён парафіраваны падчас Рыжскага саміту», — сказаў Мельянцоў.
«Нават калі гэтага не адбудзецца, варта чакаць падпісання дамовы на працягу гэтага года, магчыма, да прэзідэнцкіх выбараў», — дадаў палітолаг.
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Майра Мора ў сваім нядаўнім інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіла, што дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму — гэта адзін з дакументаў, у дачыненні да якіх «быў намер калі не падпісаць, то парафіраваць ў межах саміту».
«Там цяпер сапраўды засталося некалькі тэхнічных рэчаў. Але я прадказаць не магу, ці ўдасца іх ўладзіць. Працэс ідзе, і думаю, што праз нейкі час мы ўбачым гэты дагавор падпісаным», — дадала дыпламат.
Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык на просьбу пракаментаваць тэхнічныя рознагалоссі, якія яшчэ нібыта захоўваюцца, і верагоднасць парафіравання пагаднення на рыжскім саміце, заявіў, што «цікавіцца, якія тэхнічныя праблемы ў нас застаюцца, мэтазгодна у таго боку, які заяўляе аб іх наяўнасці», і ўстрымаўся ад далейшых каментароў.
Нагадаем, з ініцыятывай пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму выступіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні ў лістападзе 2013 года. Пасля падпісання і ратыфікацыі дакумента кошт шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі можа знізіцца з 60 да 35 еўра.