Мінкульт зварочвае на сучасныя рэйкі

Праз чатыры месяцы пасля прызначэння міністр культуры Беларусі Павел Латушка выступіў з падрабязнай справаздачай пра зробленую працу, а таксама паабяцаў рэалізаваць шэраг праектаў, якія мусяць паспрыяць развіццю гэтай сферы. Паводле слоў маладога і надзвычай актыўнага міністра, надышоў час пераходзіць ад дзяржзамовы да працы ў рэчышчы рынку, то бок на грунце самаакупальнасці і інстытута прадзюсерства. Да таго ж Павел Латушка паабяцаў у бліжэйшай будучыні правесці рэарганізацыю Міністэрства культуры.

Фарміраванне іміджу праз культуру



b8c27b7a1c450ffdacb31483454e0b54.jpg

Праз чатыры месяцы пасля прызначэння міністр культуры Беларусі Павел Латушка выступіў з падрабязнай справаздачай пра зробленую працу, а таксама паабяцаў рэалізаваць шэраг праектаў, якія мусяць паспрыяць развіццю гэтай сферы. Паводле слоў маладога і надзвычай актыўнага міністра, надышоў час пераходзіць ад дзяржзамовы да працы ў рэчышчы рынку, то бок на грунце самаакупальнасці і інстытута прадзюсерства. Да таго ж Павел Латушка паабяцаў у бліжэйшай будучыні правесці рэарганізацыю Міністэрства культуры.
Фарміраванне іміджу праз культуру
Міністр культуры Беларусі Павел Латушка лічыць, што культура з’яўляецца адным з важнейшых фактараў у фарміраванні іміджу краіны па-за яе межамі. У сувязі з гэтым ён звяртае ўвагу на неабходнасць пашырэння міждзяржаўнага супрацоўніцтва, а таксама на стварэнне за мяжой шэрагу культурніцкіх беларускіх цэнтраў. У наступным годзе Дні культуры Беларусі пройдуць у Кітаі, Славеніі і Вугоршчыне, у Расіі будзе абвешчаны Год культуры Беларусі, а ў нашых краінах-суседках — Польшчы, Літве, Украіне, Латвіі — адбудзецца цэлы шэраг культурніцкіх акцый.
Так, Міністэрства культуры накіравала запрашэнне міністру культуры Польшчы наведаць Беларусь з візітам. Плануецца сумесна ажыццявіць інагурацыю Года Шапэна ў Беларусі, што  будзе абвешчаны як сусветная акцыя.
«Мы зацікаўленыя супрацоўнічаць у рэканструкцыі і рэстаўрацыі помнікаў, музеефікацыі аб’ектаў сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны. Мы зацікаўленыя ва ўсталяванні прамога супрацоўніцтва Нацыянальных музеяў і бібліятэк Беларусі і Польшчы, сумесным удзеле ў фестывалях тэатраў, тэатраў народнага мастацтва і фальклору. Будзем працаваць над унясеннем Аўгустоўскага каналу ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА», — падкрэсліў міністр.
У прыватнасці, Павел Латушка спадзяецца, што бліжэйшым часам будзе завершана культурніцкая акцыя, якую ён распачаў яшчэ ў статусе пасла Беларусі ў Польшчы: польскі бок перадасць нашай краіне копію партрэтаў з нясвіжскай калекцыі Радзівілаў, якая ў 1950 годзе была перададзена Польскай народнай рэспубліцы па рашэнню ўрада БССР.
Шчыльная супраца наладжана і з Літвой. Напрыклад, адзін з літоўскіх тэатраў будзе ўдзельнічаць у міжнародным тэатральным фэсце «Панарама», які 7 кастрычніка адкрыецца ў Мінску, абмяркоўваецца варыянт сумеснай прэзентацыі культур Беларусі і Літвы ў штаб-кватэры Еўрасаюза ў Бруселі. Шэраг праектаў у сферы культуры будзе рэалізаваны ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». У іх ліку — праца беларуска-літоўскай экспертнай групы па культурнай спадчыне і стварэнне сумеснага беларуска-літоўскага мастацкага фільма, прысвечанага 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.
Ужо ў гэтым месяцы пройдзе сумесная калегія міністэрстваў культуры, спорту і турызму па пытанні развіцця айчыннага турызму. На ёй у шэрагу іншых будуць разгледжаныя беларуска-літоўскі праект «Замкі ВКЛ» і нацыянальны «Залатое кальцо Беларусі».
Латушка нагадаў, што сёлета адбыўся З’езд беларусаў свету, у якім прынялі ўдзел і прадстаўнікі ўлады. «Вельмі важна, што адноўлены дыялог, — падкрэсліў міністр і паабяцаў, што «Міністэрства культуры будзе працягваць і пашыраць супрацоўніцтва ў сферы культуры з беларусамі замежжа».
Кіно будзе
Сёлета на кінастудыі «Беларусьфільм» плануецца выпусціць 12 мастацкіх фільмаў і 5 мультыплікацыйных. Латушка назваў адметнай з’явай у беларускай кінематаграфіі стварэнне мастацкай стужкі «Дняпроўскі рубеж», прымеркаванай да святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднак міністр падкрэсліў, што за новым паваротам у развіцці культуры ў Беларусі мусіць стаяць інстытут прадзюсерства.
«Калі мы хочам бачыць будучыню ў шоу-бізнесу ў Беларусі, нам трэба засяродзіцца на развіцці сістэмы прадзюсерства ў краіне. Гэта тое, што будзе важнейшым фактарам развіцця беларускай эстрады і кінавытворчасці. Мы зацікаўленыя ў з’яўленні новых ідэй у сферы культуры», — заявіў Павел Латушка. Ён заклікаў усіх, хто мае новыя праекты і ідэі, прапаноўваць іх Мінкульту, паабяцаўшы, што кожная такая заява будзе разгледжаная. Магчыма, дзякуючы такой палітыцы, «Беларусьфільм» урэшце зменіць сваю нефармальную назву «Партызанфільм» і пачне радаваць гледачоў насамрэч запатрабаванымі і цікавымі стужкамі.
На гастролі сваім ходам
Міністэрства культуры мае намер стымуляваць гастролі беларускіх артыстаў і мастакоў. Але і тут рыхтуецца глеба да новых умоў працы. «Як новы міністр, я разлічваю на дзейнасць дырэктараў, адміністратараў, якія адказваюць за працу таго ці іншага калектыву. Прайшоў час, калі можна было чакаць, што хтосьці прыйдзе і прапануе гастролі за мяжой. Трэба больш актыўна выходзіць на партнёраў у розных краінах свету, прапрацоўваць магчымасці ўдзелу ў розных фестывалях», — адзначыў кіраўнік культурніцкага ведамства.
Таксама чыноўнік паведаміў, што ўжо пачалася рэалізацыя плана па стварэнню апякунчых саветаў, што, паводле яго слоў, дазволіць прыцягнуць сродкі прыватных асобаў і развіць мецэнацтва.
Дарэчы, у шэрагу амбітных планаў Мінкульта — праект па запрашэнню ў Беларусь зорак сусветнага опернага мастацтва, напрыклад, Хасэ Карэраса.
Што тычыцца музеяў краіны, то Латушка прапанаваў уводзіць новыя формы працы. У якасці прыкладу ён прывёў музей народнай творчасці і побыту ў Дудутках, дзе наведвальнікі могуць і падкову на шчасце выкаваць, і гаршчок з ганчаром сабе на памяць зляпіць. «Музеі павінны развівацца і як інфармацыйныя сістэмы, — гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе Міністэрства культуры. — Сёння запатрабаваны віртуальныя экскурсіі, інтэрнэт-каталогі. Паспяхова працуе ў гэтым накірунку калектыў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, які ў красавіку 2009 года на конкурсе «Інтэрнэт-прэмія Ціба–2009» стаў пераможцам у намінацыі «Культура і мастацтва» з праектам «Музеі Беларусі».
Сумесная ахова спадчыны
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Антось Астаповіч можа быць усцешаны. Калі дагэтуль дзяржава глядзела на грамадскія ініцыятывы, што працуюць у рэчышчы аховы помнікаў, як на перашкоду, то цяпер ім быццам бы дадзена зялёнае святло.
Прынамсі Павел Латушка заявіў, што «трэба пашырыць удзел грамадскасці ў выпрацоўцы рашэнняў і падыходаў да спраў спадчыны праз грамадскі назіральны савет пры Міністэрстве культуры, якія быў створаны яшчэ ў 2002 годзе». З часам можна будзе зрабіць высновы, ці насамрэч дзеянні Мінкульта адпавядаюць заяве міністра. Цяпер у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь знаходзяцца 4 787 аб’ектаў.
Рыхтуюцца матэрыялы для ўключэння аб’ектаў спадчыны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Размова вядзецца пра палацава-паркавы ансамбль у Гомелі, фартыфікацыйныя збудаванні крэпасці ў Брэсце, драўляную архітэктуру Беларускага Палесся, царкоўнае дойлідства Беларусі абарончага тыпу.
Як утрымаць культуру ў вёсцы?
Звыш 70 працэнтаў выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў размяркоўваюцца ва ўстановы культуры рэгіёнаў. У кожную вобласць накіроўваюцца маладыя спецыялісты па спецыяльнасцях «Харэаграфічнае мастацтва», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія», «Народная творчасць». Амаль кожны трэці выпускнік накіраваны ва ўстановы культуры сяла і аграгарадкоў.
Аднак, як паведаміў намеснік міністра культуры Віктар Кураш, прыблізна траціна з маладых спецыялістаў пасля таго, як адпрацуюць па размеркаванню, з’язджаюць з вёсак і маленькіх гарадкоў. Прычын таму мноства, але найбольш істотныя, відаць, гэта невысокі заробак (за першае паўгоддзе сярэдні заробак у работнікаў сферы культуры склаў 703 тысячы рублёў, у той час як сярэдні па краіне — 937 тысяч рублёў) і праблемы з жыллём. Работнікаў культуры, паводле дзяржаўнай праграмы, няма ў спісе на выдзяленне бясплатнага жылля ў вёсках. Варта дадаць, што 12 працэнтаў работнікаў сферы культуры ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту.

Фота Юрыя Дзядзінкіна