Лаўроў не бачыць неабходнасці ў пасярэдніцтве Расіі для ўрэгулявання міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 24» выказаў меркаванне, што Маскве не трэба выступаць пасярэднікам ва ўрэгуляванні міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. Стэнаграма інтэрв'ю 1 лістапада апублікавана на сайце расійскага знешнепалітычнага ведамства, паведамляюць naviny.online.

Сяргей Лаўроў. Фота: ТАСС

Сяргей Лаўроў. Фота: ТАСС


«Не бачу якіх-небудзь правін у міжнародна-прававым плане і з пункту гледжання парушэння абавязацельстваў з боку Беларусі, — заявіў чыноўнік. — Маю інфармацыю (як і ўсе іншыя зацікаўленыя асобы), як развіваецца гэтая гісторыя. Паводле гэтых звестак, з тэрыторыі Беларусі ў Еўрасаюз спрабуюць пранікнуць тыя, хто не хоча заставацца ў рэспубліцы і жадае трапіць менавіта ў краіны ЕС».
На думку Лаўрова, патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх сілавых структур не пускаць замежнікаў нельга, паколькі «гэта разыходзіцца з прынцыпамі міжнароднага права, перш за ўсё гуманітарнага.
«Напаўістэрычныя крыкі, якія гучаць з некаторых краін ЕС, што Беларусь пры падтрымцы Расіі свядома наладжвае гэтыя патокі, не вартыя сур'ёзных палітыкаў. Гэта паказвае, што яны ўжо ў сітуацыі, калі разумеюць сваю бездапаможнасць, у тым ліку міжнародна-прававую, і зрываюцца на істэрыку», — мяркуе кіраўнік расійскай дыпламатыі.
Ён мяркуе, што ў ЕС няма адзінства па пытанні прыёму мігрантаў і прынцыповую пазіцыю выказваюць асобныя краіны. Лаўроў звярнуў увагу на тое, што «Польшча ці Літва выштурхваюць ў Беларусь бежанцаў, якія хочуць патрапіць на іх тэрыторыю», і задаўся пытаннем, «чым гэта адрозніваецца ад сітуацыі, што не так даўно адбылася ў Італіі».
«Былы міністр унутраных спраў [Італіі Матэа] Сальвіні адмовіўся прымаць на італьянскую тэрыторыю бежанцаў. Сказаў, што на шляху іх руху было некалькі краін ЕС, яны маглі б папрасіцца туды. Цяпер Сальвіні спрабуюць аддаць пад суд за тое, што ён падвергнуў пагрозе жыццё бежанцаў, якія імкнуліся сысці ад цяжкіх, катастрафічных умоў, у якіх яны жылі. Чым адрозніваюцца паводзіны прыбалтаў і палякаў ад таго, за што цяпер хочуць судзіць былога міністра?» — сказаў Лаўроў.
На думку кіраўніка МЗС РФ, развал дзяржаў, «адкуль "імпартуецца" нестабільнасць у выглядзе нелегальных мігрантаў, з'яўляецца вынікам авантур Захаду». «Іракская авантура ЗША, куды потым для "кругавой парукі" падцягнулі некалькі дзясяткаў тысяч натаўцаў і не толькі, якія прагнуць спадабацца Вашынгтону, — растлумачыў сваю думку Лаўроў. — Гэта агрэсія супраць Лівіі, правал дваццацігадовага знаходжання, голасна абвешчанага як місія па ўсталяванні міру ў Афганістане. У Сірыі спрабавалі зрабіць тое ж самае. У выніку сарвалі з наседжаных месцаў некалькі мільёнаў чалавек, якія цяпер спрабуюць з Лівана, Іарданіі, Турцыі трапіць у Еўропу».
«У нашых заходніх калег такая манера. Яны любую сітуацыю разглядаюць з той гістарычнай, храналагічнай кропкі, якая ім зручная. Лівію разбамбілі, Ірак разбамбілі. Потым пачалі ўсіх заклікаць праявіць падзеленую адказнасць за лёс бежанцаў. Мы спыталі, чаму "падзеленую"? Праблему ж яны стварылі. Яны адказалі: "Хто старое ўспомніць, таму вока прэч", гэта ўсё ў мінулым, яны ўсвядомілі, цяпер праблема ў нашых руках. Яшчэ адзін "бліскучы" прыклад гэтай логікі "адсячэння" нязручных гістарычных перыядаў — гэта Украіна», — дадаў Лаўроў.
З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю. Кіраўніцтва краін Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя абвінавачванні адпрэчваюць.