Латушка: «Рускі мір» пачынае ствараць пагрозы Лукашэнку

Прадстаўнік АПК і НАУ Павел Латушка распавёў у эфіры «Еўрарадыё», чаму на паверхню вылазяць сваркі паміж прапагандыстамі і пра тое, хто прыйшоў на замену знішчанаму ў Беларусі грамадскаму сектару.

Фота: charter97

Фота: charter97

— Пасля таго, як Лукашэнка прыняў рашэнне зачысціць нацыяльна арыентаванае беларускае грамадства, пасадзіўшы тысячы людзей у турмы, прымусова выкінуўшы за межы краіны актыўных беларусаў, ён ачысціў поле. І ён думаў, што на гэта поле змогуць увайсці такія гульцы, як БРСМ, Беларускі саюз жанчын, ветэранская арганізацыя і іншыя. Што яны змогуць замясціць гэтую функцыю.

У выніку адбылося так, што ў гэтае чыстае поле зайшлі рускія, туды зайшлі рускія агенты. Гэта «Россотрудничество», «Фонд Горчакова» і іншыя. І такія прапагандысты, як Азаронак, Бондарава — яны як бы паказваюць сваю лаяльнасць Лукашэнку, расказваючы, што ён бог і цар, але фактычна робяць усё ў інтарэсах «рускага міру».

Па нашых звестках, месяц-паўтара назад КДБ і ААЦ паклалі Лукашэнку ацэнку гэтай сітуацыі. Што ўзнікае крытычнасць уплыву рускамірскіх на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі, што стварае яму персанальную пагрозу патэнцыйнага змяшчэння з улады прадстаўнікамі Расіі.

Таму пачаліся публічныя канфлікты паміж прапагандыстамі, але ж у Лукашэнкі цяжкая сітуацыя: ён не можа закрыць іх, пасадзіць у турму за тое, што яны працуюць супраць дзяржавы, бо як на гэта адрэагуе Расія?

Латушка ўспамінае сітуацыю, калі ў Гродне на пікет выйшлі два чалавекі, якія выступалі за ўваход Беларусі ў склад РФ, але ім за гэта нічога не было.

— А калі выйдзе такіх 50 чалавек, з георгіеўскімі стужкамі ў дзень агульнага прызначэння дэпутатаў лукашэнкаўскага парламента, і скажуць, што яны тут усе за тое, каб Беларусь уступала ў Расію? Хіба Лукашэнка іх пасадзіць у турму? А што яму на гэта скажа Пуцін? Ён, канешне, загнаў у гэты кут сам сябе. Ён разумее гэту крытычную сітуацыю, але няшмат можа зрабіць.

Гэта яшчэ адзін фактар ціску на яго. Таму мы і кажам пра раскол эліт, пра тое, што сярод яго прыхільнікаў ёсць частка, якая адначасова з’яўляецца прыхільнікамі дзяржаўнасці і не хоча, каб над імі ўладу мелі  маскавіты. І гэтыя людзі патэнцыйна могуць быць падставай змен у Беларусі. Не кажу, што яны зробяць гэтыя змены, але могуць згуляць нейкую ролю ў крытычны момант пералому.

Глядзіце таксама

Таксама палітык адказаў на пытанне, ці магчымы сёння транзіт улады праз дыялог апазіцыі з наменклатурай у Беларусі праз гарантыі бяспекі ад Святланы Ціханоўскай.

— На сённяшні дзень не. Я думаю, што патрэбны ордар на арышт Лукашэнкі, бо, як я кажу, гэта чорная метка. Каб яны не думалі, што ў яго ёсць перспектывы.

Па-другое, мы павінны глядзець на сітуацыю шырэй: зараз Лукашэнка плануе ўвесці адзіны дзень прызначэння дэпутатаў парламента Лукашэнкі. Гэта не выбары, а адзіны дзень прызначэння. Ён упісваецца ў больш глабальную стратэгію, звязаную з патэнцыйным транзітам улады ў Беларусі.

Трэба прыняць за базавы сцэнар, што Лукашэнка ніколі не адмовіцца ад улады, ён хоча яе мець. І будзе да апошняга рабіць усё, каб захаваць уладу. Але ж па што ён стварыў УНС? Калі будуць прызначаны гэтыя дэпутаты, праз два месяцы павінен адбыцца сход УНС. Хто будзе яго кіраўніком? Фармальна УНС можа аб’яўляць імпічмент прэзідэнту (умоўна называем гэтую пасаду, бо Лукашэнка ім не з’яўляецца). 

І Лукашэнка дазволіць, каб хтосьці сядзеў зверху? Значыцца, мы можам разглядаць варыянт, што ён пасля гэтых выбараў становіцца старшынёй прэзідыума УНС і адначасова захоўвае за сабой узурпіраваную пасаду прэзідэнта краіны.

Пасля 2025 года ён альбо пойдзе на выбары і прызначыцца зноў, калі мы не зможам гэтаму супрацьстаяць, і будзе займаць дзве пасады. Альбо ёсць варыянт, што ён на месца прэзідэнта можа прапхнуць сваю кандыдатуру: на сённяшні дзень гэта Наталля Качанава і Віктар Лукашэнка.

Лукашэнка навучаны сцэнаром Назарбаева: той перадаў уладу Такаеву. І хто зараз Наразбаеў? Сталіцу перайменавалі, статусу пазбавілі, добра, каб не арыштавалі.

Лукашэнка ўжо не хоча такі сцэнар, таму яму патрэбны іншы, дзе ён будзе кантраляваць гэтую пасаду. Гэта забяспечыць яму можа яго сын. У прэзідэнта Туркменістана гэта ўжо адбылося. Толькі Лукашэнка будзе старшынёй УНС, а сын будзе прэзідэнтам. Але ж гэта толькі адзін са сцэнароў, — мяркуе Латушка.

Паводле «Салідарнасці»